Трактарыстка Зiнуха

Старэйшыя перадаюць навыкі моладзі, як некалі самі вучыліся прафесійнаму майстэрству ў вопытнай трактарысткі Зінаіды Цімафееўны ЧЭЧКА
Машынна-трактарны парк сельскагаспадарчага філіяла “Крывая Града” адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі сыраробны камбінат” аснашчаны самай сучаснай тэхнікай, на якой працуюць бывалыя механізатары. Старэйшыя перадаюць навыкі моладзі, як некалі самі вучыліся прафесійнаму майстэрству ў вопытнай трактарысткі Зінаіды Цімафееўны ЧЭЧКА. Чвэрць стагоддзя яна ўжо на заслужаным адпачынку, але моцна трымаецца слава пра слынную ўдарніцу мінулых пяцігодак. Ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі і граматамі адзначана яе цяжкая праца. Неаднаразова вяскоўцы выбіралі яе дэпутатам раённага Савета.



З ваеннага дзяцінства помніцца Зінаідзе Цімафееўне сцяжынка, па якой бацька нёс на руках яе і гадавалага браціка Васю да бальшака. Побач крочыла заплаканая маці. Развітаўся і разам з іншымі вяскоўцамі пайшоў на фронт. Спадзяваўся пасля вайны дабудаваць хату. Увосень 1944 года прыйшла пахавальная, што загінуў Цімафей Дубовік у баі пад Варшавай. Аўдавелую Марыю Вікенцьеўну з чатырма дзецьмі прыняла сястра мужа, якая таксама стала салдацкаю ўдавою і неўзабаве ад тыфу памерла, асіраціўшы дзвюх малых дзяўчынак. Разам са швагеркай Вольгай, у якой было сваіх трое дзяцей, падымалі на ногі дзевяцярых сірот. Дапамагала выхоўваць дзяцей незамужняя сястра мужа Алімпіяда. У першыя пасляваенныя гады сталі пакрыху абжывацца. Марыя Вікенцьеўна са старэйшымі сынамі як магла зляпіла печ ў хаце, якую не паспеў дарабіць муж. Коўдрай завесілі ўваход, два акны зашклілі, а тры забілі дошкамі і на зіму перабраліся ў свой куток, у якім падлогу замяніў гліняны ток.  

— Маці на калгаснай свінаферме парыла бульбу, — узгадвае Зінаіда Цімафееўна. — Праз паштальёнку перадавала нам дамоў па некалькі параных бульбін. Радаваліся пачастунку. На досвітку маці ішла на ферму, а мы самі ўпраўляліся з хатнімі справамі. Летам я карову пасвіла, з братамі травы ў балоце касіла. Пацягаю дзень касу і стомленая ледзьве дадому дабіраюся. У восень адпачывалі ў школе за партамі. Усіх дзяцей нашай вёскі вучыла адна настаўніца пачатковай школы Алеся Каляда. Пасля Гацукоўскай сямігодкі я падалася ў мінскае прафтэхвучылішча і атрымала прафесію швачкі. Мяне накіравалі на Гомельскую швейную фабрыку, але не было за што туды даехаць, і я вярнулася дамоў. У жонкі старэйшага брата была швейная машына “Орша”, я на ёй аднавяскоўцам вопратку шыла. Вызвалілася месца на свінаферме, пайшла свіней даглядаць. 

Прыйдзе на ферму брыгадзір, зірне на мяне і толькі галавою паківае: няўжо ў Мінску горш, што вярнулася ў вёску? 

— Якія заробкі на калгаснай свінаферме былі?

— Тады грошай не плацілі, а толькі працадні. Разам з маці мы так і працавалі. Да мяне пасватаўся мясцовы закаранелы халасцяк, які ў гады вайны дапамагаў партызанам. За гэта меў дзяржаўныя ўзнагароды. Для мяне было за гонар стаць яго жонкай. Дачка нарадзілася, а потым і другая. Дзяўчынкі падрасталі. Днямі я працавала на свінаферме, а дзяцей дапамагала глядзець маці. Так і засталася б у свінарках. Але ў нашай вёсцы адкрылі філіял Слуцкага прафтэхвучылішча механізацыі. У клубе сабралі мужчын, жадаючых вучыцца на трактарыста-машыніста шырокага профілю, і выкладчыкі з вучылішча пачалі заняткі. 

Мая сяброўка па працы Марыя Дубовік паведаміла, што яе мужу-экскаватаршчыку патрэбен памочнік. Падбухторыла мяне закончыць курсы трактарыстаў і ісці да яго працаваць. Ідэю гэту падтрымаў мой муж. Я паспяхова закончыла курсы механізатараў. Па вечарах на трактары мужа асвойвала навыкі кіравання. Мне адзінай з усіх курсаў выдалі пасведчанне трактарыста-машыніста другога класа. Усе астатнія курсанты атрымалі трэці клас.


Зінаіда ЧЭЧКА ў пяцідзясятыя гады на калгасным полі.

— Закончылі вучобу і пайшлі ў памочнікі да экскаватаршчыка? 

— Інакш склаўся мой лёс. Кіраўнік гаспадаркі адразу даверыў мне маленькі трактар “Т-40”. Уся вёска ўслед глядзела, як на ім ехала па вуліцы. Ганарыўся мой муж, а маці спачатку не ўспрымала гэта за жаночую справу. Крыху болей за паўгода адпрацавала і атрымала ключы ад новага “МТЗ-50”. Царыцай адчувала сябе. Кабіна прасторная, рухавік моцны. Яшчэ трымаўся пах свежай фарбы. Чысціла, мыла яго штодня. У нашай гаспадарцы часта мяняліся кіраўнікі. І кожны новы купляў для мяне трактар. Колькі змянілася кіраўнікоў у Гацуку, столькі разоў атрымлівала новы трактар. Зарабляла няблага. Сабралі з мужам грошы і купілі недабудаваную хатку ў Белай Лужы. Перайшлі ў яе, і так прыемна пахла хвояй. Дачушкі падрасталі. Алесю адвезлі ў спецшколу па зроку ў Маладзечна. Праз тыдзень наведвала яе. Каб зручней было да дачкі дабірацца, вырашылі купіць “Запарожац”. Павезлі заяву ў райвыканкам на набыццё аўтамашыны, а тагачасны старшыня Слуцкага райвыканкама Арлоўскі нам параіў лепш стаць на чаргу на набыццё “Масквіча”. Даволі хутка купілі яго, але вадзіцельскага пасведчання ні ў мяне, ні ў мужа не было. Зноў пайшла вучыцца. Дзень шчыравала на полі, а ў вечары імчалася без правоў на сваім жоўтым “Масквічу” ў Слуцкую аўташколу. З першага разу здала экзамен у ДАІ і атрымала правы вадзіцеля легкавога аўтамабіля.

Дачка Ганна таксама працавала трактарысткай у нашай гаспадарцы. У школе яна атрымала пасведчанне механізатара, і дырэктар саўгаса Валерый Іванавіч Чыжоў прапанаваў новы трактар “Т-25”. Адважылася і да паступлення на агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі амаль паўгода перавозіла грузы. Кожныя канікулы прыязджала з Горак дамоў і працавала ў гаспадарцы. Аднойчы сустрэла яе на Мінскім чыгуначным вакзале, і на “Масквічу” едзем дамоў. Ганна завяла размову, каб паднапружыцца і сабраць грошы на аўтамашыну “Волга”. Гадавалі свіней і цялят, эканомілі на ўсім і ўсё ж набылі белую “Волгу” за 14700 рублёў. Дзесяць гадоў ад’ездзіла я на “Масквічы” і столькі ж на “Волзе”. А як аўдавела, то прадалі яе і дачцэ Ганне кватэру купілі. 

Пасля атрымання дыплома вучонага агранома Ганна размеркавалася галоўным спецыялістам у слуцкі калгас “Трэці Інтэрнацыянал”. Завочна атрымала яшчэ вышэйшую адукацыю эканаміста,  цяпер жыве і працуе ў Смалявічах. Калі яна нарадзіла першую дачушку, яшчэ на трактары я працавала. З сабою ў поле брала ўнучку. Ёй гадкі два было, укладвала яе ў скрынку кабіны трактара, дзе ключы звычайна ляжаць. Пасцялю ёй мякенька, і дзяўчынка засыпае ў кабіне. А я паціхеньку вяду трактар па полі. А другую ўнучку я на сена з сабою ў луг брала. Павырасталі ўнучкі. Часта наведваюцца ў Белую Лужу.

— А хто вучыў на трактары пракладваць першую баразну?

— Адзін з першых нашых механізатараў Канстанцін Васільевіч Заяц, які адразу пасля вайны стаў трактарыстам. Ён так дбайна  адносіўся да свайго трактара “Беларус”, што здавалася, быццам ён толькі з заводскага канвеера. У полі даваў Канстанцін Васільевіч мне першыя ўрокі аратага. І цяпер у вушах яго словы: “Зіна, як заязджаеш у загонку, паспявай апускаць плугі, пакуль пярэдняе кола не ў баразне. Плугі не будуць наразаць непатрэбныя кругі. Застанецца роўны след”. Так я гэта засвоіла і потым іншым перадавала сакрэты вопытнага механізатара. І сына свайго Лёню, калі той пасля арміі вярнуўся ў вёску, вучыў так поле апрацоўваць, каб ніякіх агрэхаў не было. Леанід Канстанцінавіч быў у нас аграномам і брыгадзірам, механізатары ведалі яго строгія патрабаванні да іх працы. Ён прайшоў усе прыступкі росту і стаў міністрам сельскай гаспадаркі. Мы з ім спаборнічалі на палявых работах. Каля лесу я арала поле і знайшла ласіныя рогі. Леанід Канстанцінавіч іх апрацаваў, выразаў падстаўку і цудоўны сувенір вырабіў, які ўпрыгожвае мой дом. І памяць добрая засталася.

— Зінаіда Цімафееўна, вы былі адзіная трактарыстка на Случчыне?

— Яшчэ адна дзяўчына працавала на трактары ў вёсцы Замосце. Але на раённыя нарады перадавікоў запрашалі мяне. Аднойчы я там паскардзілася, што стараваты трактар у мяне. Адзін з прэзідыума паабяцаў мне новы трактар. І слова стрымаў. Вясною дырэктар саўгаса Уладзімір Паўлавіч Манькоў, з якім мы былі на той нарадзе, прыехаў да мяне ў поле і паведаміў: “Зінуха, ужо твой трактар стаіць на двары”. Перасела на новы “МТЗ-82”.

— Праца ў механізацыі напружаная з вясны да позняй восені. А яшчэ і хатнія клопаты.

— Маці і муж упраўляліся. Доўга маці трактар не ўспрымала. Нават калі прапанавала соткі пасадзіць трактарам, не згаджалася, лічыла, што толькі гультаі так садзяць бульбу. Па звычцы вяскоўцы соткі апрацоўвалі канём. Усё ж пасадзіла я бульбу саджалкай. Узышлі роўныя радкі, бульба добра ўрадзіла. І з таго часу толькі трактарам сталі апрацоўваць свае і аднавяскоўцаў соткі.

— Мелі вопыт вырошчвання бульбы?

— Да трохсот гектараў адводзілася ў гаспадарцы пад гэту культуру. І ўраджаі атрымлівалі высокія. Мне даручылі ўзначаліць адно з трох механізаваных звенняў. Па сотні гектараў бульбы прыпадала на кожнае звяно. Увосень кожны тыдзень на ўборцы падводзілі вынікі, і ў асноўным мне прывозілі на поле грашовыя прэміі. Аднойчы перамог трактарыст Уладзімір Пісарык, і яму вызначылі прэмію. Быў здзіўлены і сказаў, каб везлі прэмію мне.

Самую новую тэхніку, што прыходзіла ў гаспадарку, даручалі мне апрабаваць. Некалькі дзён асвойвала новы нямецкі бульбаўборачны камбайн з бункерам. Машына складаная, і перш чым вывесці яе на бульбяны палетак, трэба было дэталёва азнаёміцца. Працавала і на камбайне, што тры радкі бульбы займаў і па канвееры ссыпаў клубні ў аўтамашыну.

— На жніве таксама працавалі?

— Прасілася ў памочнікі да камбайнера, але кіраўніцтва лічыла, што больш патрэбна на трактары. 

Імкнулася працаваць сумленна, каб не было заўваг. Брыгадзіры наперабой прасілі, каб мяне да іх накіроўвалі, а дырэктар адказваў, што брыгад некалькі, а Зінуха адна.  

— Ці даводзілася ноччу працаваць у полі?

— І ноччу працавала. На разваротах каля лесу прама з-пад колаў скакалі дзікі і ляцелі да балота. Страшнавата было, але супакойвала сябе, што я ў кабіне трактара. 

— Якая праца ў полі вам была больш па душы?

— Баранаваць і культываваць не любіла, і гэта ведалі ў гаспадарцы. Іншая справа выйсці з плугамі ў поле, калі зямля пасля зімы толькі прачынаецца. Пластамі кладзецца яна за плугамі. Азірнешся, і здаецца свежаўзараная ралля дыхае. Ад яе пара ўздымаецца. Сеяць збожжавыя, садзіць бульбу любіла. Прырода як магічная чараўніца. Кволыя парасткі зеляніны на вачах мяняюць прастору. Толькі ў гармоніі з прыродай можна мець поспех. Цеплыню нашых рук поле адчувае і адказвае.

Да любога даручэння ставілася сур’ёзна. Аднойчы пасля працы нядбалага механізатара галоўны аграном загадаў мне навесці парадак на краю дрэнна ўзаранага поля. Усё старанна выканала. Побач працаваў яшчэ адзін механізатар. І назаўтра на ранішняй нарадзе неахайнаму трактарысту перад усімі сказаў, каб павучыўся ў Зінухі культуры працы ў полі. І дадаў, што я так ладна ўсё там паправіла, аж ступаць няёмка было на ўзбітае, нібыта пух, ворыва. 

Бывалі і такія механізатары, што пятлю ў тросе завязаць не ўмелі і прасілі мяне гэта зрабіць. Вучыла іх, што не сілай, а ўменнем гэта робіцца.

— У мужчынскім асяроддзі і моцнае слоўца часам вылятала. Як вы на гэта рэагавалі?

— І я часам не стрымлівалася. Пакуль з мужчынамі побач не працавала, такога сабе не дазваляла. Але дома трымала язык за зубамі. 

— Калі мужчыны на мехдвары перакурвалі, а вы як бавілі гэты час?

— Газету пачытаю ці проста паразважаю ў такі момант. Але часцей за ўсё нам было не да перакураў. Спяшаліся справіцца з рамонтам, каб тэхніка ў працы не падводзіла.

— Зінаіда Цімафееўна, калі зараз праедзе па вёсцы трактар, хочацца за руль, як у былыя гады?

— Ужо крыху ўтаймавалася. Чвэрць стагоддзя адпачываю. Першыя гады пасля выхаду на пенсію, як толькі пачую рухавік, гатова была бегчы ўслед. Асабліва вясною, калі яшчэ гулка і з поля даносіліся звычныя мне гукі, так і цягнула на прастор. Стрымлівалася і быццам супакоілася. Але сэрцу не прыкажаш. У снах дагэтуль — апантаная трактарыстка.

А НА ПАДВОРКУ Зінаіда Цімафееўна Чэчка адмысловая гаспадыня. На роўных загонах агарода высаджаны памідоры, капуста, зелянеюць цыбуля, часнок і іншая гародніна. А ў палісадніку цесна ад пярэстых кветак. Разам з дачкою Алесяй упраўляецца па гаспадарцы. Іх акуратна дагледжаны дом з квітнеючымі бэзам і язмінам, разгалістымі яблынямі і вішнямі ў садку ўпрыгожваюць галоўную вуліцу ціхай слуцкай вёскі Белая Лужа. 

Уладзiмiр СУБАТ

Слуцкі раён

Фота аўтараі з сямейнага альбома З. Ц. ЧЭЧКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter