Наш карэспандэнт высветліў, якія беларускія тавары прадаюцца ў Маскве

Той самы смак

Наш карэспандэнт высветліў, якія беларускія тавары прадаюцца ў Маскве


Знайсці беларускія прадукты ў Маскве нескладана. Амаль ва ўсіх магазінах для малочкі і каўбасных вырабаў з Беларусі выдзелены невялікія месцы на вітрынах.


Магазіны беларускіх прадуктаў у Маскве карыстаюцца папулярнасцю— Год назад, калі былі ўведзеныя санкцыі і стала немагчыма гандляваць еўрапейскай прадукцыяй, паліцы апусцелі, — успамінае менеджар буйной маскоўскай сеткі магазінаў Наталля. — Трэба было тэрмінова шукаць пастаўшчыкоў, айчынныя прадпрымальнікі доўга разварушваліся. А вось беларусы адрэагавалі імгненна. Гавораць, вядома, што яны разам са сваёй прадукцыяй пастаўляюць і еўрапейскую. Але тут я нічога не магу сказаць. Па дакументах усё чыста — усе сертыфікаты беларускія, прадукцыя якасная, народ за гэтым брэндам ідзе. Астатняе — не наша справа.

І ўсё-такі ў сеткавых магазінах можна знайсці толькі малую частку беларускіх прадуктаў.

— І ўсё таму, што ў нашай прадукцыі ў асноўным тэрмін захоўвання кароткі, — тлумачыць Сяргей Трошын, уладальнік двух магазінаў беларускіх тавараў. — Усё сапраўднае, а не кансерванты, якія могуць гадамі захоўвацца.

Мяркуючы па статыстыцы, тавараабарот паміж Расіяй і Беларуссю скараціўся. У чым жа праблема?

— Крызіс адчуваецца, — скардзіцца прадпрымальнік Сяргей Трошын. — Людзі ў прынцыпе сталі менш купляць не толькі беларускія прадукты, а наогул.

На ВДНГ

Дзе ж шукаць беларускія прадукты, як не ў павільёне “Беларусь” на ВДНГ. Унутры прыгожага будынка шматлюдна. Сярод калон у хаатычным парадку манекены ў халатах, сарафанах і сукенках, вешалкі з іншай вопраткай, палаткі з касметыкай — усе тавары беларускай вытворчасці. Пакупнікі стаяць каля кожнага гандлёвага пункта.

— У магазінах усё падаражэла, вось мы і пераходзім з імпарту на беларускае, — тлумачыць масквічка Марыя Іванаўна, якая прыйшла выбраць сабе вопратку.

Прадуктовыя прылаўкі стаяць убаку, гэта значыць у куце. Але пакупнікоў гэта не асабліва бянтэжыць.

— Увесь тавар разбіраюць, — расказвае прадавец. — У асноўным на ВДНГ прыходзяць турысты, але і масквічоў дастаткова. Я сама з Беларусі, у нас стараюцца ставіць беларусаў прадаўцамі. Не, вядома, не з-за дыскрымінацыі, проста я на ўсёй гэтай прадукцыі вырасла. Я магу расказаць, напрыклад, як гатуецца вось гэты “Сальцісон”. Крывяная каўбаса, яна вельмі карысная.

Але паглядзець на ўвесь асартымент беларускіх тавараў на ВДНГ не ўдалося. Затое прадаўцы параілі з’ездзіць на Баграціёнаўскі рынак.

Настальгія па ДАСТах

Побач з метро “Баграціёнаўская”, не даходзячы да самога рынку, стаяць палаткі з садавінай-гароднінай ды іншымі прысмакамі. Цікаўлюся, дзе ж тут можна купіць беларускія прадукты.

— Ды што ж вы ўсе звар’яцелі на гэтых беларускіх прадуктах! — раўніва абураецца прадавец. — Гэта кірмаш Марый Эл, і ў нас не горшая прадукцыя. Паспрабуйце спачатку, а потым вырашыце, што лепшае.

У невялікім магазіне “Беларускія прадукты”, які знаходзіцца на тэрыторыі самога рынку, пастаянная чарга.

— Мне як заўсёды, будзьце ласкавыя, і яшчэ колца кракаўскай, — просіць пажылая жанчына прадаўца. — І кефіру бутэлечку.

Асартымент і патрыятызм у гэтым магазіне ў дастатку — тавары стаяць шчыльна на кожнай паліцы, сцягі вісяць на сцяне. Як растлумачыў гаспадар магазіна Сяргей, упрыгожваў ён памяшканне на свой густ, ніхто яго не прымушаў. Да таго ж пакупнікам падабаецца, у галовах многіх гэта таксама знак якасці.

— Чаму купляю менавіта тут? Дык якасць у беларусаў захавалася яшчэ з савецкіх часоў, — тлумачыць Зінаіда Рыгораўна, былы работнік мясакамбіната, а цяпер пенсіянерка. — У нас жа загубілі ўсе ДАСТы, а беларусы захавалі той самы смак.

Пра “той самы смак” гаварыла большасць апытаных мною пакупнікоў. “Як у дзяцінстве”, “Як у Саюзе было”, — гаварылі яны з настальгіяй. Атрымліваецца, цяперашні трэнд настальгіі па савецкім мінулым працуе на карысць беларускіх прадуктаў.

Фасад магазіна “Закрома Беларуси” ўпрыгожаны стылізаваным вясковым плотам, а завяршае дызайн кошка на ганку. Яе тут ведаюць і прадаўцы, і пакупнікі.

— Увесь раён да нас ходзіць, — расказвае прадавец магазіна. — А што ж вы хочаце, якасць прадуктаў найлепшая! Я ў адпачынку была і ў Расіі, і за мяжой, дык нічога есці не магла. Прывыкла я да беларускай якасці. Няпраўда, што ў нас толькі пажылыя людзі купляюць. Маладых шмат, асабліва хто з дзецьмі.

Асартымент тут сапраўды багаты. Ад беларускага піва, чыпсаў, малочных прадуктаў, кансерваў, мясных прадуктаў да свежага хлеба.

— У дзве гадзіны ночы хлеб дастаюць з печы ў Беларусі, а ў дзве гадзіны дня ён ужо ў нас на паліцы, — хваліцца прадавец.

Паводле яе слоў, санкцыі асабліва на колькасці пакупнікоў не адбіліся. Затое паўплывала абясцэньванне рубля. У снежні мінулага года прыйшлося ўсе цэннікі змяніць у бок павышэння. Але ў пачатку гэтага года гаспадар магазіна цэны крыху апусціў, на 20-50 рублёў у залежнасці ад прадукту.

Нігіна Бяроева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter