Той, хто шукае скарбы

Пісьменнік Уладзімір Мазго, якога землякі ўшанавалі званнем “Ганаровы жыхар Зэльвенскага раёна”, прэзентаваў новую кнігу
Пісьменнік Уладзімір Мазго, якога землякі ўшанавалі званнем “Ганаровы жыхар Зэльвенскага раёна”, прэзентаваў новую кнігу

Вы цікавіцеся літаратурным жыццём у беларускай культурнай прасторы? Ведаеце паэта Уладзіміра Мазго? То здзівіцеся, пабачыўшы на паліцах кнігарань ці на сайце Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда” чарговую яго кнігу “Адвечныя скарбы Радзімы”. Гэта не паэтычны зборнік. За больш чым сорак гадоў працы на ніве слова — а друкуецца ўраджэнец “кутка паэтаў” Зэльвеншчыны з 1972 года — Уладзіміра Мазго асвоіў розныя жанры. Быў час, калі песні на яго словы гучалі на тэлебачанні і радыё, іх спявалі вядомыя артысты краіны. Лепшыя творы ўвайшлі ў паэтычныя зборнікі “Пад спеў крыніц”, “Вершаліна”, “Марафон”, “Анёл нябесны”. Паралельна ён шмат пісаў і вершаў для дзяцей — таксама зборнікі выходзілі. Працаўнік ушанаваны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літпрэміяй “Залаты Купідон”. Землякі таксама яго адзначылі: на сайце Зэльвенскага райвыканкама пад рубрыкай “Героі Зэльвеншчыны” чытаем, што намесніку галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Уладзіміру Мінавічу Мазго ў 2008 годзе прысвоена званне “Ганаровы жыхар Зэльвенскага раёна”.
І вось — “змена жанру”… На прэзентацыі кнігі “Адвечныя скарбы Радзімы” ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі гаварылі пра выданне, пра Уладзіміра Мазго і — шырэй — пра ролю творцаў, рупліўцаў роднага слова ў зберажэнні гістарычнай і духоўнай спадчыны роду і народу. На імпрэзу прыйшлі як калегі-пісьменнікі, так і літаратуразнаўцы, мастакі. Размова атрымалася па-сяброўску цёплай і па-дзяржаўнаму важнай. Бо, падкрэслівалася, кожны сапраўдны паэт — а Уладзімір Мазго менавіта з такіх — дбае не толькі пра ўласны кавалак хлеба, але і, як мудра сказаў калісьці Янка Купала, “пра родны загон Беларусі”. Госці знаёміліся з выданнем, з кніжнай экспазіцыяй Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечанай духоўным і архітэктурным скарбам Бацькаўшчыны.
А пра што ж кніга? Аўтар сам спасцігае каштоўнасць таго, што мы маем, нібы ўзважвае скарбы з мінулых стагоддзяў на вагах сваёй паэтычнай душы. Ён запрашае чытачоў адкрыць для сябе таямніцы старажытнага Бярэсця, зірнуць на свет праз байніцы Сынкавіцкай царквы-крэпасці, наведаць Дрыбін, які лічыцца сталіцай беларускіх шапавалаў, прайсціся па Ганненскім кірмашы ў Зэльве. Які, да слова, патрохі адраджаецца: сёлета пройдзе 23 і 24 жніўня. На дарогах з мінулых стагоддзяў паэт, краязнаўца нібы сустракае слынных нашых суродзічаў: Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Рагнеду, Сафію Слуцкую. Гэта — цікавыя падарожжы таленавітага чалавека ў глыбіні народнай душы.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter