Тонкія ніткі ўспамінаў

Дачка пісьменніка-класіка Андрэя Мрыя, 120-я ўгодкі якога прыпалі на 13 верасня, сцвярджае: юбіляр нарадзіўся ў іншай вёсцы, чым тое пададзена ў даведніках і энцыклапедыях. Цяпер тая вёска Доўгавічы – на тэрыторыі Мсціслаўскага раёна.
Дачка пісьменніка-класіка Андрэя Мрыя, 120-я ўгодкі якога прыпалі на 13 верасня, сцвярджае: юбіляр нарадзіўся ў іншай вёсцы, чым тое пададзена ў даведніках і энцыклапедыях. Цяпер тая вёска Доўгавічы – на тэрыторыі Мсціслаўскага раёна.

Літаратуразнаўца Наталля ПрушынскаяУ рэдакцыю прыйшла бандэроль з Карэліі, ад літаратуразнаўца Наталлі Прушынскай. “Паважаная рэдакцыя! Да юбiлею бацькi падрыхтавала артыкул “Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы”, якi дасылаю разам з яго лагерным фотаздымкам. Здымак прашу вярнуць мне,” — напісала наша супляменніца. Яна прысвяціла грунтоўную працу 120-годдзю з дня нараджэння і 70-годдзю з часу трагічнай гібелі Андрэя Мрыя (Андрэя Антонавіча Шашалевіча): так склаўся пакутны лёс ахвяры сталінскага рэжыму, што выпалі на гэты год абодва юбілеі. Яе бацька, сведчаць даведнікі, нарадзіўся 13 верасня 1893 года ў вёсцы Палуж (тут, пэўна, недакладнасць: пра тое — у канцы артыкула) Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні і трагічна загінуў 8 кастрычніка 1943-га ў Мурманскай вобласці Расіі (патрабуе ўдакладнення).
Андрэй Шашалевіч — семінарыст у МагілёвеПра дачку пісьменніка-класіка і журналіста газеты “Звязда”, а таксама пра лёс самога аўтара цяпер ужо вядомага рамана “Запіскі Самсона Самасуя” (яго можна знайсці ў інтэрнэце: http://knihi.com/Andrej_Mryj) і шэрагу іншых адметных твораў мы крыху расказвалі ў леташняй публікацыі “Прывітанне з Петразаводска” (32-і нумар, за 30 жніўня). Артыкул, для нашай газеты крыху завялікі, з каштоўным здымкам давялося перадаць, са згоды аўтара, у рэдакцыю часопіса “Нёман”. Надрукаваны ён і па-беларуску, пад назвай “Андрэй Мрый: вяртанне з ссылкі” у газеце “Звязда” за 19 жніўня. А з Наталляй Андрэеўнай, якая хоць і нарадзілася ў горадзе Кола Мурманскай вобласці, але памятае пра родавыя карані, працуе на карысць Бацькаўшчыны, наладзілася перапіска. Я адрасаваў ёй шэраг пытанняў. “Прыемна, што Вы пішаце на беларускай мове, я ўсё добра разумею, а ў мяне пісаць ды гаварыць па-беларуску атрымліваецца, на жаль, з натугай, — скінула па электроннай пошце ліст спадарыня Наталля. — Ці гаварыў мой бацька на беларускай мове? Пэўна што так. Адукацыю ён атрымліваў, вядома, на рускай, дома і з сябрамі, пакуль быў у Беларусі і на волі, напэўна, гаварыў па-беларуску. На вольным пасяленні ў Вельску, гэта ў Валагодскай вобласці, наўрад ці, а ў Мурманску з роднымі, можа, і ўспамінаў роднае слова. Помню, бацькава сястра, цётка Ксеня з Генадзем, сынам Васіля Шашалевіча, татавага брата-драматурга, нават у Петразаводску размаўляла па-беларуску. І мама мая таксама даволі часта выкарыстоўвала родную гаворку. А вось мы з сястрой Аксанай ужо мала ўсведамлялі сябе сапраўднымі беларусамі, і калі ў Петразаводску ў канцы 1990-х утварылася Таварыства беларускай культуры, то ў нас з актывам суполкі кантакты не зладзіліся”.
Цяпер Доўгавічы — у Мсціслаўскім раёнеСа сваякоў па бацькавай лініі, па родзе Шашалевічаў у Беларусі Наталля Андрэеўна цяпер нікога не ведае. Ды і па лініі мацярынскай (а дзяцінства яе маці, Соф’і Андрэеўны, у дзявоцтве Зыкавай, прайшло ў вялікай сям’і святара ў вёсцы Палуж Чэрыкаўскага павета), як піша яна, “амаль усе згубіліся”. Летась, праўда, атрымала яна ліст з Гомеля ад стрыечнай пляменніцы, па лініі Зыкавых, і адказала ёй, ды не працягнулася ліставанне. “З таго ж боку павінны быць яшчэ адны сваякі ў Мінску, па прозвішчы Палікарповічы, ды сувязі з імі даўным-даўно згубіліся, яшчэ ў нашых старэйшых”, — удакладніла Наталля Прушынская. З мясцін асабліва дарагіх ёй ў Беларусі выдзяляе вёску Негаўку Буда-Кашалёўскага раёна (пра тое напісала і даслала ўжо ўспаміны), дзе настаўніцай пасля вайны працавала маці і Наталля закончыла сямігодку, вёску Палуж (цяпер на тэрыторыі Янаўскага сельсавета Краснапольскага раёна Магілёўшчыны значацца вёскі Палуж-1 і Палуж-2), дзе сустрэліся яе бацькі, і былы горад Прапойск (пасля 1945-га Слаўгарад), дзе пахаваны яе дзядуля і бабуля па маці, якіх ніколі яна не бачыла. Ды ёсць надзея, што дачка класіка ўсё ж наведае Беларусь, пройдзецца па месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю бацькоў: “Дачка мая Ганна з сынамі ўжо не раз казала: трэба купіць турпуцёўку ў Беларусь. Думаю, мы да гэтага “даспеем” ды так і зробім”. На заканчэнне таго ліста суродзічка пажадала ўсяго самага лепшага мне, а таксама “рэдакцыі і ўсёй роднай Беларусі”.
Вокладка кнігі. 1993 годВаколіцы пасёлка Кола на Кольскім паўвостраве: там жыў і працаваў Андрэй Мрый, нарадзілася яго дачкаА ў наступным лісце — сапраўдны падарунак для літаратуразнаўцаў і ўраджэнцаў ды жыхароў Мсціслаўскага раёна. Спадарыня Наталля напісала: “Дарэчы, пра дарагія мне месцы ў Беларусі. Удакладніце, калі ласка, ці існуе такая вёска Доўгавічы ў Магілёўскай вобласці, дзе нарадзіўся мой тата — вось што мне цікава”. Зразумела, інтэрнэт аблегчыў пошукі. Вядома ж, шукаць давялося непадалёк ад вёскі Палуж... І Доўгавічы знайшліся, але не ў Краснапольскім раёне — у Мсціслаўскім. А як звязаны паселішчы паміж сабой? Аказваецца, паводле царкоўнага дзялення тэрыторый у Магілёўскай епархіі да рэвалюцыі быў шэраг “благочиний” і прыходаў, і ў вялікім Чэрыкаўскім павеце было тры “благочиния”. У першым з іх значылася царква і Доўгавіцкі (па руску: Долговичский) праваслаўны прыход Раства Прасвятой Багародзіцы, у трэцім — царква і Палужскі праваслаўны прыход свяціцеля Мікалая. У Доўгавічах цяпер, удакладніла супрацоўніца Мсціслаўскага райвыканкама Алена Асіпенка, каля двухсот жыхароў, ёсць магазін, а царква, пэўна, не ацалела. Школу ў 2011-м там закрылі: летам у яе моцным будынку працуе аздараўленчы лагер для дзяцей, а Доўгавіцкі сельсавет перанесены ў вёску чарнобыльцаў-перасяленцаў Андраны.
Між тым у біяграфіі брата Андрэя Мрыя, драматурга Васіля Шашалевіча чытаем: ён родам з вёскі Мхінічы Чэрыкаўскага павета (цяпер Краснапольскі раён). Мхінічы, падказвае інтэрнэт, адносіліся раней, як і Палуж, да трэцяга “благочиния”, там была царква і праваслаўны прыход Святой Тройцы, а Васіль Антонавіч, як і брат, вучыўся ў 1910-14 гадах у духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі. Ёсць у інтэрнэце такія звесткі (на мове арыгіналу): “Долговичская волость (центр — село Долговичи — при просёл. дороге, при реч. Кошканке)”.
Навіна пра доўгавіцкія карані пісьменніка-класіка Андрэя Мрыя ўзрадавала настаўніка з Андраноўскай школы Аляксандра Елісеенку. Ён сам з ліку перасяленцаў з Чэрыкаўскага раёна, выкладчык беларускай мовы і літаратуры па адукацыі: закончыў у 1994-м педінстытут у Магілёве. Цікава, што ў студэнцкія гады Аляксандр Анатольевіч нават быў заняты ў пастаноўцы паводле рамана “Запіскі Самсона Самасуя”, так што для яго Андрэй Мрый — асоба вядомая. Настаўнік абяцаў пацікавіцца, ці ёсць у Доўгавічах ці ваколіцах Шашалевічы. А раптам знойдуцца! Ды і звесткі пра валаснога пісара Антона Шашалевіча, бацьку двух пісьменнікаў, могуць быць у архівах. І хто шукае — знойдзе!

Іван Ждановіч

На здымках:
Літаратуразнаўца Наталля Прушынская
Андрэй Шашалевіч — семінарыст у Магілёве
Цяпер Доўгавічы — у Мсціслаўскім раёне
Вокладка кнігі. 1993 год
Ваколіцы пасёлка Кола на Кольскім паўвостраве: там жыў і працаваў Андрэй Мрый, нарадзілася яго дачка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter