Міністэрства культуры Беларусі прапануе год 2016-ы аб’явіць Годам культуры

Тое, што яднае

Міністэрства культуры Беларусі прапануе год 2016-ы аб’явіць Годам культуры

Пра тое паведаміў на калегіі Міністэрства культуры, калі падводзіліся вынікі работы за мінулы год, кіраўнік ведамства Барыс Святлоў. Паводле яго слоў, час патрабуе высокай адказнасці, самааддачы, дзелавой актыўнасці і разліку на ўласныя рэсурсы і магчымасці. Міністр акрэсліў задачы, над якімі ўсім работнікам галіны давядзецца працаваць сёлета. У першую чаргу будзе весціся работа па распрацоўцы і прыняцці дзяржпраграмы “Культура 2020”. Прадоўжыцца суправаджэнне праекта Кодэкса аб культуры: сёлета плануецца завяршыць работу над ім. Будзе ўдасканальвацца нарматыўна-прававая база — з улікам патрэбаў практыкаў. Міністр звярнуў увагу на такую важную пазіцыю, як эканоміка культуры, аптымізацыя расходавання сродкаў у гэтай галіне: трэба больш актыўна нарошчваць пазабюджэтныя даходы арганізацый, аб’ёмы спонсарскай дапамогі. Слова “аптымізацыя” па-ранейшаму актуальнае і ў дачыненні да кадраў.

Пра розныя кірункі працы ішла гаворка на калегіі. У прыватнасці, абмяркоўвалі, як рэалізуюцца дзяржпраграмы “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі” Адзначалася: летась па першай рэстаўрацыйныя работы вяліся на 19 аб’ектах, па другой — на 16-ці. Барыс Святлоў таксама сказаў: летась прадстаўлены справаздачы ў органы ЮНЕСКА па пытаннях аховы матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Аптымізаваны пералік беларускіх аб’ектаў ў папярэднім спісе і ўжо складзены план, каб рыхтаваць дасье для іх уключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У прыватнасці, рыхтуюцца матэрыялы для ўключэння Мсціслава і Пастаў у міжнародны праект па развіцці культурных стратэгій гістарычных гарадоў Савета Еўропы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter