Карціны Рэмбранта будуць экспанавацца ў нас да пачатку ліпеня

Тэт-а-тэт з Рэмбрантам

Жадаеце ўбачыць гравюры знакамітага галандца — зазірніце ў Нацыянальны мастацкі музей
Фота БЕЛТА

З мінулага тыдня ў Нацыянальным мастацкім музеі аншлаг. Многім хочацца на свае вочы ўбачыць гравюры таго, чыёй творчасцю доўгі час прыходзілася натхняцца праз падручнікі па сусветнай культуры або інтэрнэт. Апошні раз работы Рэмбранта экспанаваліся ў Мінску ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Тыя, хто жадаў убачыць арыгіналы аднаго з буйнейшых прадстаўнiкоў залатога стагоддзя галандскага жывапiсу, адпраўляліся ў бліжэйшыя музеі, якія змяшчаюць карцiны мастака, — у Маскву або Санкт-Пецярбург. Вядома, што ў Музеi А.С. Пушкiна — тры арыгiнальныя карцiны мастака, а у Эрмiтажы — чатырнаццаць. Найбольшую ж калекцыю Рэмбранта можна паглядзець у Рэйксмузеум, што знаходзiцца на яго радзiме ў Нiдэрландах.

А вось работы, якія з 5 мая “кватэруюць” у нашым Нацыянальным мастацкім музеі, прыехалі з Італіі. Калі больш дакладна, прыляцелі — рэйсам Рым — Мінск. 69 гравюр XVII стагоддзя ўваходзяць у склад аднаго з найбуйнейшых прыватных збораў графікі ў Еўропе, які налічвае больш за 4 тысячы экзэмпляраў і з’яўляецца нацыянальным здабыткам Італіі. Сапраўднасць работ Рэмбранта пацверджана адным з найстарэйшых у свеце аўкцыённых дамоў “Сотбіс”. Яны пабывалі ўжо ў Германіі, Іспаніі, Чылі, Мексіцы, іншых краінах. Цяпер вось прыехалі і да нас.

У экспазіцыю ўключаны афорты на міфалагічныя і біблейскія сюжэты, а таксама фрагменты знакамітых твораў жывапісу. Цікава, што сёння большасць ведае Рэмбранта як жывапісца, аднак пры жыцці вялікі галандзец быў больш знакаміты менавіта як гравёр. Таму выстава яго графічных работ у нашым музеі яшчэ больш каштоўная і прыцягальная.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter