Стеклянные бусины, металлические ножи, бронзовые украшения: как археологи БГУ раскрывают секреты древнего городища

Таямніцы замкавай гары

Ёсць на Вiлейшчыне, каля вёскi Рэчкi, загадкавае месца, якое абяцае даследчыкам цiкавыя знаходкi. Вядома яно пад назвай Замкавая гара. Легенда гаворыць, што калiсьцi тут стаяў замак, у якiм жыў вельмi жорсткi князь. За зверствы яго пракляў нейкi старац, i лiтаральна назаўтра ж у адпаведнасцi з праклёнам замак правалiўся пад зямлю, а на яго месцы засталася пячора. Зараз побач з вялiзнымi валамi, якiя лiчаць рэшткамi старажытнага гарадзiшча, працуе археалагiчная экспедыцыя з гiстарычнага факультэта БДУ. «Р» пацiкавiлася, якiя знаходкi дайшлi да нас з тоўшчы стагоддзяў.

Паліна КУРЛОВІЧ шукае паселішчы эпохі Вялікага перасялення народаў.
 
Замкавая цi не, але дзiўнай формы гара ў лесе недалёка ад вёскi Рэчкi сапраўды ёсць. Вышыня яе — каля 17 метраў, а форма нагадвае пiрог у некалькi слаёў з плоскай вяршыняй i крутымi склонамi. На яе паўночна-заходнiм баку ёсць i пячора, прычым дагэтуль невядома, прыроднага яна паходжання цi рукатворнага. 

— Гэты помнiк вядомы з XIX стагоддзя, упершыню яго даследаваў i апiсаў вядомы беларускi гiсторык i археолаг Адам Кiркор, — расказвае Палiна Курловiч, дацэнт кафедры археалогii i спецыяльных гiстарычных дысцыплiн гiстарычнага факультэта БДУ. — Цiкавiла яго менавiта гарадзiшча, якое, вiдаць, iснавала на гэтай гары. Ходзiць легенда, быццам у пячоры даследчык знайшоў залаты эфес шаблi, але гэта толькi прыгожая казка.



Аспірант Ліза Кісялёва, магістрант Каця Лукша і студэнт Глеб Панкевіч перабіраюць літаральна кожную пясчынку.


Потым былi яшчэ археолагi, але да цяперашняй экспедыцыi нiхто не закладваў настолькi буйныя раскопы. Праўда, не на гары, а побач.

— Спецыфiка маiх навуковых iнтарэсаў такая, што я шукаю паселiшчы эпохi Вялiкага перасялення народаў. Гэта час рассялення славян на тэрыторыi Беларусi, iх стасункi з iншымi плямёнамi, iншымi археалагiчнымi культурамi, — тлумачыць Палiна. — Перыяд гэты, якi працягваўся прыкладна з III да VII стагоддзя, дастаткова складаны, не вельмi добра вывучаны, мае шмат белых плям. Мы ведаем, што на пэўным этапе людзi сялiлiся побач са старажытнымi гарадзiшчамi жалезнага веку. 

Уваход у тую самую таямнічую пячору.

Каб пацвердзiць свае меркаваннi, археолагi заклалi ў розных месцах — i на гары, i побач — некалькi шурфаў. Так называюць невялiкiя «эксперыментальныя» раскопы памерам метр на два.

— I адразу ж трапiлi на рэшткi печы-домнiцы, у якой нашы продкi з руды выплаўлялi жалеза сырадутным спосабам. Знайшлi таксама шмат адходаў вытворчасцi, напрыклад, тыглi, у якiх плавiлi каляровы метал. Трапiлася вельмi цiкавая, дастаткова рэдкая фiбула V стагоддзя. Гэта металiчная зашпiлька для адзення, якая адначасова служыла ўпрыгажэннем. Знайшлi таксама керамiку, але фрагменты яе вельмi дробныя, iх цяжка датаваць. 

Знаходкі чакалі археолагаў не менш за тысячу гадоў.

Палiна Сяргееўна звяртае нашу ўвагу на роўную пляцоўку вакол гары — верагодна, усю яе тэрыторыю займала паселiшча, што размясцiлася побач з прыгожым, добра ўмацаваным гарадзiшчам. Няма сумненняў, што гару, якая ўзнiкла падчас праходжання леднiка, «удасканальвалi» рукi чалавека — надта роўныя валы атрымалiся.

— Гэта велiзарнае для таго часу селiшча! — заўважае яна. — Звычайна такiя помнiкi маюць культурны слой таўшчынёй каля 40 см, а тут ён значна большы. Бачыце кучы чорнай зямлi? Яна з’яўляецца там, дзе пачынаюць сваю дзейнасць людзi. Назапашвалiся нейкiя адыходы, арганiка, гублялiся рэчы, бiлiся гаршкi, выкiдалiся цi гублялiся рэшткi ежы — усё як зараз, толькi смецце не збiралi i цэнтралiзавана не вывозiлi. Так i ўтвараўся культурны слой, i чым ён таўсцейшы, тым больш iнтэнсiўнае жыццё iшло на месцы раскопу. 

Старажытны ножык падобны формай да сучаснага.

Ёсць факты, якiя патрабуюць напружання думкi гiсторыкаў. Так, у адным з квадратаў раскопу яны знайшлi вельмi шмат костак жывёл. Што тут было? Нейкi яр цi рукатворны раўчук, а можа, дрэнаж? Аб чым сведчыць дастаткова тоўсты слой попелу i вугалю? Азначае знаходка ваенны напад, у вынiку якога згарэлi драўляныя пабудовы, або звычайны пажар? А можа, гэта адходы металiчнай вытворчасцi? Яшчэ адна загадка: дзе насельнiкi буйнога паселiшча бралi ваду? Нагадаем, размешчана яно ў гарыстай мясцовасцi, рэчка даволi далёка…

— Трэба капаць i думаць, — заключае Палiна Курловiч. — Наша праца нагадвае дзейнасць дэтэктываў: як i яны, мы шукаем сляды, розныя дробязi, каб аднавiць карцiну таго, што адбывалася. 

Аб чым сведчаць косткі жывёл, знойдзеныя ў адным месцы?

Раскоп раздзелены на 15 квадратаў. У кожным глеба акуратна здымаецца рыдлёўкай цi шуфлiкам, пасля чаго старанна прасейваецца. Кожная знаходка мае свой «адрас» — абавязкова фiксуецца, у якiм квадраце яна адшукана. Гэта неабходна для аднаўлення карцiны тагачаснага жыцця. Вiдавочна, што ў тым месцы, дзе ёсць узоры больш позняй керамiкi, i людзi жылi пазней. 

Раскоп раздзелены на 15 квадратаў.

Сярод знаходак археалагiчнай экспедыцыi — бронзавае скроневае кольца, маленькая, дасканала адшлiфаваная каменная сякера часоў неаліту і эпохі бронзы. Загадкавай глыбокай сiнню здзiўляе прыгожая шкляная пацерка, адмысловай апрацоўкай з насечкамi — бронзавая зашпiлька для адзення. Вялiкi нож, ручка якога не захавалася, выкарыстоўваўся, магчыма, як баявы, а крыху меншы, зусiм сучаснай формы, служыў бытавой прыладай. Мiнiяцюрны званочак таксама мог быць упрыгожаннем, а яшчэ — магiчным амулетам, што адганяў звонам злых духаў. Глiняныя праслiцы для верацяна, шыльца сведчаць аб тым, что ва ўсе часы людзi iмкнулiся зрабiць працу больш зручнай. Мяркуючы па iх узросце, паселiшча каля Замкавай гары iснавала прыблiзна з V па X стагоддзе. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter