Таямніцы інтымнага дзённіка Максіма...

СЁЛЕТА Беларусь адзначае 120-годдзе з дня нараджэння вядомага паэта. У афіцыйным плане мерапрыемстваў — выданне энцыклапедыі «Максім Багдановіч», кнігі «Пясняр чыстае красы», прысвечанай жыццю і творчасці паэта, яго вершаў у перакладзе на замежныя мовы, факсімільнае выданне першага прыжыццёвага зборніка «Вянок», устанаўленне помніка ў Гродна... Якімі праектамі і пераўтварэннямі да 120-годдзя класіка парадуе грамадскасць Літаратурны музей Максіма Багдановіча? На гэтае пытанне спецыяльна для «БН» адказала дырэктар установы Таццяна ШЭЛЯГОВІЧ.

Хлопец з Украіны падараваў Літаратурнаму музею Багдановіча першы арыгінальны прыжыццёвы зборнік вершаў беларускага класіка!

СЁЛЕТА Беларусь адзначае 120-годдзе з дня нараджэння вядомага паэта. У афіцыйным плане мерапрыемстваў — выданне энцыклапедыі «Максім Багдановіч», кнігі «Пясняр чыстае красы», прысвечанай жыццю і творчасці паэта, яго вершаў у перакладзе на замежныя мовы, факсімільнае выданне першага прыжыццёвага зборніка «Вянок», устанаўленне помніка ў Гродна... Якімі праектамі і пераўтварэннямі да 120-годдзя класіка парадуе грамадскасць Літаратурны музей Максіма Багдановіча? На гэтае пытанне спецыяльна для «БН» адказала дырэктар установы Таццяна ШЭЛЯГОВІЧ.

— Таццяна Эдуардаўна, раскажыце пра рэканструкцыю вашага музея. Што закране перабудова?

— Рэканструкцыя — патрэба, якая не залежыць ад юбілею. Будынак музея адрэстаўраваны яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, патрэбен рамонт. Рэканструкцыя, перш за ўсё, тычыцца вентыляцыйнай сістэмы, замены вокнаў і дзвярэй, таксама будзе ўсталявана ўсё неабходнае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб яны змаглі свабодна наведваць музей.

— Напэўна, падчас рамонту музей зачыняць?

— Зачыняць не будзем. У нас ёсць выязныя выставы пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча. Спадзяюся, ніхто асабліва не заўважыць перашкодаў...

— Гавораць, што будуць адкрыты некаторыя таямніцы так званага інтымнага дзённіка Максіма Багдановіча. Ці праўда гэта?

— Многія навукоўцы і даследчыкі чамусьці называюць запісы паэта інтымным дзённікам. На самай справе, гэта рукапіс з двух аркушаў, складзеных у некалькі разоў. У гэтым рукапісе Максім Багдановіч апісвае сустрэчы з Клавай Салтыковай, з якой ён сябраваў і быў у інтымных адносінах падчас лячэння ў Крыме. Запісы былі зроблены алоўкам з вялікімі скарачэннямі, якія і да гэтага часу засталіся зразумелымі. Пасля дзвюх спроб прачытаць рукапіс паэта нам усё роўна не ўдалося, засталіся прабелы. Многія кажуць, што мы хаваем нейкую інфармацыю, узятую з гэтых запісаў. Гэта не так. Мы захоўваем вельмі важны і цікавы рукапіс Максіма Багдановіча, а паказаць яго можна будзе толькі тады, калі ён пройдзе шмат розных працэдур па кансервацыі, якія сёння каштуюць нямала.

— Магчыма, у вашым музеі ў апошні час адбыліся цікавыя падзеі, якія нейкім чынам звязаны з юбілеем?

— Зусім нядаўна, сапраўды, здарыўся цікавы выпадак. Я нават гэта магу назваць цудам. Прыкладна месяц назад па электроннай пошце мы атрымалі ліст з Украіны. Даслаў яго хлопец Яўген, які пісаў, што ў яго знаходзіцца арыгінал зборніка Максіма Багдановіча «Вянок», выдадзены ў 1913 годзе. Ён адсканіраваў старонкі зборніка і прыклаў да свайго ліста. На жаль, вокладка адсутнічала, але ўсё роўна было бачна, што гэта арыгінал. Мы сталі перапісвацца і папрасілі Яўгена перадаць зборнік у наш музей, прапанавалі некаторыя выгоды. Праз некаторы час я атрымала заказны ліст, на канверце якога было падпісана «Ад Жэні». Калі адкрыла пісьмо, не паверыла: у мяне на далонях ляжаў сапраўдны зборнік Максіма Багдановіча «Вянок» першага выдання. Хлопец нам проста падараваў яго! Як потым даведаліся, кніга захоўвалася ў сям’і настаўнікаў ва Украіне, потым сябры аддалі яе Яўгену. Мы не будзем перарываць сувязяў з хлопцам, бо хочам даведацца, як зборнік трапіў у сям’ю настаўнікаў.

Яшчэ адзін арыгінал зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» — сапраўдны падарунак не толькі для нашай установы, але і для ўсіх беларусаў.

Кацярына ДУБОЎСКАЯ

ДАРЭЧЫ

«Вянок» у 1913 годзе выйшаў тыражом усяго ў дзве тысячы экзэмпляраў. У Беларусі сёння знаходзіцца толькі 26 адзінак унікальнага выдання. Яго электронная версія будзе ўключана ў чарговае мультымедыйнае выданне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Юбілейны дыск ужо рыхтуецца і ўключыць літаратуразнаўчую спадчыну, творы музычнага і выяўленчага мастацтва, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter