Таццяна МАРХЕЛЬ: “Беларуская песня вывела мяне на дарогу маіх роляў”

Гераіня сённяшняга нумара – заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, у якой днямі надарыцца юбілей. “НГ” віншуе з гэтай нагоды таленавітую актрысу, маці, абаяльную жанчыну і цудоўную выканальніцу народных песень.

Маці ў спектаклі “Сымон-музыка”, Ганна ў тэлефільме “Новая зямля”, Дамеціха ў “Людзях на балоце”, Ганна ў “Вечары”, Жанчына ў “Чарнобыльскай малітве”, Інгрыд у драме “Жанчыны Бергмана”, Маці і Зіма ў “Адвечнай песні”... На рахунку заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Мархель — мноства ўзнагарод рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў тэатральнага мастацтва, больш за 20 роляў у фільмах, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кінематографа. Ведаюць яе і як збіральніцу і выканаўцу народных песень. Актрыса працавала ў Гродзенскім і Магілёўскім абласных тэатрах, а затым 16 гадоў — у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1993 года — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гэта незвычайна светлы, лірычны, таленавіты і шчыры чалавек. Нават пра дзяцінства, якое прыйшлося на вайну і першыя пасляваенныя гады, пра спаленую хату і зямлянку, у якую збягала вясной вада, Таццяна Рыгораўна распавядае без трагізму, бо захавала аптымістычны погляд на жыццё нягледзячы на ўсе асабістыя драмы. Напярэдадні свайго юбілею разам з карэспандэнтам “НГ” яна выбрала са свайго фотаархіва найцікавейшыя здымкі і расказала гісторыі, звязаныя з імі.

1. Светлае дзяцінства

На фота я — васьмікласніца, гуляю з сябрамі на рэчцы каля нашай вёскі Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна на Вялікдзень.  Для нашай сям’і гэта было самае галоўнае свята. Перад ім у хаце мылі столь, вокны, фарбавалі падлогу, рыхтавалі ежу і сабе, і свінням, і каровам, каб у святочны дзень нічога не рабіць. У суботу з вечара мама ішла ў Косіна за сем кіламетраў, у царкву. Мы, дзеці, прачыналіся на Вялікдзень з радасным прадчуваннем ласункаў пасля поснай ежы, напрыклад адваранага кумпяка з хрэнам... Вярталася мама са свянцонымі яйкамі, такая ціхая, лагодная, і мы разгаўляліся. Вечарам па вуліцах хадзілі і спявалі валачобнікі, і ўсе тыя песні я памятаю дагэтуль. Спачатку я слухала спевы, назірала за ўсімі дзеямі на святах, а ў восьмым класе мяне ўжо ўзялі за шаферку (дружку маладой) на вяселлі. Дарэчы, мая мама была шыкоўнай акторкай, на ўсіх вяселлях рабіла сцэнкі, напрыклад сцэнку “доктар” — гэта ж сапраўдная  італьянская камедыя “дэль арта”.

2. Песня ад мамы

Ад мамы — мая любоў да беларускай песні. З ёй мы спявалі пра вайну, забітых, мама плакала, а я ёй падцягвала першым голасам. Калі бацька загінуў на вайне, памятаю, як мама галасіла. Увесь час яна казала: “Ён недзе ёсць”. У вёску прыходзілі цыганкі, мама іх звала, прасіла пагадаць на мужа. Калі пабудавалі новую хату, мама казала нам з сястрой: “Дзеці, клічце ў комін бацьку, каб дамоў прыходзіў!” Я падрасла, закахалася ў восьмым класе і таксама крычала ў комін, клікала свайго Шуру. І прыходзіў. Ой, як мы саромеліся! Памятаю: пасу свіней, а ён стаіць ля плота. Крычу: “Ідзі, бо мама ўбачыць!” Яго пісьмы з 1952 года захоўваю дагэтуль.

3. Цалуем ножкі!

Гэта не паклоннік у захапленні, а акцёрскі жарт. Артыст Гена Шкуратаў, які, на жаль, ужо  памёр, “цалуе ножкі”. Паклоннікі мяне баяліся, я — іх. Пакуль мы жылі ў згодзе з мужам, ніякіх заляцанняў да мяне не было. А пасля, як ён закахаўся ў маладую, я з’ехала з Віцебска ў Мінск. І стала баяцца, што здраду больш не перажыву. Таму і старалася аберагаць сябе ад кахання. Пакуль была маладзейшая, гэты страх перашкаджаў наладзіць асабістае жыццё, а зараз баяцца няма чаго (смяецца).

4. Нацыянальны характар

Здаецца, беларуская песня і вывела мяне на дарогу маіх роляў. Мне вельмі падабаецца нацыянальны рэпертуар, фільмы і спектаклі па творах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Мележа... У беларускім строі я нават адчуваю сябе па-іншаму. У чым сутнасць характару нашай жанчыны? На праграму “Запрашаем на вячоркі”, якую я вяла на тэлебачанні, прыязджалі жанчыны з ўсёй краіны, я брала ў іх інтэрв’ю. Адна расказвала: “Як толькі мне дрэнна, я выйду, вазьму касу, пакашу, паспяваю — і на сэрцы лягчэй!”
Адна з любімых маіх роляў з сучаснага рэпертуару — Інгрыд у спектаклі “Жанчыны Бергмана” (на фота). Яна адзначана прызамі многіх тэатральных фестываляў, апошні прыз за лепшую жаночую ролю ў сучаснай п’есе я атрымала ў жніўні ў Сочы на міжнародным тэатральным фестывалі. Мая гераіня маўчыць на працягу ўсяго спектакля, і перадаць задуму аўтара для актрысы цяжкая задача. Для ролі я шмат чытала Бергмана, глядзела яго фільмы, імкнулася пранікнуць у яго ўнутраны свет. Гэта быў новы культурны пласт для мяне.

5. Стыхія

Улетку шмат часу праводжу на дачы. Вельмі люблю быць адна ў лесе. Гэта адзінае месца, дзе можна быць самой сабой. Калі-нікалі я стала хадзіць на ўсход сонца. Прыходзіш, бярозкі хістаюцца, сонца, птушкі спяваюць, побач з усім гэтым мне хочацца распрануцца і галяком пакачацца па расе. Гэта такі кайф незвычайны! Мы са сваім шмаццём, якое апранаем, няшчырымі ўзаемаадносінамі да сябе сапраўдных не можам дакапацца! Аднойчы летам, гады чатыры назад, я адпачывала ў Гарадзішчы, і быў страшэнны буран. Я з нумара і на возера бягом! Вецер свішча, дрэвы ламаюцца, маланкі лупяць, дождж. Я плаваю не вельмі добра, але прыгнула ў возера. Стыхія! Першы раз падобнае я адчула каля Ніягарскага вадаспада: плакала, смяялася, хацелася паляцець, каб цябе разбіла на кавалкі! Я не ўяўляю, як бы я жыла звычайным жыццём, каб не было выдумкі, ігры, тэатра.

6. За кулісамі “самага маладога” тэатра

На мужчынскі і жаночы дзень мы ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі звычайна робім “капуснікі”. Гэта вельмі смешна, атрымліваюцца шыкоўныя вечарыны! З маладымі цікава працаваць, бачыш, як яны растуць, набіраюцца прафесіі. У іх свой пункт гледжання, свае прыколы, і ты жывеш у гэтым асяроддзі. Я моладзь не павучаю. Асаблівасць нашага калектыву — у тэатры дзейнічае Цэнтр беларускай драматургіі. Не ўсе п’есы можна паставіць на шырокай сцэне, але ж аўтару цікава, як іграецца п’еса, і мы паказваем... У апошнія гады стварылі многа эксперыментальных рэчаў, адкрылі новыя імёны беларускіх драматургаў.

7. Маці і цешча

Упершыню запела я ў спектаклі “Сымон-музыка” Беларускага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску ў ролі Маці. Рэпеціраваць гэты спектакль пачала літаральна праз некалькі тыдняў пасля нараджэння маіх дачок-двайнятак — Машы і Веры. Памятаю, калі не было з кім іх пакінуць, я выходзіла на трамвайны прыпынак, бачыла жанчыну прыстойнага выгляду і казала: “Можа, вы паседзіце тры гадзіны з маімі дзецьмі, я вам тры рублі заплачу”. І сядзелі, бо і ў мужа Яўгена Шыпілы спектакль, і ў мяне, а нянька, з якой дамаўляліся, не прыйшла. Пападаліся добрыя людзі, нічога не скралі. Была беднасць, але гэтыя гады вельмі шчаслівыя, бо жылі мы з мужам у каханні.
Дочкам зараз па трыццаць тры, Маша жыве ў Амерыцы з мужам Полам, працуе мантажорам. Вера працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, яна таксама замужам. Зяці — мае самыя лепшыя сябры, таму што я дзявок гадавала адна вельмі доўга, а яны знялі з мяне гэтыя “турботы” (залівіста смяецца). Наогул, хто любіць маіх дзевачак, для мяне самы лепшы.

Убачыць любімую актрысу на тэатральнай сцэне можна падчас юбілейных сустрэч у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У нядзелю, 18 студзеня, тэатралаў чакае прэм’ера “Хто пакахае мадам?”  (спектакль-гратэск). У аўторак, 20 студзеня, глядзіце псіхалагічную драму “Жанчыны Бергмана”. Музычны спектакль “Адвечная песня” Янкі Купалы — у сераду, 21 студзеня. У пятніцу, 23-га, адбудзецца юбілейны вечар заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Мархель. А на наступным пасля гэтага тыдні ў тэатры можна ўбачыць спектаклі “П’емонцкі звер” і “Белы анёл з чорнымі крыламі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter