Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Там, дзе роду карані

Залівістыя гукі дуды паклікалі на “Дударскі рэй” у Глыбокае беларусаў з Даўгаўпілса
У народзе беларускім да ўсяго першага ёсць асаблівая павага ды ўвага. Бо, кажуць, добры пачатак —справы палавіна. Як па мне, то справы надзвычай важнай, перспектыўнай. Маю на ўвазе першы Міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”. Ён праходзіў 6--7 мая 2017 года на Віцебшчыне, у горадзе Глыбокае. Гасцявала там і наша дэлегацыя, з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры — бо маем пагадненне аб супрацоўніцтве з аддзелам культуры Глыбоцкага райвыканкама.

Па вуліцах Глыбокага крочаць дудары, а на Глыбоччыне абжываецца Фэст “Дударскі рэй” 

Што мы ведаем пра дуду? Гэта ўнікальны інструмент, беларускі варыянт валынкі. Першыя згадкі пра дуду ў беларускіх пісьмовых крыніцах знойдзены ў канцы XV стагоддзя. Дуда была вельмі пашыраная, гучала на Беларусі да сярэдзіны XX стагоддзя, пераважна ў цэнтральнай і паўночна-заходняй частцы. Згадкі пра тое ёсць у этнаграфічных крыніцах, у творах Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага. На Глыбоччыне дуда была ў вялікай пашане — вось там і зрабілі Фэст. Ініцыятар яго — ураджэнец Глыбокага, вядомы літаратар і перакладчык, выдавец і публіцыст, выкладчык ірландскай літаратуры ва ўніверсітэце горада Брно (Чэхія) Віталь Воранаў, які цяпер жыве ў Польшчы. Унікальны чалавек, які не забывае Бацькаўшчыну, свае карані, займаецца адраджэннем дударскіх традыцый на Глыбоччыне.

“Дударскі рэй” сабараў дудароў з Беларусі й замежжа, яны прадставілі  розныя рэгіёны сваіх краін: чэхі — Маравію, палякі — Вялікапольшчу, бельгійцы — Фляндрыю і Валонію, англічане — Шатландыю... А Дзмітры Дзёмін — родам з Глыбокага, жыве ў Карэліі — прадстаўляў эстонскую дуду. Зачынала Фэст дударская імправізацыя на Алеі знакамітых землякоў, ля бюста Ігната Буйніцкага — заснавальніка прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра. Гэта ж менавіта ён уключыў у свой час у тэатральную трупу музыку-дудара Адама Шульгу.

Праграма фэсту была насычанай: выставы, прэзентацыі, музычны шпацыр па культурна-дэндралагічным парку ў вёсцы Мосар... Было шэсце дудароў па цэнтральнай вуліцы і вялікі гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы горада. Хто хацеў — знаёміліся з працай устаноў Глыбокага: цэнтральнай раённай бібліятэкі, гістарычна-этнаграфічнага музея, Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, Дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, Дома культуры, Дзіцячай школы мастацтваў. І паўсюль гучала дуда! 

Сярод яркіх падзей фэсту — выступленне дудароў на гала-канцэрце і ў касцёле мястэчка Удзяла, паездка ў вёску Празарокі (радзіма Ігната Буйніцкага) і ўскладанне кветак да ягонай магілы. Дарэчы, ў Празароках мае родавыя карані й спявак Павел Прозар, сябар суполкі “Уздым”. Цяпер лістуецца з краязнаўцамі з Празарокскай школы — наконт радаводу Прозараў. Бо аказалася, што заснавальнікам мястэчка быў Караль Прозар. А Павел Прозар — яго нашчадак, таму й паабяцаў вярнуцца ў Празарокі летам, паспяваць у касцёле на свяце. 

Дэлегацыі з Латвіі, Літвы актыўна паўдзельнічалі ў майстар-класах па кераміцы, набіванні нацыянальнага малюнка на тканіну, пляценні абярэгаў. Наведалі мы й прэзентацыю строяў Глыбоччыны, а таксама пабывалі ў Клубе беларускай нацыянальнай кухні “Кумачкі”. “Арганізатары фэсту “Дударскі рэй”, госці ягоныя і ўдзельнікі, а таксама й шматлікія гледачы сыходзяцца ў адным: такія сустрэчы вельмі патрэбныя ўсім! — гаворыць метадыстка ЦБК Марыя Памецька, якая ўзначальвала дэлегацыю з Даўгаўпілса. — На такіх фэстах адчуваеш, як важна ведаць сваю родную гісторыю, карані, традыцыі. Гэта — наша прыгажосць і наша сіла. Залацінкі з нашага мінулага варта шукаць, захоўваць і перадаваць нашчадкам”.
Дзякуй за станоўчыя эмоцыі, Дударскі рэй! Мы яшчэ вернемся ў твае непаўторныя абдымкі!

Марыя Іванцэвіч, 
г. Даўгаўпілс



Ад рэдакцыі.
Пра родавыя карані Паўла Прозара напісала ў рэдакцыю па нашай просьбе Жанна Раманоўская, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры: “Мы свядома накіравалі Паўла ў складзе дэлегацыі ЦБК на Фэст. Павел ведаў, што мае родавыя карані ў Празароках, марыў там бываць. Ён — пад вялікім уражаннем ад паездкі, бо пра заснавальніка Празарокаў не ведаў. Павел родам з артыстычнай сям’і: маці спявала ў касцельным хоры, бацька граў у тэатры. Сам вучыўся ў Рызе ў канcерваторыі, цудоўна спявае і заўжды выступае на канцэртах ЦБК. Спявае і ў хоры касцёла, вядзе канцэрты, мітынгі на 9 Мая”. 

Жанна распытала ў Паўла, як продкі ягоныя аказаліся ў Даўгаўпілсе. Яшчэ ў 1861-м, напісала, у Дзвінск (так называўся горад на Дзвіне-Даўгаве) выехалі тры браты з Празарок. Дзед Паўла, Іван Цімафеевіч, ажаніўся з дачкою барона фон Энгельгарда. Пазней рэвалюцыя раскідала той род: Энгельгарды выехалі ў Парыж, а Марыя з мужам засталіся ў Дзвінску. У іх нарадзілася сямёра дзяцей, выжылі пяцёра, у тым ліку й Мікалай, бацька Паўла. Сям’ю Прозараў закранулі рэпрэсіі 1937-38 гадоў. Дзед Іван ваяваў у Вялікую Айчынную, вярнуўся з фронту і неўзабаве памёр, так што Павел яго не бачыў. Наогул, звестак пра беларускі род у яго мала, таму й будзе цікава нешта новае даведацца.

Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter