Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вандруючы па Купалавых мясцінах, можна не толькі любавацца іх прыгажосцю, але і шмат даведацца пра жыццё Песняра

Там, дзе поўніцца паэзіяй душа

Летам, у артыкуле да 135-х угодкаў Янкі Купалы, я пісала, што хацела б прайсціся пешшу па Вязынцы, сцежкамі самога Песняра (“Такі прыцягальны Купала” — ГР, № 25, 7.07.2017). Думкі, усё часцей упэўніваюся, рэч матэрыяльная. І ўжо сёлета патрапіла ў гурт, што вандраваў па вёсках Міншчыны, звязаных з імем пісьменніка. Гідам у нас была дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. А новая экскурсія туркампаніі “Віаполь” называлася “Бенефіс Знаўцы: паэтычная старонка”. На працягу дзесяці гадзін спадарыня Алена разам з памочнікамі — загадчыкамі філіялаў у Вязынцы, Яхімоўшчыне, Акопах, супрацоўнікамі мінскага музея — расказвалі пра Купалу.

Помнік Я. Купалу ў Вязынцы
Фота івана ждановіча
З Купалавага дома — па ўсім свеце

Сапраўдныя метамарфозы ў прасторы й часе перажыла я ў мінскім Музеі Янкі Купалы. Пачалося ўсё з Дня летняга сонцастаяння, Купалля. У спецакулярах, у 3D-фармаце назірала, як скачуць праз вогнішча дзяўчаты, звіваюць вянкі, водзяць карагоды... Якраз у такую пару й нарадзіўся ў фальварку Вязынка, цяпер вёска ў Маладзечанскім раёне, хлопчык Яська — Ян Луцэвіч, будучы народны паэт Беларусі. Цудоўны экскурсавод, загадчыца аддзела па навукова-экспазіцыйнай і выставачнай рабоце музея Марыя Барткова расказвала пра яго дзяцінства й юнацтва. Аказваецца, марыў Ясь, як вырасце, стаць машыністам.

Пабывалі мы ў Мінску пачатку ХХ стагоддзя, дзе ў 1905-м у газеце “Северо-Западный край” выйшаў першы верш Янкі Купалы на беларускай мове “Мужык”. Патрапілі ў Вільню, дзе пісьменнік-пачатковец працаваў у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Разглядвала старыя фотаздымкі горада і ўспомніла: летась пасля беларуска-літоўскай канферэнцыі па пытаннях міжэтнічных стасункаў падыходзіла да таго будынка, дзе раней была рэдакцыя, з памятнай дошкай у гонар Песняра. 

“Янка Купала быў прыгожы, элегантны, — звяртае нашу ўвагу на фота маладога паэта экскурсавод. — А каб зарабіць грошай на ўсё гэта, ён падпрацоўваў у прыватнай віленскай бібліятэцы “Веды”.

У Вільню Купала зноў вярнуўся ў 1913-м: рэдагаваць “Нашу ніву”. У музеі прадстаўлены ўнікальны здымак тых часоў: на ім рэдакцыя падобная да службовага памяшкання пошты — столькі скрынак з пісьмамі! У газету пісалі беларусы з усіх кантынентаў, куды выязджалі на заробкі, каб потым вярнуцца на радзіму і купіць зямлю. Увогуле словы “беларуская дыяспара” неаднаразова гучалі пад час экскурсіі. Алена Ляшковіч казала: “Яшчэ пры жыцці Янкі Купалы яго імя было нададзена бібліятэцы ў Бразіліі. А зрабілі гэта супляменнікі з беларуска-ўкраінскай суполкі. 

Майстар-клас па вырабе ільняных лялек ля старога свірана ў Вязынцы

Сёлетні выставачны праект “Янка Купала ў дыялогу культур” да 135-х угодкаў паэта пабываў у Польшчы, Францыі, Украіне, Расіі, Грузіі, Чэхіі, Славеніі, Латвіі... Прычым усе экспазіцыі ладзіліся пры дапамозе беларусаў у тых краінах”. Спадзяюцца музейшчыкі на дапамогу дыяспары і ў справах усталявання помніка Янку Купалу ў пасёлку Пячышчы, пад Казанню, мемарыяльных дошак у Славакіі ды Чэхіі.    ➔ Пабывалі мы, дзякуючы музейным экспанатам, экскурсаводам ды ўяўленню, і ў Маскве часоў Першай сусветнай вайны. Там у 1916 годзе ў саборы св. Пятра і Паўла па Мілюцінскім завулку абвянчаліся Ян Луцэвіч і Уладзіслава Станкевіч. Прадстаўлены ў музеі й куточак Санкт-Пецярбурга. Два гады таму ля дома №45 па 4-й лініі Васілеўскага вострава і я была. Мемарыяльная дошка на ім нагадвае: з 1909 па 1913 год там жыў і працаваў Янка Купала. Праз “акно з кватэры прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы”, у якога жыў паэт, у мінскім музеі можна разгледзець піцерскі дворык тых часоў.

Расказвала Марыя Барткова пра выданне ўсіх пяці прыжыццёвых зборнікаў вершаў Купалы, лёс ягоных драматычных твораў. Ёсць у музеі й невялічкая тэатральная зала, дзе можна паглядзець запісы са спектакляў па п’есах паэта, пабачыць афішы розных гадоў да іх. Пабывалі мы і ў 30-40-х гадах мінулага стагоддзя: палітычныя рэпрэсіі, моцны ціск на паэта, допыты... Купалу ледзь уратавалі пасля спробы самагубства. Потым — вайна, эвакуацыя. Атмасферу апошніх дзён Янкі Купалы, калі ён з-пад Казані быў выкліканы ў Маскву, перадаюць фотаздымак №414 гасцініцы “Москва”, дзверы з яго, частка парэнчаў. А мастацкая інсталяцыя скульптара Паўла Вайніцкага і майстра па шкле Алены Златкавіч апавядае, што хоць Купала і ляцеў уніз 28 чэрвеня 1942-га, і разбіўся на сходах, але, насамрэч, дзякуючы таленту, любові, ахвярнай працы дзеля Бацькаўшчыны  ўзнёсся ўверх — у Вечнасць, у нашыя сэрцы. 

Вязынка

У кожным з філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы, дзе мы пабывалі, — Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы — даведваліся нешта цікавае пра канкрэтны перыяд жыцця Песняра. “Такая выбрана канцэпцыя работы музея”, — казала Алена Ляшковіч. І ўсюды згадвалася імя жонкі паэта, Уладзіславы Францаўны Луцэвіч. Менавіта яна — галоўны ініцыятар мемарыялізацыі Купалавых мясцін. 

Дошка на хаце ў Вязынцы, дзе нарадзіўся паэт, была адкрыта ў 1946-м, а праз два гады пачаў працаваць і музей. Абноўленая ў 2012-м экспазіцыя расказвае пра нараджэнне там у 1882 годзе хлопчыка Янкі. Сям’я Луцэвічаў пражыла ў фальварку няпоўных тры гады, арандуючы зямлю ў Станіслава і Алімпіі Замбжыцкіх. Дарэчы, нашчадкі тых шляхціцаў цяпер жывуць у суседніх Радашкавічах, у Польшчы. Сын былых гаспадароў Вязынкі Юзаф Замбжыцкі актыўна дапамагаў Уладзіславе Францаўне ў адкрыцці музея. Ён з задавальненнем расказваў, што ды як было ў панскай гаспадарцы, а сцяжынкі, па якіх Луцэвічы хадзілі, пасыпаў жвірам, абкладваў каменьчыкамі. Сёння музей у Вязынцы — гэта тыповая хата канца ХІХ стагоддзя. Ёсць у ёй калыска, у якой матуля, Бянігна Іванаўна, люляла свайго Янку, хадункі... Патрапілі ж мы ў Вязынцы й на сапраўдныя вячоркі. На такіх, казалі нам, і Купала любіў бываць. Паспявалі жартоўныя песні, патанчылі традыцыйныя танцы, а яшчэ змайстравалі сабе кожны па ляльцы-неразлучніцы з ільняных нітак...

Яхімоўшчына

У вёску Яхімоўшчыну, пад Маладзечна, Янка Купала прыехаў у 1906 годзе: працаваў там на бровары. “24-гадовы юнак быў памочнікам вінакура ў маёнтку пана Любанскага”, — расказвала загадчыца філіяла музея Святлана Ціс. У тых мясцінах Купала напісаў большасць вершаў, якія склалі першую кніжку “Жалейка”, паэму “Нікому”. І знакаміты верш “А хто там ідзе?”, пераведзены ўжо цяпер на 84 мовы свету, таксама з’явіўся ў Яхімоўшчыне. У двух пакоях філіяла музея размяшчаюцца экспазіцыйныя залы, а пакой-кабінет, дзе жыў Купала, — мемарыяльны. Дзверы ў яго нават памятаюць дотык рук Песняра. “Патрымайцеся за ручку, — просіць Святлана. — Купалава натхненне дапаможа: будзе лягчэй пісаць артыкулы”. Дакранаюся: натхненне ж лішнім не бывае... А ў пакоі ўсё захавалася ў тым выглядзе, як было на пачатку ХХ стагоддзя: пісьмовы стол, побач — венскае крэсла, этажэрка з кнігамі, камод, дзе зберагаўся ўвесь скарб маладога чалавека. На стале бачу пісьмовыя прылады, падсвечнік, гадзіннік. 

Ёсць у музеі яшчэ адзін каштоўны экспанат — самавар, з якога піў гарбату Янка Купала. Належаў ён раней аднаму цесляру, які сябраваў з паэтам. І часта яны разам “чаявалі”. Потым рэліквія захоўвалася ў сям’і, а калі адкрыўся музей — аддалі яе са словамі “Хай людзі палюбуюцца!” Стварыць музей Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне спрабавала яшчэ Уладзіслава Францаўна: прыязджала ў вёску ў 1959-м, дамаўлялася... Але адкрыўся філіял толькі ў 2001-м. 

Акопы

Апошнім пунктам нашай вандроўкі сталі Акопы — гэта маленькі хутар на Лагойшчыне, ля вёскі Харужанцы. Якая там прыгажосць! Паэт, відаць, з паветрам удыхаў натхненне. І не дзіўна, што ў тых мясцінах Купала напісаў п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакі”, “Тутэйшыя”. А паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва” былі ўвогуле створаны за месяц. Хутар арандавала маці паэта, Бянігна Іванаўна. Пасля смерці мужа, Дамініка Ануфрыевіча, яна разам з дочкамі Леакадзіяй, Марыяй, Ганнай жыла ў Акопах, шмат працавала. З часам у акрузе сям’я стала лічыцца заможнаю. Сам Янка Купала прыехаў у Акопы з Пецярбурга ў 1911-м і пасля да 1926-га амаль штолета бываў там. А музейны комплекс адкрылі ў 1992-м, да 110-х угодкаў паэта. Загадчык філіяла Валянцін Журко хваліўся экспанатамі: “Стол і крэсла пісьменніка перадалі родныя Песняра”. Арыгінальныя там чарнільніца, якой карыстаўся пісьменнік, а таксама фотаздымак маладой Уладзіславы Станкевіч, будучай жонкі Купалы...

Загадваць жаданні каля Купалавага каменя ў Акопах стала ўжо традыцыяй  
ФОТА КАЦЯРЫНЫ МЯДЗВЕДСКАЙ

Закончылася вандроўка лірычна. Каля вялікага каменя ў атачэнні трох дубоў, дзе любіў бываць паэт, усе ўдзельнікі экскурсіі чыталі вершы Купалы. Шчыра, пранікнёна. Мне дастаўся верш “Мой дом”: “Мой дом — амшалай пушчы сховы,/ Сяліба ясеняў, сасон,/ Дзе смех русалчын, лесуновы/ Палошчыць вечна цяглы сон”. Слухаючы іншых выступоўцаў, лавіла сябе на думцы: шмат што змянілася тут амаль за стагоддзе. Няма ўжо й сядзібы маці Янкі Купалы... Музей жа збудаваны побач, дзе лепшыя дарогі, тлумачыў Валянцін Журко: каб зручней было дабірацца ў непагадзь. Стала вольнай ды незалежнай Беларусь, аб чым так марыў пісьменнік. Затое краявіды, якімі натхняўся паэт, засталіся такімі ж: казачная ціша палёў і лугоў, празрысты блакіт неба, мора лясоў... Невыпадкова й удзельнікаў нашай вандроўкі было часам нялёгка сабраць: разыходзіліся па акрузе, каб увабраць у сэрцы прыгажосць, пакінуць сабе на ўспамін, хай сабе і не ў вершах, то хоць у фотаздымках.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter