На «Беларусь 3» отметят Международный день балета, а Белорусское радио поставит аудиоспектакль о приключениях легендарного комиссара Мегрэ

Таленты i iх прыхiльнiкi

У  аўторак, 19 кастрычнiка, адзначаецца Сусветны дзень балета — маладое свята, якое ўслаўляе гэты шырока распаўсюджаны i разнастайны вiд музычна-харэаграфiчнага мастацтва. На наступным тыднi тэматычны эфiр тэлеканала «Беларусь 3» прысвячаецца галоўнай установе акадэмiчнага балета нашай краiны — Вялiкаму тэатру Беларусi, а таксама яго салiстам i актуальнаму рэпертуару. Падчас эфiрнай акцыi адбудзецца паказ спектакляў «Баядэрка» i «Ганна Карэнiна». Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, мiж iншым, сумесна з артыстамi сталiчных тэатраў працуе зараз над аўдыёпастаноўкай аповесцi Жоржа Сiменона «Мегрэ i чалавек на лаўцы». Прэм’ера радыёспектакля на беларускай мове запланавана ў другой палове лiстапада.

Ганна Карэнiна (Iрына Яромкiна) са спакуснiкам Уронскiм (Ягор Азаркевiч) перад фiнальным гудком паравоза…
Фота Вялікага тэатра Беларусі

Балетныя гiсторыi

Артысты тэатральных устаноў краiны нiколi не застаюцца без iнфармацыйнай падтрымкi ў днi сваiх прафесiйных свят. Сусветны дзень балета, безумоўна, не выключэнне. З нагоды свята самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы далучаецца да сусветнай iнiцыятывы — знаёмства гледачоў анлайн цi ў тэлеэфiры з найлепшымi нацыянальнымi спектаклямi, тэатрамi i артыстамi.

З 20 па 24 кастрычнiка героямi партрэтнага праекта «Камертон» стануць салiсты тэатра — народная артыстка Вольга Гайко i заслужаны артыст Юрый Кавалёў, а ў студыю праграмы «Кадры жыцця» завiтае прыма Iрына Яромкiна. 

Цяжка паверыць, але ў Вялiкi тэатр Беларусi яна прыйшла амаль чвэрць стагоддзя таму. Адэта-Адылiя ў «Лебядзiным возеры», Нiкiя ў «Баядэрцы», Папялушка i Маша з «Шчаўкунчыка» — за гэтыя гады народная артыстка Беларусi ператанцавала практычна ўвесь класiчны рэпертуар. 

I да гэтага часу без яе прозвiшча ў афiшы не абыходзiцца амаль нi адна прэм’ера. Здаецца, Iрыне сапраўды падуладна ўсё: любыя вобразы — i класiчны балет, i сучасны. Зрэшты, сама народная артыстка Беларусi прызнаецца: галоўнае ў балеце — гэта характар.

Наведаць Вялiкi тэатр Беларусi не выходзячы з дому дапамогуць трансляцыi двух цiкавых спектакляў. 23 кастрычнiка ў 16:30 тэлеканал «Беларусь 3» пакажа балет Людвiга Мiнкуса «Баядэрка», а 24 кастрычнiка ў 16:55 — спектакль на музыку Пятра Чайкоўскага «Ганна Карэнiна» ў пастаноўцы Вольгi Касцель. 

Кароль дэтэктыва 

А вось за прыгодамi камiсара Мегрэ будзем сачыць ужо ў лiстападзе, калi ў эфiры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё прэзентуюць доўгачаканую навiнку — аўдыёпастаноўку аповесцi Жоржа Сiменона «Мегрэ i чалавек на лаўцы». Герой Сiменона заваяваў любоў чытачоў ва ўсiм свеце, не раз атрымлiваў увасабленне на тэлебачаннi, у кiно i серыялах. Самыя вядомыя вобразы камiсара Мегрэ на экранах належаць французскiм акцёрам Гары Бору, Жану Габэну, Жану Рышару i Бруна Крэмеру, а на савецкiм тэлебачаннi ролю дэтэктыва ў капелюшы-кацялку ў розныя гады прымяралi Барыс Ценiн, Мiхаiл Данiлаў i Армэн Джыгарханян.

Лейтматывам аповесцi 1953 года «Мегрэ i чалавек на лаўцы», у якой вядомы камiсар бярэцца за расследаванне чарговай заблытанай справы, праходзiць iдэя крызiсу сямейных каштоўнасцей у пасляваеннай Францыi, абыякавасцi i жорсткасцi, здавалася б, блiзкiх адзiн аднаму людзей. На прыкладзе лёсу простага чалавека Жорж Сiменон падкрэслiвае важнасць захавання маральных прынцыпаў паводзiн у сучасным грамадстве.

Тэкст аповесцi «Мегрэ i чалавек на лаўцы» ў перакладзе на беларускую мову пiсьменнiка Алеся Асташонка стане лiтаратурнай асновай аднайменнага радыёспектакля ў 14 частках i папоўнiць вялiкую калекцыю аўдыёпастановак айчынных i замежных аўтараў у фондах Беларускага радыё. 

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter