Талент з тураўскай зямлі

Юная танцорка Ніна Мароз некалі знялася ў фільме “Людзі на балоце”, далучылася да плыні народнай творчасці на Палессі — жыве ў ёй і цяпер
Іна Ганчаровіч

Юная танцорка Ніна Мароз некалі знялася ў фільме “Людзі на балоце”, далучылася да плыні народнай творчасці на Палессі — жыве ў ёй і цяпер

talent2.pngВы заўважалі: сярод нас ёсць людзі, якія насуперак сучаснай папсе, што пакрысе заваёўвае тэле- і радыёэфіры, зберагаюць народныя традыцыі, культуру, музыку. Часам іх называюць дзівакамі, з іх, бывае, пацяшаюцца… Дарэчы, некалькі гадоў таму і я не магла аднесці сябе да прыхільнікаў народнай творчасці. Лічыла: культурнай модай ужо даўно кіруюць іншыя рытмы і мелодыі. Рэтра-каларыт з ноткамі настальгіі? Не па мне… І была ўпэўненая, што не адна я такая. А неяк трапіла на дзень нараджэння ў “Карчму на Паркавай” у Мінску. Калі госці ўжо мелі жаданне павесяліцца, зайшоў у залу гэткі мужычок з гармонікам…

Божа, які ж гэта быў цуд! Ён адзін, без усялякіх там прытанцовак ды фураў спецапаратуры, гэтак “раскачагарыў” публіку народнымі беларускімі матывамі, што, здавалася, яшчэ трошкі — і ад нястрымных скокаў проста рухнуць “столя ды падлога”. Глядзела я на вясёлых, расчырванелых хлопцаў ды дзяўчат і думала: вось яна, сапраўдная беларуская душа. І няўлоўны беларускі дух. Усё захавалася, ёсць у крыві, перадалося на генным узроўні. Проста, баючыся падацца старамоднымі, занадта глыбока сха­валі мы родныя мелодыі, словы ды пацяшаемся іншаземнымі. І толькі сапраўд­ным талентам пад сілу абудзіць нашы душы, аб’яднаць у народных рытмах незнаёмых, розных па статусе, па ўзросце людзей.

Шкадую, што мне не ўдалося перакінуцца словам з тым заліхвацкім гарманістам: ён гэтак жа раптам знік, як і з’явіўся. Але нядаўна выпадак звёў мяне з Нінай Мароз, для якой, як яна кажа, народная творчасць у любых яе праявах і ёсць само жыццё. І творчы дыяпазон яе вельмі шырокі: танцуе, спявае, на гармоніку грае і на дудачцы, вядзе гурток мастацкай апрацоўкі скуры. Карацей, жыве ў бурнай плыні народнай творчасці. А калі улілася ў яе? Яшчэ ў раннім дзяцінстве ў Тураве, дзякуючы Міколу Котаву, вядомаму ў Беларусі фалькларысту і балетмайстру.

talent.pngНа яе шчасце, у 1964-м у Тураўскі Дом культуры прыехаў малады харэограф. Заснаваў танцавальны ансамбль “Прыпяць”, які сёлета шырока адзначыў 50-годдзе.  “У Міколы Конанавіча і атрымала першыя ўрокі народнага танца: я яго вучаніца, — з гонарам гаворыць Ніна Міхайлаўна. — Хутка ансамбль стаў шырока вядомы не толькі ў Жыткавіцкім раёне — у Беларусі. Выступалі ў сельскіх клубах, на палявых станах, на вялікіх канцэртных пляцоўках — нават у Маскве. І як жа нам, дзецям, было прыемна бачыць, што мы сваёй творчасцю ствараем добры настрой для іншых! Адчувалі на канцэртах шчырую ўдзячнасць гледачоў, зрывалі шквал апладысментаў”.

Але застацца на вялікай сцэне Ніне Мароз не ўдалося: неўзабаве пасля школы выйшла замуж, пераехала ў Мінск, стала маці. І ўжо не да “гулянак”, не да гастроляў было. Хоць прага да народнай творчасці заставалася моцнаю. Згадвае, як па тэлебачанні кожную суботу ішлі перадачы “Играй, гармонь любимая!”, прысвечаныя рускай народнай музычнай творчасці. То былі для яе сапраўдныя святы: Ніна Міхайлаўна кідала ўсе справы, ляцела да тэлевізара. “Тую радасць і задавальненне, якія адчувала ад пераліваў рускага гармоніка, нельга ні з чым параўнаць, — успамінае яна. — Вось і навучылася граць на гармоніку, потым на дудачцы. Падыгрывала перад экранам гарманістам-віртуозам, нават прытанцоўвала. Такім чынам кожную суботу я, энергетычна падсілкоўваючыся, і падымала настрой не толькі сабе, але і сваім блізкім, вельмі дарагім для мяне людзям” .

Эх, жыццё… Яна бачыла сябе актрысай, марыла спяваць, танцаваць на сцэне. І досвед працы ў кіно быў: калі вучылася ў 8 класе, па рэкамендацыі Котава здымалася ў масоўках у фільме “Людзі на балоце”. Па сюжэце фільма танцавала на Каляды ў адной з хатаў палескай вёскі Курані. Пазней быў фільм Віталя Чацверыкова “Разводдзе” — здымалі ў яе родным Тураве, і таленавітую Ніну зноў запрасілі. “Памятаю словы рэжысёра, які пасля здымак мне сказаў: “Ты, дзяўчынка, ведай, што тваё жыццё — гэта сцэна. У цябе для гэтага ёсць усе здольнасці, паспрабуй паступіць у Інстытут культуры”. Яна спрабавала двойчы — не атрымалася. Па смешнай, як сёння некаму падасца, прычыне: недастаткова добра арыентавалася ў працах Уладзіміра Леніна...

У хатніх клопатах праляцелі 10 мінскіх гадоў. І раптам — зноў знакавая сустрэча з Міколам Котавым. “Я зноў вярнулася ў тое жыццё, без якога сябе не ўяўляю, — гаворыць Ніна Міхайлаўна. — Мы разам з аднадумцамі з Саюза фалькларыстаў пачалі выязджаць на канцэрты, фэсты, кірмашы, святы гарадоў. Запрашаюць нас і на карпаратыўныя вечарынкі. Дзякуючы Міколу Конанавічу я паступіла ў Інстытут сучасных ведаў, на аддзяленне народнай творчасці, і закончыла яго. Маю педагагічную адукацыю, шмат гадоў ствараю станоўчы эмацыйны настрой у дзяцей: працую выхавальніцай у дашкольнай установе. Знаёмлю дзетак з народнай творчасцю беларусаў. Усе мае юныя выпускнікі разумеюць беларускую мову, ведаюць беларускія песні, танцы і традыцыі”.

То, можа, грамадства толькі выйграла ад такога павароту лёсу тураўчанкі? Ну не стала яна актрысай — затое зберагла ў сэрцы любоў да ўсяго роднага-народнага, якой шчодра дзеліцца са сваімі выхаванцамі. І на розных канцэртах, пераважна ў складзе творчых брыгад Міколы Котава, яе можна пабачыць. Сама ж Ніна Мароз вельмі спадзяецца — ды і я, прызнацца, таксама, — што “залатыя каласы” народнай творчасці яшчэ доўга-доўга, з пакалення ў пакаленне будуць упрыгожваць беларускую ніву. І што родныя матывы і словы будуць асвятляць дабрынёй чуйныя душы нашых дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter