Такая вялікая радня

З розных краін прыязджалі на 500-гадовы юбілей вёскі Асмолавічы, што на Магілёўшчыне, яе ўраджэнцыНе ўсім паселішчам пашанцавала мець дату нараджэння. А ў вёскі Асмолавічы Клімавіцкага раёна, што на Магілёўшчыне, яна ёсць: упершыню ў летапісах паселішча згадана 5 кастрычнік 1512 года — як аднайменны маёнтак. Таму на юбілей “родавага гнязда” і збіраліся нашчадкі Асмалоўскіх не толькі з Беларусі, Украіны, Расіі, але і з Германіі, ЗША, Канады, Фінляндыі, Швейцарыі. Хлебам-соллю вяскоўцы сустракалі гасцей ля ўваходу ў сельскі клуб. Дарэчы, запіс у летапісах з’явіўся, калі кароль Жыгімонт I перадаў мясцовыя землі ва ўладанне іх продку Паўлу Асмалоўскаму. Ёсць звесткі, што служыў ён у Крычаўскім замку Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, і калі нехта з саноўных асоб ВКЛ трапіў пад час ваенных дзеянняў у маскоўскі палон, то Асмалоўскі ўратаваў яго.
Адсюль 500 гадоў таму пачыналася вёска Асмолавічы З розных краін прыязджалі на 500-гадовы юбілей вёскі Асмолавічы, што на Магілёўшчыне, яе ўраджэнцы

Не ўсім паселішчам пашанцавала мець дату нараджэння. А ў вёскі Асмолавічы Клімавіцкага раёна, што на Магілёўшчыне, яна ёсць: упершыню ў летапісах паселішча згадана 5 кастрычнік 1512 года — як аднайменны маёнтак. Таму на юбілей “родавага гнязда” і збіраліся нашчадкі Асмалоўскіх не толькі з Беларусі, Украіны, Расіі, але і з Германіі, ЗША, Канады, Фінляндыі, Швейцарыі. Хлебам-соллю вяскоўцы сустракалі гасцей ля ўваходу ў сельскі клуб. Дарэчы, запіс у летапісах з’явіўся, калі кароль Жыгімонт I перадаў мясцовыя землі ва ўладанне іх продку Паўлу Асмалоўскаму. Ёсць звесткі, што служыў ён у Крычаўскім замку Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, і калі нехта з саноўных асоб ВКЛ трапіў пад час ваенных дзеянняў у маскоўскі палон, то Асмалоўскі ўратаваў яго.
Асмолавічы старэйшыя за Клімавічы, якім 430 гадоў. А самай старажытнай вёскай у раёне лічыцца Стары Дзедзін: нядаўна адзначыў 1025-годдзе! Тая вёска — аднагодак Вялікага Ноўгарада, крыху малодшая за Полацк. Між тым перад юбілеем Асмолавіч наваколлі вёскі даследавалі археолагі. Агледзеўшы курганны могільнік, засведчылі: паблізу ў Х-ХІІ стагоддзях жылі радзімічы. І нават знайшліся рэшткі яшчэ аднаго паселішча з мінулых часоў. Раскопкі прадоўжацца. Вядома і месца першага селішча асмалаўчан, туды правяла на экскурсію ўсіх жадаючых краязнаўца, былая стараста вёскі, яна ж загадчыца мясцовай бібліятэкі Зінаіда Асмалоўская. Яна і каравай уручала прадстаўніцы гасцей Наталлі Строганавай, у дзявоцтве Бонч-Асмалоўскай. Была ў вёсцы раней Мікалаеўская царква — не ацалела. На тым месцы збудавалі клуб, потым там была школа, у якой некалі і я вучыўся, пакуль не ўзвялі новую, двухпавярховую. А мясцовыя каталікі маліліся ў касцёле суседняга сяла Лазовіца.
Напярэдадні юбілею на месцы былой царквы ўсталявалі, асвяцілі праваслаўны крыж.
У клубе было людна, усім месцаў не хапіла — стаялі ў праходзе. Прайшла прэзентацыя кнігі ў электронным выглядзе “Зямля продкаў: 500 гадоў роду Бонч-Асмалоўскіх” пісьменніцы Марыны Бонч-Асмалоўскай, яна цяпер жыве ў Германіі. У кнізе расказана пра гісторыю, вядомых прадстаўнікоў шляхецкага роду, які меў герб (на ім намаляваны аднарог на блакітным фоне) з італьянскай назвай Бонч, якая і стала прыстаўкай да прозвішча. Кажуць, што вадзіўся аднарог, ці шарсцісты насарог, 20 тысяч гадоў таму. І па гэты час знаходзяць парэшткі тых жывёлін у Клімавіцкай зямлі, вось і вясной 2009-га вучні Малашкавіцкай школы на беразе мясцовай рачулкі адшукалі зуб памерам з кулак.
Шмат жыхароў вёскі належаць да роду Асмалоўскіх, знакамітых асоб з яго выйшла нямала. Так, Мікалай Асмалоўскі даслужыўся да генерал-маёра царскай арміі, у руска-японскай вайне ўдзельнічаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі перайшоў на бок бальшавікоў. Багдан Асмалоўскі ўдзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, Барадзінскай бітве і ў замежных паходах у чыне паручніка. Даслужыўся да паручніка і Васіль Асмалоўскі. А 10 студзеня 1816 года ў мясцовай царквы быў ахрышчаны Рыгор Асмалоўскі, будучы сталаначальнік Магілёўскага губернскага ўпраўлення. Служыў чыноўнікам Клімавіцкай паліцыі Лука Асмалоўскі, быў і засядацелем Клімавіцкага земскага суда, пазней губернскім сакратаром. А вось Анатоль Бонч-Асмалоўскі вядомы як народнік-рэвалюцыянер, як і яго старэйшыя дзеці, якіх было чацвёра: Глеб, Ірына, Іван, Радзівон. Жанаты Анатоль быў на Варвары Вахоўскай, што ўваходзіла ў арганізацыю “Чорны перадзел”.
На 500-гадовы юбілей вёскі Асмолавічы сабраліся як мясцовыя жыхары, так і госці з розных краін На юбілей вёскі пашанцавала з надвор’ем, у Асмолавічах разгарнулі выставы, кірмашы Клімавіцкага цэнтра творчасці, Дома рамёстваў, краязнаўчага музея, Асмолавіцкай базавай школы. У фае клуба выставілі кнігі пра Магілёўшчыну, Клімавіччыну і Асмолавічы, падрыхтаваную ў Клімавіцкай цэнтральнай бібліятэцы. Песнямі, пачастункамі заклікалі да сябе гасцей этнападворкі суседніх вёсак. Туды завітаў і геолаг з Каліфорніі Пітэр Бонч-Асмалоўскі. “Я атрымаў магчымасць зразумець, адкуль мае карані, — казаў ён праз перакладчыцу. — Рады, што змог адшукаць у Беларусі сваякоў, знайшоў сясцёр нават у суседняй з Асмолавічамі вёсцы. І прыеду сюды абавязкова яшчэ раз”. Госця Ірына прыехала з швейцарскага Цюрыха, дзе працуе ў сферы энергетыкі. Нашчадак Асмалоўскіх па маці Сяргей Осіпцаў цэлую ноч быў за рулём аўтамабіля, каб паспець на юбілей. Прывезлі госці з далёкага замежжа на сустрэчу фатаграфію царквы, у якой хрысцілі іх продкаў. Казалі, адбудаваць яе ім не пад сілу, а вось на каплічку пачалі збіраць грошы.
Запомнілася надоўга ўсім тэатралізаванае прадстаўленне “Вечная вёска”. На сцэне, спецыяльна прывезенай з райцэнтра, былі кароль Жыгімонт І з жонкай, іншыя знатныя асобы з мінулага, сяляне. Вяскоўцаў, усіх Асмалоўскіх віншавалі старшыня райсавета Мікалай Даўгун, выконваючы абавязкі старшыні мясцовага Родненскага сельвыканкама Сяргей Сяргееў, дырэктар эксперыментальнай базы “Родненская” Юрый Уласікаў: адзін з вытворчых участкаў базы цяпер на тых землях. Лепшыя людзі вёскі атрамалі падарункі ад райвыканкама і сельвыканкама, словы падзякі пачулі за руплівую працу на зямлі і за іншыя жыццёвыя заслугі. Сярод ушанаваных і ўраджэнец Асмолавіч, палкоўнік у адстаўцы, 92-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер пяці баявых ордэнаў Пётр Асмалоўскі, які жыве ў Магілёве. Адзначаны і 86-гадовая асмалаўчанка Аляксандра Пашкевіч, ветэраны працы Генадзь і Зоя Чайкоўскія, шматдзетныя сем’і Стасевых і Кадаценкаў, мясцовыя краязнаўцы Зінаіда Асмалоўская і Сяргей Асмалоўскі, стараста вёскі, яна ж настаўніца Святлана Кузьмянкова. Не былі забыты і лепшыя працаўнікі мясцовага вытворчага ўчастка. Згадвалі і тых асмолаўцаў, каго ўжо няма ў гэтым свеце, але добрую памяць яны па сабе пакінулі.
Гучалі з вясковай сцэны і песні, былі ў канцэрце танцы, ладзілася вясёлая гульнявая праграма “Асмолавіцкія забаўкі”. Радавалі гледачоў узорны харэаграфічны гурт “Жывіца” Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, ансамбль песні і танца “Беразуха”, народны хор народнай песні раённага Цэнтра культуры, творчыя калектывы з прымежных расійскіх гарадоў Рослаў і Шумячы, з якімі клімавіччане даўно сябруюць. Выступалі і спевакі-салісты. Адзін з іх, Сяргей Булянкоў, песню прысвяціў аўтару гэтай публікацыі: як удзячнасць за выданне да юбілею вёскі краязнаўчай кнігі “Асмолавічы”. Я быў вельмі крануты такой увагай землякоў. Што да кнігі, то яна выклікала жывы розгалас сярод чытачоў. Шмат цёплых слоў пачуў на свяце. А перад юбілеем вёскі мне даслалі ліст з Мінска сёстры-пенсіянеркі Адэліна Машанкова (Асмалоўская па бацьку) і Алена Палякова (Асмалоўская па маці) з удзячнасцю за кнігу. Сваё дачыненне да шляхецкага роду Бонч-Асмалоўскіх яны ўсвядомілі з гадамі, цяпер актыўна цікавяцца радаводам, займаюцца пошукамі родзічаў.
Як жылі асмолаўцы раней? “Хай жылі мы бедна, часам не было і хлеба, затое весела, — свеціцца дабрынёй твар доўгажыхаркі Аляксандры Пашкевіч. — Помніцца, у дзяцінстве прабяжым да суседзяў басанож па снезе, бо абутку ж не было, — і на печ. Дружна жылі, адзін аднаму дапамагалі, у госці па святах хадзілі — і працавалі талакою.” Ветэран вайны і працы Пётр Асмалоўскі па адукацыі настаўнік гісторыі, а стаў ваенным, сам “рабіў гісторыю краіны” ў гады вайны. Ён заклікаў землякоў быць патрыётамі Бацькаўшчыны. Добра памятае, як гінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны маладыя салдаты. У Асмолавічах у вайну згарэла 124 хаты, а ўсяго па былым Асмолавіцкім сельсавеце — 269. “Я ганаруся, што адсюль родам! —гаварыў ветэран. — Калі хто не ведае сваёй гісторыі, то не ведае і самога сябе”. Так мяркуе і краязнаўца, загадчыца бібліятэкі Зінаіда Асмалоўская: “Гісторыя нашай вёскі — гэта ў маленькім маштабе і гісторыя краіны. І варта ганарыцца тым, што мы ведаем свае карані, памятаем продкаў”. Яна прапанавала землякам падзяліцца звесткамі аб продках, старымі фотаздымкі. І мясцовую ўладу папрасіла шанаваць вёсачку, у якой у 1970-м было 800 домаўладанняў, жыло 739 чалавек, а цяпер — каля 400 жыхароў на 200 хат. Дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Юрый Уласікаў пагадзіўся: трэба ўдыхнуць новае жыццё ў Асмолавічы, і як будзе вытворчасць — то будзе ў вёскі і будучыня.
Варта дадаць, што нашы Асмолавічы — гэта і радзіма продкаў Лідзіі Асмалоўскай, першай савецкай жанчыны-партызанкі, узнагароджанай у вайну медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені, а яшчэ і ордэнам Чырвонай Зоркі. Тут нарадзіліся банкір Аляксандр Асмалоўскі, актрыса, выпускніца Школы-студыі МХАТ Джэма Асмалоўская, журналіст Андрэй Асмалоўскі, пісьменнік Аляксандр Валковіч, палітолаг Уладзімір Асмалоўскі, спартсмен-лыжнік Валерый Кулагін, сцэнарыст і рэжысёр Аляксандр Лапо, энергетык Віктар Асмалоўскі — гэта вядомыя ў краіне і замежжы людзі. Адсюль родам кавалер трох Георгіеўскіх крыжоў Мікіта Кудлоў, архітэктар Міхаіл Асмалоўскі, першы намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Судзілоўскі.
Да юбілею вёскі ў яе цэнтры ўстаноўлены вялікі камень-валун з надпісам “Асмолавічы. 1512”. Як знак памяці, павагі да мінулага — і надзеі на будучыню. Мне ж асабліва прыемна, што памятны знак стаіць па суседстве з былым падворкам маіх бацькоў.
Варта дадаць, што адна з галоўных арганізатараў свята — расійская пісьменніца Марына Бонч-Асмалоўская. Яна прачытала ў інтэрнэце пра маю кнігу, блізкі юбілей вёскі і загарэлася ідэяй: прывезці ў глыбінку прадстаўнічую дэлегацыю сваіх цёзак па прозвішчы. Нас падтрымалі ў Клімавіцкім райвыканкаме, найбольш Марыя Пракопчык, якая прыклала нямала намаганняў, каб свята вёскі прайшло на высокім узроўні. “Трэба прызнаць, што Асмолавічы квітнеюць, калі параўноўваць іх з многімі расійскімі вёскамі, — гаварыла пісьменніца Марына Бонч-Асмалоўская. — Я вельмі рада, што вёска жыве”. Для яе цяпер усе асмолаўцы — як вялікая радня, а самі Асмолавічы — роднае месца, другая радзіма.

Іван Лапо, ураджэнец вёскі Асмолавічы, журналіст

На здымках:
Адсюль 500 гадоў таму пачыналася вёска Асмолавічы
На 500-гадовы юбілей вёскі Асмолавічы сабраліся як мясцовыя жыхары, так і госці з розных краін
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter