Такая вось "Русь". Вёска адна — маленькая, але прытулілася на мяжы трох абласцей: Віцебскай, Смаленскай і Пскоўскай

Маленькія ручаі і рачулкі без выхадных і святаў з любоўю сілкуюць блакітнае ўлонне Заходняй Дзвіны. Гэтак жа і глухія, аддаленыя ад гарадскога тлуму чалавечыя селішчы ўтвараюць своеасаблівае “генеалагічнае дрэва” вясковай Белай Русі.
Жартам кажучы, там, дзе Макар цялят не пасе, нам сустрэлася вёска з надзвычай красамоўнай назвай – Партызанаўка. Глыбейшай глыбінкі на паўночным усходзе Віцебшчыны наўрад ці спаткаеш. А мясціны – сапраўдная жывая лясная казка. Ды і геаграфічнае становішча адмысловае: на мяжы трох абласцей – Віцебскай, Пскоўскай і Смаленскай. Надта ганарова для адной вёскі межаваць адразу з трыма абласцямі, знаходзіцца ў абсягу дзвюх дзяржаў – Беларусі і Расіі! Калі адштурхнуцца ад высокага “штылю”, то вёска Партызанаўка проста з’яўляецца адным з населеных пунктаў Запольскага сельскага Савета Віцебскага раёна. На тэрыторыі сельсавета пастаянна пражываюць 1330 жыхароў. Так званыя “дачнікі” не ў лік. У гэтым сэнсе старшыню Запольскага сельскага Савета Івана Архіпенку па колькасці падначаленых, безумоўна, можна атэставаць на званне “ляснога палкоўніка”. Тым болей што і “войска” ягонае па ўзросце пераважна ветэранскае. Моладзь у віцебскай глыбінцы не ахвоціцца пускаць карані: больш-менш жывыя і жвавыя 28 вёсак з існуючых 33 на геаграфічнай карце мясцовага маштабу. Калі не лічыць дачнікаў і экстрэмалаў, то сталічны люд і начальства не асабліва сюды дабіраюцца. Зрэшты, у гэтым сваё хараство: дзе меней народу – там болей кіслароду. Але мяне з мноства чаго цікавага і нават эксклюзіўнага дужа заiнтрыгавала менавіта Партызанаўка з яе “ваяўнічай” назвай. “Лясны палкоўнік” ахвотна задаволіў тое, што не мае грыфу сакрэтных матэрыялаў. З расказу Івана Іванавіча ўдалося даведацца, што ў даваенныя часы і пасля Вялікай Айчыннай населены пункт называўся Жыраспёры. Няйнакш як ад прыналежнасці да рыбных мясцін. Вёска стаіць на беразе рэчкі Усвячы, якая злучаецца з Заходняй Дзвіной. Тут водзіцца рыба пад назвай жыраспёр. Продкі нашы не мудрагелілі і гэтак жа вёску сваю назвалі. Усё перайначыла барацьба з гітлераўскімі акупантамі. Хаця сюды вораг і нос баяўся сунуць. Якраз у гэтых мясцінах размяшчаўся штаб партызанскай брыгады на чале з легендарным бацькам Мінаем. Лясныя мсціўцы стварылі тут сваю незалежную “партызанскую рэспубліку”. Заўсёды ў час вайны тут дзейнічалі калгасы. А над сельскім Саветам ніколі не спускаўся пунсовы сцяг. Іншымі словамі, у тыле ворага калгаснікі вырошчвалі хлеб і бульбу, нарыхтоўвалi сена, забяспечвалі мясам і малаком. Хапала на ўласныя патрэбы і каб забяспечыць правіянтам партызанскія атрады Міная Шмырова. І гэта унікальная старонка Вялікай Айчыннай вайны. А не менш знакамітыя “Суражскія вароты” спаўна заслугоўваюць называцца дарогай жыцця і свабоды. — І сёння замест Жыраспёраў мы маем новую назву вёскі – Партызанаўка, — тлумачыць Іван Архіпенка. – Такім было жаданне саміх мясцовых жыхароў. Каб праз гады-дзесяцігоддзі не растварылася ў падзеях легенда-быль пра партызанскі край, куды не ступала нага фашысцкіх драпежнікаў. — А чым сёння адметная Партызанаўка? — Хоць яна і аддаленая ад вялікіх гарадоў, аднак глухаманню яе не назавеш. Тут 36 гаспадарак. У вёсцы жывуць 89 чалавек, з якіх паўсотні працаздольныя. А пенсіянераў толькі два дзесяткі. Так што вёска ва ўсіх адносінах “жывая”, актыўная. Дарэчы, незадоўга да развалу СССР да Партызанаўкі паспелі пракласці асфальтаваную дарогу. Тады якраз у Беларусі па дагаворах працавала шмат рабочых брыгад з Арменіі з невялікімі асфальтавымі заводзікамі. Адна з такіх брыгад забяспечыла цвёрдае пакрыццё да “сэрца” партызанскага краю... Праўда, цяпер не існуе тут былога калгаса “Расія”. Але народ не разгубіўся і не пакінуў славутых мясцін. У выніку рэфармавання сельгасвытворчасці стварылі сялянска-фермерскую гаспадарку пад назвай “Русь”. Кіраўніком яе стаў свой у партызанскім краі чалавек – Аляксандр Шлыкаў. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. І бацька ягоны дужа паважаны ў акрузе – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Іванавіч Шлыкаў. Кіраўнік сельскага Савета задаволены і малодшым Шлыкавым. Кажа, што пасля рэфармавання ў сялянска-фермерскай гаспадарцы людзям лепш аплачваецца праца, праяўляецца клопат аб састарэлых і ветэранах. Нават уласны магазін змаглі адкрыць на базе гаспадаркі, каб у людзей любога ўзросту не балела галава аб набыцці ўсяго патрэбнага. Як вы заўважылі, не сталі балюча “ламаць” у партызанскім краі і былую назву: быў калгас “Россия” – стаў сялянска-фермерскі кааператыў “Русь”. Дробязь? Не скажыце! Проста на гэтай зямлі ўсё наскрозь пераплецена-знітавана. Адной вялікай раднёй жывуць у былой “партызанскай рэспубліцы” беларусы, пскавічы, смаляне. А штучна створаная мяжа толькі мацней яднае ў гурт прыгранічнае насельніцтва. І гэта таксама тая “жывая вада”, ад якой сілкуецца і рэчышча вірлівай Заходняй Дзвіны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter