Рэпартаж: як у Мінску вызначылі пераможцаў конкурсу «Сям'я–года—2017»

Такая вось пятрушка

Знаёмцеся: сям’я года Пятрушка. Яна стала пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года — 2017», дзе спаборнічалі адразу сем каманд з кожнага рэгіёна краiны. Журы прыйшлося нялёгка: усе ўдзельнікі аказаліся як на падбор — згуртаваныя, яркія і харызматычныя. А ўсё таму, што ў суперфінале аказаліся сапраўды самыя лепшыя — усе яны сталі фіналістамі спачатку на раённым, а затым і на абласным этапе.

Шчаслiвая сям’я ПЯТРУШКА.

Але і сем’ям прыйшлося нялёгка. Каб атрымаць ганаровае званне, удзельнікі павінны былі не толькі падзяліцца тонкасцямі сямейнай гармоніі, але і прадэманстраваць свой творчы патэнцыял.

На конкурсе яны прадстаўлялі візітную картку сям’і «Радавод», а таксама сацыяльна значны праект — прэзентацыю актыўнай жыццёвай пазіцыі членаў сям’і, захапленняў, поспехаў і дасягненняў. Усе без выключэння з фантазіяй падышлі да выканання заданняў. Кожны выхад станавіўся асобным тэатралізаваным прадстаўленнем, прычым наладжаным на такім узроўні, што пазайздросціў бы любы прафесійны рэжысёр-пастаноўшчык. Пастараліся і арганізатары — шоу было яркім і эфектным.

Ва ўдзельнікаў атрымалася і слязу выбіць у гледачоў, і прымусіць і х пасмяяцца ад душы. На самай справе здзівілі ўсе. Так, сям’я Хвесюк з Мікашэвічаў выступіла на сцэне так, быццам для яе членаў акцёрства — самая звычайная справа. Муж і жонка Краўчук з Віцебска склалі радавод сваёй сям’і, запісаны на паперы ў 4,5 метра. Сям’я Сідар з аграгарадка Лунна Гродзенскай вобласці і іх чароўныя дочкі расказалі пра сваіх продкаў, пачынаючы з XVII стагоддзя. А ўдзельнікі з горада Нясвіжа Еўтух арганізавалі касцюміраванае прадстаўленне. 

Пераможцы сям’я Пятрушка з Калінкавічаў, дарэчы, самая шматлікая каманда на гэтым конкурсе. У іх сям’і восем чалавек. Аляксандр і Наталля выхоўваюць шасцярых дзяцей: чатыры дачкі і двух сыноў. Аляксандр — інструктар-метадыст ФСК, уладальнік чорнага пояса па таэквандо. Гэтым відам спорту захапляецца амаль уся сям’я. Наталля — добры, чулы і спагадлівы чалавек, узнагароджана ордэнам Маці. Ганаровы дыплом II ступені атрымала сям’я Войцех, а дыплом III ступені — Хвесюк.

Кожная такая сям’я — гэта прадмет не толькі захаплення, але і пераймання, лічыць міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч: «Калі будзе моцная сям’я, то ў дзяцей абавязкова будзе добрая будучыня».

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter