У Беларусі добра вядом палескi самародак Іван СУПРУНЧЫКА.

Такія думкі на вагах жыцця

А палескам самародке Іване СУПРУНЧЫКЕ
Сялянския  сем’і, дзе не цураюцца працы на зямлі. З такой сям’і Янка Купала, Якуб Колас і паэтка Яўгенія Янішчыц, што прысвяціла свой верш інтэлігентам зямлі беларускай.


…Збіраў у торбачку харчы,

Касіць ішоў мядовым лугам...

І нот ніколі не вучыў —

Іграў на слых беспамылкова.


Вось так беспамылкова іграў на скрыпцы і бацька цяпер ужо добра вядомага ў Беларусі палескага самародка Івана СУПРУНЧЫКА.


Ён не толькі займаецца драўлянай скульптурай, жывапісам, але і стварыў унікальны вясковы краязнаўчы музей у роднай вёсцы Цераблічы, што паміж старажытнымі Туравам і Давыд-Гарадком. Каля кожнага вясковага падворка, адкуль пайшлі змагацца з фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не вярнуліся дамоў яго землякі, Іван Піліпавіч увекавечыў іх у скульптурах. Застылі ў дрэве тры велічныя землякі Кастусь, Васіль і Яўхім, а побач на Дзяды застыла ў чаканні іх маці...


А каля хаты Івана Супрунчыка паўстаў воін-музыка са скрыпкай і аўтаматам у руках. Такім Іван Піліпавіч увекавечыў вобраз свайго бацькі-франтавіка, які загінуў у той дзень, калі маленькаму Іванку споўнілася два гадкі... Запомніў сын і мацярынскі наказ, каб на яе магіле ніякіх камянёў не было. Доўга шукаў дуб, знайшоў і з магутнага камля высек самы дарагі яму воблік і крыж, які яна годна пранесла праз усё сваё нялёгкае сялянскае жыццё.


А расповеды маці, паданні і самыя дзіўныя гісторыі пра родных і землякоў з глыбіннай палескай вёскі Цераблічы, ад якой да райцэнтра 70 кіламетраў, удзячны сын увасобіў у экспазіцыі незвычайнага краязнаўчага музея. Дзесяцігоддзямі збіраў па навакольных вёсках і хутарах дзіўныя сялянскія рэчы, непатрэбныя іншым, а яму вельмі дарагія, высякаў фігуры адмысловых вяскоўцаў, ствараў незвычайныя малюнкі і поўніў імі свой музей.


— Людзі ўсё ўлічаць у жыцці, нават быццам толькі табе аднаму вядомае, — адзначае Іван Супрунчык. — Усё патаемнае становіцца некалі яўным. Пражыць жыццё годна няпроста. Прыйдзе час, і нашы ўсе ўчынкі, думкі лягуць на вагі ацэнкі жыцця. Нічога проста не праходзіць. Нездарма кажуць: за грахі бацькоў адказваюць нават не дзеці, а ўнукі і праўнукі. Кожны ў адказе за сваё жыццё як перад продкамі, так і нашчадкамі. Экспазіцыя майго музея так аформлена, каб кожны наведвальнік пасля экскурсіі задумаўся пра сваё мінулае і падумаў, як гэта можа адбіцца на жыцці нашчадкаў.


Каля стогадовага вясковага храма Цераблічаў Іван Піліпавіч усталяваў распяцце Хрыста. А ў самабытным музеі сабрана багатая калекцыя палескіх драўляных вобразаў, якім не адно стагоддзе. Экспанаты вясковага музея здзіўляюць кемлівасцю продкаў. Так і хочацца спытаць: а што гэта, а для чаго яно? Вось як незвычайная драўляная пральная машына, што прымала толькі лён, які вырошчвалі палешукі. А шчодрую даніну лясных пушчаў збіралі не толькі рукамі, а і спецыяльнымі драўлянымі камбайнамі, якія таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.


Яго ўнікальныя драўляныя скульптуры прадстаўлены на ІІІ Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Зов Полесья» ў Ляскавічах. Уклад у беларускую культуру палескага самародка Івана Супрунчыка адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter