У Мінску распачаўся III Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”

Сыходжу ў манастыр

Учора ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску распачаўся III Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, які працягнецца чатыры дні. У праграме спектаклі 21 тэатра з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Сербіі і Літвы.

Дзіўна, як энергія і захопленасць аднаго чалавека, вядомага акцёра тэатра імя М. Горкага Аляксандра Ждановіча, які знайшоў аднадумцаў у манастырскіх сценах, вылілася ў паўнавартасны і ўжо рэгулярны фестываль. Ждановіч стаў мастацкім кіраўніком і вядучым гэтага форуму. Сёння ён успамінае: “Першы год быў “хатні”. Прыехалі толькі 11 калектываў з розных гарадоў Беларусі. У наступным годзе фестываль ужо стаў на ногі, павялічылася колькасць і арганізатараў, і ўдзельнікаў”.

Можна было б растлумачыць нястомную энергію Аляксандра Ждановіча, калі б акцёр у родным тэатры быў незапатрабаваны. Але гэта не так — рэдкі аншлагавы спектакль абыходзіцца без яго ўдзелу. Таму можна толькі дзіву давацца яго энергіі і дапытлівасці.

Аб гісторыі беларускай батлейкі ёсць шмат інфармацыі. Але “Нябёсы” паказваюць яе сённяшні стан, і гэта не можа не выклікаць па меншай меры здаровы інтарэс. Якія тэмы ўздымаюць у сваіх спектаклях аўтары пастановак? Ці выйшаў батлеечны тэатр за межы міфа, каляднага апавядання? Ці з’явіліся ў ім новыя героі? Усё гэта вельмі цікава, і асабіста для сябе я ўжо цвёрда вырашыў, дзе правяду выхадныя — у манастыры!

Пераможцаў будуць вызначаць у арыгінальных намінацыях: “Лепшае мастацкае выкананне”, “Лепшае афармленне батлеечнай скрыні”, “Лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля” і іншых. 15 студзеня адбудзецца круглы стол з удзелам тэатральных крытыкаў і тэатразнаўцаў на тэму “Народны тэатр лялек (батлейка). Нацыянальныя асаблівасці і сучасны стан”.

Батлейка — брэнд беларускага тэатра. І такіх брэндаў у яго, на жаль, вельмі мала. Не шанцавала нам з брэндамі. Несцерка ды Паўлінка, лапці ды смык — вось і ўвесь наш скарб. Тым не менш, каб брэнд заставаўся жыццяздольным, у яго трэба ўдыхнуць новае жыццё. “Нябёсы” яму ў дапамогу!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter