Сямейны дуэт не цураецца «дробязей»

ФАКТ унікальны: у вёсцы Івесь Глыбоцкага раёна дэпутатамі Псуеўскага сельскага Савета з’яўляюцца муж і жонка — Анатоль і Валянціна ПАПКІ. Прычым абое балатуюцца зноўку: Анатоль у чацвёрты раз, а Валянціна — у другі

— Вылучэнне ішло зборам подпісаў, — гаворыць старшыня Псуеўскага сельскага Савета Тамара Верташонак. — Жыхары дружна падалі спісы за Анатоля Міхайлавіча і Валянціну Валянцінаўну.

Анатоль вядзе ўрокі фізічнага выхавання ў Прошкаўскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе, а Валянціна працуе загадчыцай філіяла «Івесь» Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства.

— Што я паспела зрабіць за свой першы дэпутацкі тэрмін? — задумваецца Валянціна. — Наша жыццё складваецца часцей з дробязей. Але яны для нашых вяскоўцаў вельмі важныя: ліхтары не гараць, выпасы трэба памяняць, у краме нечым незадаволеныя... Званкі бываюць самыя розныя. І людзі прывыклі звяртацца непасрэдна да нас.

У сямейнага дуэта ёсць свая выбарчая праграма, узгодненая з аднавяскоўцамі. У ёй — паляпшэнне стану дарог, абсталяванне пляжа на возеры Моліна, развіццё падсобных гаспадарак.

Што да апошняга пункта, то тут сямейны дуэт Анатоля і Валянціны Папкоў паказвае прыклад: яны трымаюць тры каровы!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter