Сям’я мацуе дзяржаву

СЯМ’Я — карабель, які плыве ў сонечную гавань, дзе пануе цеплыня, згода, пяшчота, цярплівасць і падтрымка, і кіруецца ён на маяк пад назвай «каханне». Карабель з дружнай камандай, дзе бацька — капітан, а маці — штурман. Такі прыгожы вобраз стварылі Марына і Дзмітрый ДАРОШКІ з Жодзіна і іх дзеці на сцэне Музычнага тэатра падчас суперфіналу першага рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года». У кожнай з сямі сем’яў-удзельніц было шмат крэатыву, з якім яны прадстаўлялі сябе ў візітоўцы. А галоўнае — у іх багата сапраўдных прыгожых учынкаў, адносін адзін да аднаго, аб чым можна расказаць на ўсю краіну.

У радаводзе Глазковых 36 настаўнікаў і больш за 200 працоўных узнагарод

СЯМ’Я — карабель, які плыве ў сонечную гавань, дзе пануе цеплыня, згода, пяшчота, цярплівасць і падтрымка, і кіруецца ён на маяк пад назвай «каханне». Карабель з дружнай камандай, дзе бацька — капітан, а маці — штурман. Такі прыгожы вобраз стварылі Марына і Дзмітрый ДАРОШКІ з Жодзіна і іх дзеці на сцэне Музычнага тэатра падчас суперфіналу першага рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года». У кожнай з сямі сем’яў-удзельніц было шмат крэатыву, з якім яны прадстаўлялі сябе ў візітоўцы. А галоўнае — у іх багата сапраўдных прыгожых учынкаў, адносін адзін да аднаго, аб чым можна расказаць на ўсю краіну.

Сям’ю нездарма называюць падмуркам грамадства і асновай яго стабільнасці, адзначыў у прывітанні ўдзельнікам суперфіналу старшыня арганізацыйнага камітэта намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Бо яна не толькі дапамагае перадаваць з пакалення ў пакаленне культурныя каштоўнасці, нацыянальныя традыцыі, але і вучыць галоўнаму — любіць і клапаціцца пра іншых. Конкурс дае магчымасць лепшым сем’ям краіны прадэманстраваць, у чым сакрэт шчасця ў сумесным жыцці. І калі камусьці прыклад канкурсантаў паслужыць арыенцірам, гэта і будзе лепшым яго вынікам, упэўнены Анатоль Тозік.

Журы, якое ўзначальвала старшыня праўлення Нацыянальнага банка і грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Надзея Ермакова, сапраўды было складана вызначыць лепшую ячэйку грамадства, бо ў кожнай мелася мноства вартасцей, пазітыву, зараджальнай энергетыкі і да таго ж значны сацыяльны праект, які сям’я рэалізуе ці збіраецца здзейсніць. Так, мама Марына Дарошка вядзе на Жодзінскім тэлебачанні перадачу для дзяцей, якая дапамагае сіротам знайсці прыёмных бацькоў. Сатварыць тэрыторыю сям’і ў лесапаркавай зоне Пінска думаюць разам з іншымі энтузіястамі Аксана і Мікалай Лаўрэнцікі. А Іван і Ірына Локцевы з Мастоў ужо пачалі прыводзіць у парадак дзіцячую пляцоўку. Яны прапанавалі нават аб’явіць конкурс «Маленькі домік для вялікай краіны» і вынікі яго падвесці на такім жа суперфінале ў 2014 годзе.

Шасцярым дзецям Міхаіла і Святланы Кліменцьевых з Полацка ёсць з каго браць прыклад: і бацька, і маці былі ўзнагароджаны ў свой час прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. У Святланы хапае часу і на самарэалізацыю ў прафесіі. Яна выкладчык ВНУ і аўтар вучэбна-метадычных комплексаў па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт». А вось Дзмітрый і Ірына Галецкія з Гомеля пажаніліся яшчэ ў студэнцкія гады і паспелі нарадзіць траіх дзетак, двое з якіх неўпрыкмет выраслі і падаюць вялікія надзеі ў спорце і вучобе.

Для творчай сям’і з Мінска Дзмітрыя і Лідзіі Ровенскіх галоўнае пачуць музыку сваёй зямлі. У іх родзе — пяць пакаленняў музыкантаў. У сямейным ансамблі іграюць усе дзеці. Дзмітрый Ровенскі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, — мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Мінскія музыкі» і дзіцячага фальклорнага «Дударыкі».

І ўсё ж сэрцы членаў журы скарыла настаўніцкая сям’я Глазковых з Магілёва, у якой на парытэтных пачатках ужываюцца два дырэктары школ — цешча і зяць — Яўгенія Дзмітрыеўна Дубіцкая і Мікалай Віктаравіч Глазкоў. Іх дачка і жонка Таццяна Рыгораўна — настаўніца матэматыкі і абслугоўваючай працы. Магіляўчане і сталі ўладальнікамі Гран-пры першага конкурсу «Сям’я года» и сертыфіката на 150 базавых велічынь. А ўсяго ў радаводзе Глазковых 36 настаўнікаў. Гэта толькі тыя, пра якіх удалося дазнацца. Кожны сямейны абед ператвараецца ў маленькі педсавет: калі збіраецца радня, а гэта не менш як 30 чалавек, хтосьці абавязкова завядзе гутарку пра школьныя справы… У іх усіх больш за 200 працоўных узнагарод. А свой радавод Глазковы ведаюць з 1820 года.

У Таццяны і Мікалая пяцёра дзяцей. Старэйшаму сыну Яўгену 20 год, а малодшаму Яраславу акурат у дзень правядзення конкурсу споўнілася чатыры. «Калі мы сустрэліся, — узгадвае Таццяна, — зайшла гаворка пра жыццё, і ён сказаў: «Я хачу мець вялікую сям’ю». Я зірнула на яго і зразумела, што ён мой, бо і я заўсёда марыла аб тым жа».

А год таму ў іх з’явілася і прыёмная дачка Даша. Дзяўчынка вучыцца разам з іх дочкамі. Здарылася так, што ад яе адмовілася прыёмная маці і неўзабаве яе павінны былі забраць назад у інтэрнат. Менавіта Глазковы-дзеці папрасілі бацькоў узяць Дашу да сябе. За тыдзень патрэбна было сабраць шматлікія даведкі для кожнага з сямейнікаў. Аформіць належныя дакументы прасцей было бабулі. Так Яўгенія Дзмітрыеўна стала прыёмнай маці, але насамрэч яна, як і для сваіх унукаў, так і для Дашы, бабуля, а мамай і татам для дзяўчынкі сталі Таццяна і Мікалай.

У Глазковых так заўсёды: усе важныя рашэнні прымаць на сваім кансіліуме, у якім роўныя правы з дарослымі маюць і дзеці. Чым заняцца на выхадныя, што купіць першачаргова, а што можа пачакаць. А традыцыю сямейных канцэртаў устанавіла яшчэ маці Яўгеніі Дзмітрыеўны, таксама настаўніца. Для дзяцей абавязковае правіла — выступіць кожнаму і не адзін раз. У гэты час бацькі расказваюць пра іх дасягненні. Такое вось простае шчасце. Зрэшты Глазковы прапанавалі стварыць клуб «Сям’і года» і адпаведны сайт. Бо сапраўды, насуперак класіку, кожная шчаслівая сям’я адметная. А яшчэ мама Таня пажадала ўсім маладым мець паболей дзяцей. Не трэба баяцца цяжкасцей, наадварот, толькі ў вялікай сям’і маленькім грамадзянам прасцей сябе рэалізаваць. Толькі ў моцнай сям’і вырастае асоба.

Дыпломы трэцяй, другой і першай ступені адпаведна атрымалі Галецкія, Дарошкі і Ровенскія. Кожнаму з фіналістаў ад урада ўручаны тэлевізары, іншыя падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу, а гэта міністэрствы працы і сацыяльнай абароны, культуры, інфармацыі, адукацыі, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, Беларускі саюз жанчын. Асаблівая ўдзячнасць выказана Дзіцячаму фонду ААН і фонду ў вобласці народанасельніцтва (ЮНФПА), а таксама спонсарам. У адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на 2011—2015 гады наступны рэспубліканскі конкурс адбудзецца ў 2014-ым. Упэўнены, што для ўдзелу ў ім ёсць шмат дастойных прэтэндэнтаў.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter