Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У новым нумары газеты “Прамень”, які пабачыў свет у Рызе ў студзені, падзведены вынікі года мінулага — і ўжо надрукавана праграма Дзён беларускай культуры-2018 у Латвіі

Сябруем газетамі

Валянціна Піскунова, Іна Олесава, Барыс Піскуноў у Мінску

Газету ў ПДФ-фармаце даслала нам разам з Навагодне-Каляднымі віншаваннямі старшыня праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. У газеты — 4 старонкі вялікага фармату, і гэта ўжо 207-ы нумар ад пачатку выдання. Шмат віншаванняў, фотаздымкаў, ёсць аповед пра Навагоднюю сустрэчу ў Генконсульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе. Пішацца пра Навагодні вечар у Рызе (яго праводзіла Рыжскае беларускае таварыства “Прамень” з удзелам ансамбля “Шкляры”), пасяджэнне праўлення СБЛ, на якім зацверджана і праграма Дзён беларускай культуры-2018 у Латвіі. Грунтоўны артыкул “Беларусы — гэта частка мінулага, сучаснага і будучыні Латвіі” мяркуем адаптаваць і для газеты “Голас Радзімы”: досвед правядзення конкурсу даследчых работ “Беларусы Латвіі: Мінулае і сучаснасць” будзе цікавым па ўсім беларускім свеце. А пра творчую стажыроўку кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці ў Беларусі — мы пісалі. Як і пра святы-фестывалі, што праходзілі ўвосень па ўсёй Латвіі.

Крыху яшчэ пра пашыранае пасяджэнне праўлення Саюза беларусаў Латвіі, якое прайшло 16 снежня. На ім падведзены вынікі леташніх намаганняў, абмеркаваны і зацверджаны план працы на 2018 год. Дарэчы, пра ўсё важнае, што робіцца ў беларускіх суполках Латвіі, ёсць матэрыялы ў газеце “Прамень”, на сайце www.belorus.lv, у газетах “Голас Радзімы”, “Сегодня” (Латвія) ды рэгіянальных газетах суседняй краіны. У верасні-кастрычніку пройдуць Дні беларускай культуры-2018, прысвечаныя 15-годдзю СБЛ і 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі. Прадоўжыцца конкурс “Беларусы Латвіі: Мінулае і сучаснасць”, завершыцца праект “Ручнік — традыцыйны элемент беларускай культуры”: гэта сімвалічнае пажаданне міра, дабра і працвітання. Зацверджана прапанова: суполкам Саюза актывізаваць працу па накіраванні на вучобу ў вну Беларусі латвійскіх беларусаў (на тое Бацькаўшчына выдзяляе квоты),  накіроўваць дзяцей на адпачынак у нарачанскі Дзіцячы цэнтр “Зубраня”. Гэта, палічылі кіраўнікі СБЛ, паспрыяе згуртаванню беларусаў, пашырэнню разнастайных бела­руска-латвійскіх стасункаў.

Спадзяемся на плённую супрацу ў годзе 2018-м, паважаныя супляменнікі з Латвіі!

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter