Сяброўкi плакалi i смяялiся

Марыя Фiлiпаўна то шчыравала каля плiты, то падбягала да дзвярэй. Прайшлi ўсе тэрмiны, а сяброўкi няма. “Можа, не ў той бок пайшла”, — захвалявалася. I яна пабегла да метро. Падобных на Тоню жанчын, якiя б углядалiся ў твары цi нервова хадзiлi ўзад-уперад, не было. Яна вярнулася дадому. I там нiкога. Нарэшце тэлефонны званок. “Якi ў цябе нумар кватэры?” — пытае сяброўка. I смяецца, што пераблытала кватэры i не туды трапiла — суседу знiзу доўга тлумачыла, што прыехала да яго жонкi. Урэшце высветлiлi, што да чаго. I сяброўкi моцна абнялiся, заплакалi, засмяялiся, зноў заплакалi. Не маглi стрымаць эмоцыi — не бачылiся ж больш за 40 гадоў, з часу заканчэння школы.

А сустрэлiся мiнчанка Марыя Фiлiпаўна Трыбухоўская (у дзявоцтве Яско) i Антанiна Васiльеўна Навiцкая (Славiнская) са Стоўбцаў дзякуючы сумеснаму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” На пiсьмо з просьбай адшукаць сяброўку i яе фотаздымкам, змешчанымi ў нашай газеце 16 лютага, адгукнулася Антанiна Васiльеўна. “Гэта мяне шукаюць”, — коратка паведамiла яна. А неўзабаве сяброўкi запрасiлi нас на сустрэчу. I расказалi пра сваю дружбу, узгадалi школьныя гады, правялi адна адну па сваiх лёсах.
Маша.
Дзяцiнства
Расказваючы пра дзiцячыя гады, Марыя Фiлiпаўна плача. Плача па той дзяўчынцы, заўжды галоднай, у старэнькай вопратцы, не аблашчанай таткам (яго павесiлi немцы за сувязь з партызанамi), якая, застаўшыся без нагляду на печы, атрымала моцны апёк.
— Мая мама была вельмi прыгожая. Калi тата загiнуў, яна засталася ўдавой з трыма дзецьмi, — успамiнае Марыя Фiлiпаўна. — Але з’явiўся мужчына, якi захацеў з ёй ажанiцца. Ён ваяваў, быў кантужаны, меў шмат узнагарод. I ў дадатак быў... жанаты. Жонка прыязджала з сынам, угаворвала яго вярнуцца, мне пра гэта расказвала цётка. Так атрымалася, што тая жанчына мусiла з’ехаць. Мама выйшла замуж, i ў мяне з’явiўся айчым. А затым нарадзiлася яшчэ трое дзяцей. Айчым аказаўся п’янiцам, дрэнна адносiўся да матулi i да нас. Усё дзяцiнства я хадзiла галодная. Ездзiлi ў вёску даглядаць i пасвiць свiней, каб хоць паесцi. Летам збiралi ў лесе ягады. Самы лепшы прысмак, але такi рэдкi, быў цукар: мама купiць, дасць па кавалачку i так радуешся.
Тоня.
Дзяцiнства
— А я ўспамiнаю дзiцячыя гады цёпла i светла, — кажа Антанiна Васiльеўна. — Мне быў усяго месяц, калi тата загiнуў на фронце. Мацi выйшла замуж другi раз за iнвалiда без нагi. Мой айчым быў лётчыкам, самалёт збiлi i нагу адарвала. Урачы сказалi, што жыць яму засталося тры гады. Але дзякуй Богу, жыў. Мацi мая была настаўнiцай. Айчым працаваў галоўным бухгалтарам. Добры быў чалавек i вясёлы. Iграў на гармонiку. Заўжды частаваў мяне цукеркамi. Калi не прыносiў, я нават злавалася. У мацi з айчымам яшчэ двое дзяцей нарадзiлася. Летам дапамагала бабулi з клубнiцамi: цягала вёдры, а яна прадавала. А вось Марыя казала, што нават не ведала, што за смак у гэтых клубнiц.
  Сяброўкi.
 Час мiнулы
Яны пасябравалi ў школе ў Лепелi. Здаецца, розныя i ў той жа час вельмi падобныя. Абедзве вучылiся аднолькава, хоць i не выдатна. Былi вясёлыя. Iшлi са школы — песнi спявалi. Разам хадзiлi на школьныя вечары, дзялiлiся дзявочымi сакрэтамi. Па вечарах у лапту, у “ручаёк” гулялi.
— Шэсць сталоў было ў класе, па чатыры чалавекi за адным сядзелi, — узгадвае Антанiна Васiльеўна. — Неяк аднакласнiкi пачалi чапiцца, чаму на мяне так Васька глядзiць i я нiбыта на яго таксама. Так “дасталi”, што аднойчы на ўроку фiзiкi я нават з класа сышла. Настаўнiк расказаў пра гэта маёй мацi. Цiкава, канфлiкт завяршыўся тым, што ў дзённiку з’явiлiся добрыя адзнакi па фiзiцы.
— А памятаеш 10 клас, як пасля экзамена мы паехалi на востраў? — працягвае ўспамiны сяброўка.
— I ледзь не патапiлiся, — смяецца другая. — У лодку нас шмат набiлася, раскачалi яе, перакулiлiся, плюхалiся i караскалiся на сушу як маглi.
А пасля заканчэння школы шляхi iх разышлiся на доўгiя чатыры дзесяцiгоддзi.
Марыя.
Мы выбiраем...
Яна паехала да сястры ў Кiшынёў. Вывучылася там на кiнамеханiка, “круцiла” стужкi. Заляцаўся да яе хлопец. Затым ён пайшоў у армiю, застаўся там на звыштэрмiновую службу.
— А мы з суседкай паехалi ў Саратаў. Там я выйшла замуж за земляка, — успамiнае Марыя Фiлiпаўна. — I раптам прыязджае былы каханы забiраць мяне, а я дзiця чакаю. Ён усё роўна ўгаворваў ехаць з iм, згаджаўся i дзiця забраць. Але я не згадзiлася. Потым напiсаў мне, што ажанiўся i назваў дачушку маiм iмем. З першым мужам я пражыла дванаццаць гадоў, нарадзiлiся дачка i сын. Але ён надта пiў, не было сiлы цярпець. I мы развялiся. А потым я пазнаёмiлася з Iванам Iванавiчам. Цудоўны чалавек, добры, далiкатны. Мы з iм пражылi разам 27 гадоў. Дзецi выраслi, ёсць унукi. Толькi вельмi турбуюся за дачку.
Сын Марыi Фiлiпаўны са сваёй сям’ёй жыве ў Мiнску. А вось дачка з’ехала ажно ў Сiрыю. Яе муж вучыўся тут у медiнстытуце, пакахалi адзiн аднаго, пажанiлiся, нарадзiўся сын. Потым яны паехалi на яго радзiму. I больш за 20 гадоў дачка не бачыла роднай Беларусi i свайго Мiнска. На днях яна прыляцела, каб пабачыцца з мацi i айчымам, абняць сына, якi тут вучыцца, i нявестку (нядаўна ён ажанiўся з беларускай дзяўчынай).
— Столькi радасцi, — прыкмячае Марыя Фiлiпаўна. — Толькi сяброўку знайшла, а тут дачушка прылятае. Не ведаю, цi вытрымае сэрца.
Антанiна.
Нас выбiраюць...
Антанiна выбрала Мiнскi кааператыўны тэхнiкум. Яшчэ ў час вучобы ў яе з’явiўся паклоннiк з той жа навучальнай установы. Потым ён паступiў у тагачасны iнстытут народнай гаспадаркi, потым пайшоў у армiю.
— А я была на практыцы ў Стоўбцах, туды i на працу размеркавалася, — расказвае Антанiна Васiльеўна. — Неяк паехала рабiць перападлiк у магазiне ў раёне, а загадчыца прысватала за свайго пляменнiка. Прыгожы быў хлопец. Мы пажанiлiся. А паклоннiку я так i не напiсала пра гэта. Лёс склаўся так, што мы сустракалiся i неаднойчы. Ён вельмi шкадаваў, што мы не разам. Затым паехаў на поўнач на заробкi i загiнуў. А ў нас з мужам сумеснае жыццё склалася дрэнна. Ён моцна пiў. 27 гадоў разам не жылi, а мучылiся. Дваiх сыноў гадавала, усiм займалася сама. А неяк ранiцай я прачнулася i пайшла з дому, усё там пакiнула. Пачынала з нуля...
А нядаўна даведалася, што яе шукае сяброўка, але раптоўна памерла сястра. Таму доўгачаканую сустрэчу з Марыяй давялося адкласцi.
Сяброўкi.
Дзень сённяшнi
I ўсё ж сустрэча адбылася. Размовы, фотаздымкi, зноў размовы. Нiбыта i не было тых доўгiх сарака з лiшкам гадоў. Абедзве рухавыя. Марыя Фiлiпаўна хоць i на пенсii, але працуе. Антанiна Васiльеўна таксама без справы не сядзiць. Гаваркiя, вясёлыя, з адкрытай душой.
— Я лiчыла, што Марыя жыве ў Кiшынёве. I адраса яе не было ў каго спытаць, — кажа Антанiна Васiльеўна.
— А я ўвесь апошнi год Тоню ўспамiнала. Яна мне, як сястра, — прызнаецца Марыя Фiлiпаўна. — Столькi гадоў прайшло, а такой сяброўкi, як яна, у мяне так i не з’явiлася. Як добра, што вы яе знайшлi.
Пад вечар прыйшоў з працы муж Марыi Фiлiпаўны. I яны спявалi папулярныя песнi. А потым зноў размаўлялi.
Наступную сустрэчу сяброўкi запланавалi ў Стоўбцах. Цяпер яны нiзашто не згубяцца самi i плануюць знайсцi iншых аднакласнiц. З некаторымi сувязь ужо ёсць.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter