Свята — у дарозе!

Адкрыццё Дня беларускага пісьменства запланавана на 2 верасня, аднак святкаваць яго пачалі ўжо цяпер

Адкрыццё Дня беларускага пісьменства запланавана на 2 верасня, аднак святкаваць яго пачалі ўжо цяпер.

Учора ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора стартавала Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. Гэта штогадовая экспедыцыя, у якой удзельнічаюць вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтва, педагогі, прадстаўнікі міністэрстваў і духавенства, — фактычны старт святкавання Дня беларускага пісьменства. Яе ўдзельнікі наведваюць невялічкія вёскі і гарады, прыпыняюцца ў храмах, школах, дамах-інтэрнатах, бібліятэках, несучы разам з жыватворным агнём святло ведаў. Сёлета маршрут пройдзе праз населеныя пункты Брэсцкай і Віцебскай абласцей і па традыцыі фінішуе ў сталіцы пісьменства — Глыбокім. Якія яшчэ госці чакаюцца на сёлетнім свяце і чым парадуе праграма Дня пісьменства, расказала першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ.

Усяго на свяце чакаецца каля трох тысяч гасцей. Мяркуецца, што гэта будуць не толькі беларусы, але і зацікаўленыя пісьменнікі і чытачы з іншых краін. Госці запрошаны з Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана, Сербіі і Чарнагорыі. Асабліва шмат прадстаўнікоў замежжа чакаецца на Міжнародным круглым стале “Пісьменнік. Кніга. Час”, які адбудзецца ў Глыбокім у Дзень ведаў 1 верасня.

— Мы лічым вельмі важным, — гаворыць Лілія Станіславаўна, — што на нацыянальным свяце — Дні беларускага пісьменства — мы маем магчымасць не толькі ўслаўляць айчынных пісьменнікаў і выдаўцоў, але разам з замежнымі калегамі весці гаворку пра ролю сучаснай літаратуры і месца пісьменніка ў грамадстве, пра развіццё дзіцячай літаратуры, абмяркоўваць шэраг іншых сур’ёзных пытанняў.

У цэлым праграма Дня пісьменства, як расказала Лілія Ананіч, будзе прысвечана Году кнігі і юбілеям беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых. Мэтрам айчыннай літаратуры будзе прысвечаны конкурс юных чытачоў Глыбоцкага раёна “Жывая класіка”. Плануецца, што конкурс стане традыцыйным і ў наступным годзе ў Быхаве, які пярэйме эстафету сталіцы беларускага пісьменства, перарасце з раённага ў рэспубліканскі.

Увесь горад Глыбокае ператворыцца ў вялікую экспазіцыю кніг, газет, кніжных рарытэтаў і сучасных дасягненняў выдавецтваў (кніжны павільён зойме каля 200 квадратных метраў), а таксама ў творчую пляцоўку, на якой пройдзе шэраг культурных і музычных імпрэз. Распачнецца свята з адкрыцця  Сквера славутых землякоў-глыбачан — заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Вацлава Ластоўскага, стваральніка дзяржаўнай мовы Ізраіля — іўрыту Эліэзэра Бэн-Іегуда, мастака і фалькларыста Язэпа Драздовіча і іншых.

— Вельмі важна, каб пасля падобных святаў у горадзе заставаліся не толькі абноўленыя вуліцы, прыгожыя дамы, але і напамінак пра тых асоб, якія праславілі свой горад і цэлую краіну, — разважае Лілія Ананіч.

У Дзень пісьменства таксама пройдуць сустрэчы і аўтограф-сесіі з беларускімі пісьменнікамі, фальклорнае свята “Рэй вядзе Ігнат Буйніцкі”, тэатралізаваная дзея “Вытокі духоўнасці”, адбудуцца дзіцячы пленэр імя Язэпа Драздовіча і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пісьменнікаў — пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор 2012 года і яшчэ шмат цікавага і займальнага.

— Кожны з гасцей Дня пісьменства, якое б мерапрыемства ён ні наведаў, зможа  дакрануцца да асноў нацыянальнай духоўнасці і атрымаць асалоду ад знаёмства з беларускай кнігай, — упэўнена Лілія Ананіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter