Старажытны горад пад Мінскам стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства ў другі раз

Свята Слова ў Заслаўі

Старажытны горад пад Мінскам стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства ў другі раз

Гэтае душэўнае, разумнае свята з яркім нацыянальным каларытам вядзе радавод з з 1994 года: тады незалежная Беларусь годна нагадала свету пра свае даўнія культурныя традыцыі. З таго часу Дзень беларускага пісьменства адзначае ўся краіна, а вялікія ўрачыстасці штогод праходзяць у паселішчах з багатай гісторыяй: Полацк, Тураў, Нясвіж, Орша… Горад Заслаўе быў сталіцай свята ў 2000 годзе, і вось яно завітала туды ў другі раз. Там у мінулыя выхадныя аж два дні спяваў, танцаваў, згадваў пра слаўныя старонкі мінуўшчыны XXI Дзень беларускага пісьменства. Між тым яшчэ 3 верасня з Мінска рушылі да Заслаўя з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга ўдзельнікі традыцыйнай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.

svyata2.png

Дзень беларускага пісьменства — свята каларытнае, народнае


Прыблізна 150 мільярдаў беларускіх рублёў пайшло на тое, каб паднавіць, прыбраць горад да ўрачыстасці. Пра тое напярэдадні на прэс-канферэнцыі казала старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова. Адкрыўся пасля рэканструкцыі Дзіцячы парк культуры і адпачынку, з’явіўся ў горадзе штучны вадаём з фантанам. “Глядзіце, глядзіце: над ім вясёлка!”— дзеці ў захапленні ад такога дзіва ў сонечны дзянёк. Вечарам у суботу адкрылі ружовае покрыва, і ўсе даведаліся, што гэта — бронзавы помнік заснавальніку горада. Гісторыкі сцвярджаюць: амаль 1030 гадоў таму сына Ізяслава разам з яго маці Рагнедай кіеўскі князь Уладзімір выслаў у гэтыя мясціны. Скульптар Аляксандр Прохараў прывёў Ізяслава ў наш час з кніжкай у адной руцэ, з мячом у другой.

svyata.pngУ горадзе разгарнулася выстава-кірмаш “Рамесніцкі гасцінец”, у гарадоў і раёнаў Міншчыны там былі свае падворкі. З выдумкай падрых­таваліся да свята каледжы і цэнтры дзіцячай творчасці. Скажам, пры падворку Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа гасцей сустракалі рыцары ў даспехах, кавалі. Барысаўскі лесаагратэхнічны каледж зладзіў “Хату паляўнічага”, пры ёй — пудзіла дзіка, на шкурах адпачывае, пэўна, дачка паляўнічага, ляжаць трафеі, шмат кветак, зёлак. Кавалі, ткачы, ганчары ў народных касцюмах ахвотна дзяліліся ведамі, праводзілі майстар-класы. Жанчына ў прыгожым строі з саламяным какошнікам на галаве чаруе з чырвонымі і зялёнымі ніткамі. “Раблю ляльку “Лавец сну” — такую звычайна кладуць дзеткам пад падушку, — паказвае працэс стварэння абярэга майстрыха Ала Машкетава. —Бачыце, тут толькі яркія ніткі: праз іх не пройдуць дрэнныя сны”.

Пачэснае месца займала на свяце экспазіцыя друкаваных выданняў. Шмат людзей пры фотавыставе “Пераможцы”: гэта фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны, зробленыя карэспандэнтамі БелТА ў розныя гады: ад саракавых да пачатку XXI стагоддзя.

Яшчэ на прэс-канферэнцыі ў Мінску гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў адноўленую па стражытных тэхналогіях Біблію Францыска Скарыны. У Заслаўе прыехалі і кніга, і станок, зроблены па гравюрах XVI стагоддзя з дуба. Такіх станкоў у свеце — адзінкі, а цэлая кніга была аддрукавана такім чынам у наш час упершыню. “Ідэя аднавіць вось так кнігу Скарыны з’явілася гадоў пяць таму, — расказаў калекцыянер. — Аб’ездзіў амаль усю Еўропу, каб даведацца, як рабілася раней папера, як друкавалі аркушы. Была ідэя зрабіць кніжцы скураны пераплёт, але ж гэта — адметнае майстэрства.Таму вокладка мяккая, аддрукавана 7 кніг, але калі будзе патрэбна, то надрукуем і больш”. На свяце, дарэчы, кожны мог паспрабаваць сам зрабіць адбітак аркуша са старажытнага выдання.

Розных сустрэч, прэзентацый, выступленняў у Заслаўі было шмат. Не сціхала музыка: калектывы творчай самадзейнасці забаўлялі гасцей. Можна было павучыцца танцаваць беларускія народныя танцы, сустрэцца з пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі. Працавалі выставы “Юбіляры 2014”, “Новыя малюнкі да старых любімых кніг”, “Янка Купала і тэатр”… Знакамі-сімваламі “Залаты Купідон” і дыпломамі былі адзначаны пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2013 года”.

Закончылася Свята Слова ў Заслаўі, перадало эстафету гораду Шчучыну: праз год завітае туды.

Юлія Букель

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter