Свята агню і керамікі

Гліняныя шэдэўры створаць пад Бабруйскам майстры з сямі краін
Майстэрня пад адкрытым небам разгорнецца на беразе Бярэзіны ўжо ў наступны чацвер. Плануецца, што на сёлетні XIV Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які стаў магчымым дзякуючы бабруйскаму мастаку-керамісту і фанату сваёй справы Валерыю Калтыгіну, прыедуць 18 майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Узбекістана і нават далёкай Індыі. 



У ўдзельнікаў пленэру будзе ўсяго тры тыдні — з 4 па 25 жніўня, — каб стварыць і пакінуць на памяць гасціннай бабруйскай зямлі ўнікальныя керамічныя вырабы на тэму “Мастацтва як асяроддзе пражывання”. Майстры павінны будуць самі арганізаваць свае працоўныя месцы, пабудаваць печы для абпальвання, нарыхтаваць дроў, сфарміраваць вырабы з гліны і абпаліць іх. Вядома, за ўсім працэсам змогуць назіраць звычайныя гледачы і маладыя керамісты, у якіх будзе выдатная магчымаць навучыцца ў вопытных майстроў тонкасцям працы з глінай. Завершыць пленэр святочная ноч керамікі і агню, у час якой па традыцыі абпаляць галоўную скульптуру. А вось пабачыць усе шэдэўры, створаныя на пленэры, можна будзе на выніковай выставе ў мясцовым Бабруйскім мастацкім музеі.

Рэйтынг 

Багатыя і знакамітыя

29-шарапова-выр

Часопіс Forbes склаў спіс самых багатых расійскіх зорак.

Спецыялісты папулярнага выдання пры складанні рэйтынгу кіраваліся заробкам знакамітасцей, частатой абмеркавання іх у СМІ і ўвагай інтэрнэт-карыстальнікаў. У выніку першы радок спісу заняла вядомая расійская тэнісістка Марыя Шарапава. І нядзіўна — Шарапава зарабіла за гэты год амаль 22 мільёны долараў. Пры гэтым яе імя ў сродках масавай інфармацыі згадвалася 12,5 тысячы разоў, а ў інтэрнэт-пошукавіках уводзілася каля 880 тысяч разоў. Варта адзначыць, што на гэта былі свае прычыны — многіх цікавіў допінгавы скандал, у які трапіла спартсменка. Адметна, што Шарапава прызнаецца галоўнай расійскай знакамітасцю часопісам Forbes ужо дзявяты раз.

На другім месцы спіса спявак Рыгор Лепс. Яго прыбытак склаў дзевяць мільёнаў долараў. У СМІ спявак узгадваўся амаль чатыры тысячы разоў, а ў пошукавіках яго імя набіралася больш за дзесяць мільёнаў разоў — гэта рэкорд сярод расійскіх зорак. 

Трэцяе месца часопіс Forbes аддаў лідару гурта “Ленінград” Сяргею Шнураву з яго прыбыткам 11 мільёнаў долараў і амаль 3400  узгадваннямі ў СМІ. У інтэрнэце гэты паказчык склаў больш за шэсць мільёнаў разоў.

У дзясятку самых знакамітых расіян увайшлі таксама Філіп Кіркораў, Аляксандр Авечкін, Наталля Вадзянава, Сяргей Лазараў, Ягор Крыд, Зямфіра і Яўген Малкін. Акрамя іх у спісе значацца музыканты Цімаці, Дзіма Білан, Мікалай Баскаў, “Баста”, Паліна Гагарына, Нюша, тэлевядучыя Ксенія Сабчак, Іван Ургант, Дзмітрый Нагіеў, Ксенія Барадзіна, рэжысёр Мікіта Міхалкоў і многія іншыя. 

Прыемна адзначыць, што трапілі ў расійскі рэйтынг і выхадцы з Беларусі — гурт “Бі-2” заняў у спісе 26-е месца. У артыстаў было крыху больш за 900 згадак у прэсе, больш за шэсць мільёнаў пошукавых запытаў і прыбытак вышэй за 1,5 мільёна долараў.

Кіно

Зялёны огр вяртаецца



Кінастудыя DreamWorks Animation збіраецца выпусціць яшчэ адзін фільм пра Шрэка.

Нягледзячы на жудасны выгляд, мульцяшны зялёны гігант так палюбіўся гледачам, што фільмы з яго ўдзелам склалі ў сусветным пракаце амаль тры мільярды долараў! Можна зразумець сумны настрой аматараў Шрэка, калі ў 2010 годзе пасля выхаду чацвёртай часткі прыгод зялёнага огра стваральнікі фільма абвясцілі, што яна стане завяршальнай. І здавалася, так яно і будзе — мы не павінны былі больш убачыць Шрэка ў новых серыях. Аднак студыя DreamWorks апынулася ў досыць складаным фінансавым становішчы, яна прадала частку акцый кампаніі NBCUniversal і цяпер плануе пры яе падтрымцы падняць даходы за кошт стварэння новых мультфільмаў — як з пакуль невядомымі, так і ўжо ўпадабанымі гледачамі персанажамі, у тым ліку Шрэкам. Стваральнікі спадзяюцца, што новая частка будзе не менш папулярнай за папярэднія. Плануецца, карціну здыме прадзюсар анімацыйнага фільма “Гадкі я” Крыс Меледандры, і стужка пабачыць свет у 2019 годзе. 

Голас

Нашы ў “вялікай оперы”


Фота Юрыя Мазалеўскага

Беларускі тэнар Юрый Гарадзецкі пазмагаецца за званне лепшага ў расійскім тэлевізійным праекце.

Два гады таму мы хварэлі за Іллю Сільчукова, які дайшоў да фіналу праекта на тэлеканале “Расія — Культура” і нават узяў бронзу. Пачынаючы с верасня, будзем трымаць кулачкі за Гарадзецкага — тэнара Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў і  ўладальніка Гран-пры спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Артысту не ў навінку выступаць на замежнай сцэне. Спяваў Гарадзецкі і ў ЗША, і ў Бельгіі, і, вядома, у Расіі, дзе і здымаюць перадачу “Вялікая опера”.

Арганізатары праекта сёлета вырашылі значна пашырыць геаграфію конкурсу і ахапіць усе тэатры на постсавецкай прасторы, таму даслалі запрашэнні ў многія нацыянальныя оперы. У тым ліку і ў Вялікі тэатр Беларусі, дзе гонар прадстаўляць нашу краіну на расійскім праекце выпаў Юрыю Гарадзецкаму. Пасля такой прапановы Юрый адразу ж патэлефанаваў калегу Сільчукову, які ў той час знаходзіўся на гастролях у Францыі.

— “Нават не думай — удзельнічай!” — сказаў ён. І даў некалькі парад. Парэкамендаваў “не мудраваць” і браць толькі вядомыя творы, — дзеліцца Юра. — Мне ўжо даслалі тэмы праграм: тут і руская/савецкая опера, і італьянская класіка, і рамансы, і праграмы, прысвечаныя Галіне Вішнеўскай, Джузэпэ Вердзі, Пятру Чайкоўскаму... Думаю, што ж узяць для першай перадачы “Візітная картка”. Выбраць ёсць з чаго. І галоўныя мае хваляванні звязаныя менавіта з тым, што ў рэшце рэшт на нейкіх творах трэба будзе спыніцца.

Што выбера наш Юра, даведаемся зусім хутка. Праект бярэ пачатак ужо ў верасні. Усяго гледачоў чакае 11 незабыўных выпускаў праграмы “Вялікая опера”. А 24 снежня — грандыёзны фінал, у якім, як спадзяёмся, прыме ўдзел і беларускі артыст.

Падрыхтавала Людміла Мінкевіч

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter