У Мінску ў чарговы раз прайшоў Рэспубліканскі праваслаўны фестываль батлеек і лялечных тэатраў “Нябёсы”

Светлае чараўніцтва батлейкі

У Мінску ў чарговы раз прайшоў Рэспубліканскі праваслаўны фестываль батлеек і лялечных тэатраў “Нябёсы”


У Мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры праходзіў фестываль традыцыйнага беларускага батлеечнага тэатральнага мастацтва, у якім удзельнічалі 19 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны. Калі адзін з дарослых удзельнікаў звярнуўся да гледачоў, дзе было дзяцей больш, чым дарослых: “Пабатлеім?!”, зала адгукнулася поўным разуменнем закліку. Дзеці нядзельнай школы пры манастыры добра ведаюць, што такое батлейка. Не ўпэўнена, што ўсім вядомы гэты дзіўны від мастацтва.



Адкуль узяліся вертэпы


Прататыпы вертэпаў, шопак, батлеек, жлобаў, яселек існавалі яшчэ ў антычнай Грэцыі. Вертэпы згадваюцца ў царкоўных службах сярэднявечнай Еўропы. Праз Польшчу яны з’явіліся ў Беларусь. У тыя часы, разважаючы пра ўладкаванне свету, пра неба і зямлю, прастору і час, адчайна спрачаючыся, памыляючыся, нечакана вызначылі тры ўзроўні існавання чалавецтва. Наверсе — райская асалода. Унізе — пекла. Пасярэдзіне — зямля. Так умельцы збудавалі хатку-скрыню з трыма ярусамі ды просценькімі лялькамі. Яе можна было ўзваліць на плечы і пераходзіць з мястэчкаў у вёскі ды карчмы, робячы паказы пра Бога, Сатану, грознага цара Ірада, анёлаў, чарцей і простых сялян.

Наіўныя лялькі


Беларусь была прызнанаю часцінкай еўрапейскай культуры і не адставала ад Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны. Так было да пачатку ХХ стагоддзя. Звестак пра беларускую батлейку захавалася вельмі мала. Батлеечныя сляды зафіксавалі на Віцебшчыне, у Міры, Смаргоні, Докшыцах. Гэтыя найстарэйшыя калектывы існуюць і сёння. Спачатку з батлейкай працавалі святары, потым мяшчане і сяляне. Цяпер — школьнікі, студэнты і прафесійныя акцёры.

У наш час у батлейкі з’явіліся сур’ёзныя даследчыкі. Сярод іх выдатны навуковец Гурый Барышаў, які даказаў, што беларуская батлейка не проста адзін з даступных відаў народнага тэатра, а цэлая з’ява культуры, цесна звязаная з паўднёва-ўсходнімі славянскімі каранямі. Вось чаму з тых часоў усе батлеечныя фестывалі бываюць прадстаўлены тройцай — Расія, Беларусь, Украіна. Гэта не толькі лялечны спектакль у скрыні, а від карнавальнай культуры ў навагоднія святы, калі з’яўляюцца клоўны, усе спяваюць песні ды водзяць карагоды. Наіўная лялечная драматургія замяшана як на рэлігіі, так і на нацыянальным менталітэце. У Беларусі трох’ярусная хатка стала двух’яруснай. Пэўна, не хацелася батлейшчыкам чартаўшчыны з ніжняга яруса...

Царква стала праследваць батлейку за скажэнне Евангелля, а савецкая ўлада — за вельмі смелыя тэксты пра жыццё народа, часам за непрыстойныя сюжэты. Падавалася, лёс яе вызначаны — быць батлейцы музейным экспанатам. Аднак гэтае просценькае наіўнае мастацтва працягвае жыць і развівацца, таму што нясе ў сабе духоўны пачатак, даступнаю мовай вучыць дабрыні, спагадлівасці, міласэрнасці. Вучыць перш за ўсё дзяцей, якім лялькі зразумелыя з нараджэння да юнацкага ўзросту. Пра гэта ішла дыскусія на канферэнцыі “Батлейка ў прасторы культуры ХХІ стагоддзя”.


“Душагрэі” і “Тры Лікі”


Фестываль батлеек “Нябёсы” для дзяцей — свята, для дарослых — прафесійныя зносіны, абмен досведам, развіццё міжнародных сувязяў, умацаванне хрысціянскіх традыцый.

У фестывальныя дні праходзіць дабрачынная акцыя. Батлеечнікі выязджаюць у дзіцячыя дамы, у інтэрнаты да пенсіянераў, да дзяцей-інвалідаў. Артысты і публіка маюць зносіны на мове мастацтва і дораць адзін аднаму радасць. Паміж спектаклямі прахо­дзяць канцэртна-гульнявыя праграмы для гледачоў, віктарыны, выступленні дзяцей са школ з тэатральным ухілам.

Ёсць у фестывалю саліднае журы з дыпламаваных спецыялістаў і каманда валанцёраў, штодня праходзяць майстар-класы па саломапляценні, рукадзеллі, мультыплікацыі, віктарыны і шоу-праграмы клоўна Гузіка. Акцёр Андрэй Трэзубаў не столькі клоўн, колькі гульнявых спраў майстар. Дзеці да яго так і ліпнуць, таму што ўмее размаўляць на іх мове.

На жаль, з-за фінансавых праблем не змаглі прыехаць калектывы з Украіны, але затое даслалі цікавы відэаматэрыял і нават даклад. Расію прадстаўлялі калектывы з Масквы і горада Пушчына. “Душагрэі” Святланы Рупянковай, “Вандроўны вертэп” Аляксандра Грэфа, “Тры Лікі” Віктара Драгуна прадэманстравалі высокі прафесійны ўзровень і былі прызнаныя лепшымі. Тэатр А. Грэфа, які заваяваў Гран-пры, існуе ўжо 25 гадоў і мае свой батлеечны фестываль “Стары Новы год”.

Старшыня фестывалю “Нябёсы” і яго “завадны маторчык” — акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксандр Ждановіч. Яго добра ведаюць беларускія дзеці як шматгадовага (амаль 20 гадоў) вядучага тэлепраграмы “Калыханка”.

У яго і ў родным тэатры хапае работы, але Аляксандр прысвяціў сябе адраджэнню незаслужана забытага батлеечнага руху. На фестывалі ён і вядучы, і рабочы сцэны, і суцяшальнік заплаканых малых, і завадатар карагодаў.

“Нябёсныя” мары


З гутарак з удзельнікамі стала зразумела, што батлеечная культура пракладае новыя сцяжынкі стварэннем калектываў у школах і вучылішчах. Яна актыўна ўпісваецца ў прафесійны тэатр, не толькі лялечны, але і драматычны. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, Тэатр юнага гледача, Тэатр-студыя кінаакцёра ўжо стваралі батлеечныя спектаклі, і нядрэнна б да іх вярнуцца.

Прыкладам пашырэння батлеечнага мастацтва служыць старшыня журы, протаіерэй манастыра айцец Сергій (Храпіцкі), бацька дзевяцярых дзяцей, чацвёра з якіх удзельнічалі ў фестывалі.

Арганізатары “Нябёсаў” мараць пра пашырэнне конкурснай праграмы за кошт запрашэння калектываў з Польшчы, Літвы, Германіі ды іншых краін. Мараць аб прафесійным настаўніцтве, бо сёння беларускія батлейкі рэдка ўздымаюцца вышэй за самадзейнасць, пра фінансавую дапамогу з боку гарадскіх арганізацый. Пакуль усё робіцца на энтузіязме арганізатараў і невялікай матэрыяльнай падтрымцы Свята-Елісавецінскага манастыра. Гэта мары, а на справе такі фестываль можа стаць адной з буйнейшых духоўна-асветніцкіх акцый для тых, хто верыць у цуды.

Таццяна Арлова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter