Палова ўсіх прэпаратаў на рынку Беларусі — прадукцыя айчынных вытворцаў

Свая пілюля горкай не бывае

Палова ўсіх прэпаратаў на рынку Беларусі — прадукцыя айчынных вытворцаў


На дзяржпрадпрыемстве “Акадэмфарм” праводзяцца клінічныя выпрабаванні новага процівіруснага прэпарату
У мінулым верасні беларускае Міністэрства аховы здароўя заявіла: доля тых лякарстваў у аптэках Беларусі, якія вырабляюцца беларускімі фармацэўтычнымі прадпрыемствамі, па коштах упершыню перавысіла планку 50 працэнтаў. Такая мэта ставілася ў якасці элемента захавання нацыянальнай бяспекі.

Сёння кожнае беларускае фармацэўтычнае прадпрыемства працуе на насычэнне рынку сучаснымі лякарствамі, якія не саступаюць па якасці імпартным аналагам, але затое значна таннейшыя за іх. Колькасць такіх вытворчасцяў з 1992 года вырасла з 3 да 26, аб’ём рынку — са 110 мільёнаў долараў да мільярда.

З 2012 года па ўказе Прэзідэнта вядзецца маштабная мадэрнізацыя прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці. Да канца года плануецца зацвердзіць Дзяржаўную праграму развіцця фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі на 2016-2020 гады, якая таксама прадугледжвае стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў па міжнародных стандартах.

Асобная тэма — цэны на лякарствы. У Беларусі Урадам устаноўлены пералік лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці з фіксаванай цаной. Змены па найбольш сацыяльна значных пазіцыях лякарстваў разглядае спецыяльная камісія. На прэпараты, якія не жыццёва неабходныя для чалавека, цэны могуць вагацца, але яны таксама адсочваюцца Міністэрствам аховы здароўя. Таму ў розных аптэках кошт адных і тых жа лякарстваў адрозніваецца нязначна.

Палітыка “ўмяшання” аплачваецца з кішэні дзяржавы. Намеснік дырэктара — начальнік упраўлення эканомікі і маркетынгу дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Віктар Шэін пацвярджае:

— Вытворчасць не менш як 35 найменняў лякарстваў, якія знаходзяцца пад рэгуляваннем, мае адмоўную рэнтабельнасць. Планавая страт­насць па асобных пазіцыях — да мінус 40 працэнтаў. Тым не менш гэтыя прэпараты ёсць на рынку Беларусі.

Істотна звужаны спіс лякарстваў, якія можна набыць у аптэках без рэцэпта. Гэта каля 1 тысячы найменняў з 5 тысяч зарэгістраваных.

У Беларусі пакуль яшчэ ўстойлівы міф аб тым, што па якасці мясцовыя лякарствы саступаюць імпартным. На думку экспертаў, гэта вынік граматнай маркетынгавай палітыкі замежных фармкампаній і недапрацоўка айчынных вытворцаў. Аднак усё большая колькасць беларусаў схіляюцца да меркавання, што прэпараты ўласнай вытворчасці нічым не горшыя па сваіх характарыстыках за “распіяраныя” замежныя лякарствы.

Дакладная двухузроўневая сістэма кантролю якасці лекавых сродкаў паставіла ў краіне заслон падробкам. Апошні фальсіфікат у аптэках быў выяўлены ў 2004 годзе. Усе лякарствы пастаўляюцца непасрэдна ад вытворцы або афіцыйнага дыстрыб’ютара, якія нясуць адказнасць за іх якасць.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter