Свабоду адстаялі разам

У Горацкім раёне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю бітвы пад Леніна...

У Горацкім раёне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю бітвы пад Леніна.

Вось ужо які год запар Магілёўшчына сустракала дарагіх гасцей. Звыш двухсот прадстаўнікоў Польшчы — кіраўнікі Міністэрства абароны, ветэраны, моладзь, роты ганаровай варты і ваеннага духавога аркестра — прыехалі 12 кастрычніка ў пасёлак Леніна, каб ушанаваць памяць загінуўшых тут землякоў.

— У 1943 годзе 1-я польская пехотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, якая была сфарміравана на тэрыторыі Савецкага Саюза, дала пад Леніна першы бой фашыстам, — нагадаў старшыня Магілёўскай абласной арга-нізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Любчанка. — Яна атакавала ворага, прарвала нямецкую абарону і авалодала вельмі ўмацаванай вышынёй 215.5. За мужнасць і гераізм 239 палякаў былі ўзнагароджаны савецкімі ордэнамі і медалямі.

Юзаф Кузьміцкі — адзін з тых, хто ваяваў з фашыстамі на горацкай зямлі. «Тады малады быў, прыгожы — усяго 24 гады, — успамінае ён. — Мне пашанцавала, я выжыў. Хаця здароўе не тое, што раней, усё роўна лічу сваім абавязкам прыехаць сюды, дзе пахаваны мае таварышы». А Тадэвуш Таркоўскі пачынаў свой баявы шлях сынам палка. Ваяваў у Беларусі, дайшоў да Берліна. У Леніна таксама бывае амаль кожны год, бо баі за гэты пасёлак сталі сімвалам мужнасці і польскіх, і савецкіх салдат. Гісторыкі сведчаць, што ў гарачым кастрычніку 70 гадоў назад  тут было знішчана 9 танкаў і штурмавых гармат, каля 1500 салдат і афіцэраў праціўніка, захоплена 300 палонных, 58 гармат і мінамётаў. Але і кошт немалы: у брацкіх магілах ля беларускага пасёлка пахаваны 1711 савецкіх і 502 польскіх воіна.

У памяць аб іх на польскіх могілках прайшла паніхіда, а ля помніка савецкім воінам адслужылі літургію. Загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання. У іх гонар таксама былі дадзены трохразовыя зброевыя стрэлы, а да месцаў захавання ляглі вянкі і кветкі.

— Мы аддаём даніну вялікай мужнасці воінаў, якія паклалі свае жыцці на алтар Перамогі, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Вельмі важна не забываць гэтыя ўрокі гісторыі.

Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Чэханоўскі, які ўзначальвае савет ветэранаў сваёй краіны, падзякаваў беларускаму боку за добры догляд магіл яго суайчыннікаў і захаванне памяці і павагі да іх подзвігу. У рамках візіту госці таксама наведалі Музей савецка-польскай баявой садружнасці, які размясціўся на гераічнай вышыні. Дарэчы, у мінулую суботу ён папоўніўся новым экспанатам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter