110.000 чалавек за два дні наведалі свята “Александрыя збірае сяброў”

Сустрэча сяброў у Александрыі

110.000 чалавек за два дні наведалі свята “Александрыя збірае сяброў”. 650 метраў занялі гандлёвыя рады. 600 майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы прадставілі свае вырабы. 170 перадавікоў АПК Магілёўшчыны ўзнагароджаныя падчас свята.



Сапраўдныя сябры пазнаюцца не толькі ў бядзе, але і ў сапраўднай радасці. Сёмы год запар у гэтым ярка пераконвае фестываль “Александрыя збірае сяброў”.

Узнікшы ў 2010-м, купальскае свята ў Александрыі з тых часоў стала знакавым — і для Магілёўскай вобласці, і для ўсёй Беларусі. Ні межы, ні палітычныя перыпетыі яму не пера­шкода. Гэта выразна дэманстравалі і гандлёвыя вуліцы Мінская, Маскоўская і Кіеўская, якія выцягнуліся ўздоўж Дняпра — ракі, якая аб’ядноўвае тры славянскія народы. І сам дух народных гулянняў на Шклоўшчыне.

Заўсёды знаходзіць час асабіста павіншаваць землякоў і сяброў Александрыі з Купаллем Прэзідэнт:

— Кожны год прыязджаю сюды, да нас, на гэтую зямлю. Напярэдадні гэтага прыезду падумаў: год мінулы для мяне быў вельмі цяжкі. Я, напэўна, праляцеў і праехаў па свеце не адзін экватар. Але дзе б ні быў, заўсёды думаю пра дом, пра гэтую зямлю. Гэтым жыве чалавек. Дзе б вы ні былі, рана ці позна вас заўсёды пакліча ваша зямля, ваш родны дом.


Тым больш рады Прэзідэнт, што яго родная Александрыя стала месцам сяброўскіх сустрэч і пляцоўкай для народнай дыпламатыі:

— Паважаць не толькі сваю культуру, але і творчыя дасягненні іншых народаў — гэта рыса беларускага нацыянальнага характару. Думаю, у гэтым сакрэт міралюбнасці і ўзаемаразумення, якімі славяцца беларусы. Я шчыра рады, што ў гэтым цудоўным, чыстым кутку Магілёўшчыны магутны Дняпро аб’яднаў майстроў і аматараў народнага мастацтва.

А іх сёлета было як ніколі шмат. Больш за паўтысячы ўмельцаў з Беларусі, Расіі, Украіны і — навінка гэтага фестывалю — Літвы прадставілі свае вырабы. У літоўскага госця — майстра па пісанках Аўдроне Лампіцкене — ад убачанага мітусілася ў вачах:

— У Александрыі мы ўпершыню з калегам, скульптарам па дрэве Гінтаўтасам Аксцінасам, нас запрасілі праз цэнтр народнага мастацтва. Нельга сказаць, што нам чагосьці тут не хапае, хутчэй, наадварот. У вас усё вельмі ярка, гэта крыху нязвыкла: у нас усё больш сціпла.


Сёлета на свяце ўпершыню быў арганізаваны экскурсійны маршрут “Александрыйская вандроўка”, працавала старажытная друкарня. Прэзентаваліся беларуская кніга, нацыянальная кухня, музыка і фальклор. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч бачыць гэта вельмі лагічным:

— Гэты год — асаблівы для нашай краіны, Год культуры. Я думаю, што душа народа — у тым ліку і ў песні, у кнізе, у слове.

Купалле — старажытнае славянскае свята, прысвечанае летняму сонцастаянню. У часы язычніцтва людзі ў гэты дзень дзякавалі стыхіям — Агню, Вадзе і Зямлі, а пасля прыняцця хрысціянства свята прымеркавалі да дня нараджэння Іаана Хрысціцеля. З Купаллем звязана мноства магічных традыцый і абрадаў. У народзе хадзілі павер’і, што ў ноч Купалля рэкі свецяцца, а ў абліччы русалак у іх купаюцца душы памерлых. У купальскую ноч беларусы замаўлялі траву і вянкі, каб тыя дапамаглі вырашыць праблемы з каханнем, грашыма і прынеслі ў дом удачу. Сёння свята з маштабам адзначаецца ва ўсіх беларускіх гарадах на берагах рэк і азёр, а больш за ўсё гасцей збіраецца ў Александрыі. Дзень летняга сонцастаяння таксама шырока адзначаюць у Балгарыі, Латвіі, Іспаніі ды Венгрыі.

Максім Яўсееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter