На адным са старэйшых прадпрыемстваў народных рамёстваў “Скарбніца” шыюць нацыянальныя касцюмы ў тым ліку і для беларусаў замежжа

Стыльна, модна, самабытна

На адным са старэйшых прадпрыемстваў народных рамёстваў “Скарбніца” шыюць нацыянальныя касцюмы ў тым ліку і для беларусаў замежжа


 На дэфіле ад “Скарбніцы” быў прадстаўлены і строй з Лельчыцкага раёна Гомельшчыны

Што такое паказ мод? У галаве з’яўляюцца вобразы: мадэльнай знешнасці дзяўчаты, подыум, туфлі-шпількі, гледачы, адзенне — часам і не надта зразумелае... А бывае інакш. Нядаўна пабачыла паказ нацыянальных строяў з розных куткоў Беларусі. Няспешна выходзілі дзяўчаты, прычым не прафесійныя мадэлі, а мастачкі, дызайнеркі, швачкі прадпрыемства “Скарбніца”, аднаго са старэйшых у галіне беларускіх народных рамёстваў. Гукі музыкі ды голас зязюлі, што чуўся час ад часу, пераносілі далёка за межы горада, бліжэй да прыроды, у вёску. Здавалася, можна было дакрануцца да высокіх пачуццяў, што ўзнікалі пад час прагляду гэткага дэфіле: настолькі цёплымі яны былі, натуральнымі. “Без аніякага сілікону”, — дадаў бы мой добры знаёмы, кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні “Вербіца” Алесь Свірскі. А ўяўленне жыва малявала вобразы: жытнёвае поле, чысцюткая празрыстая вада ў рэчцы, ласкавае сонейка, неба васільковага колеру...

Прадстаўленыя касцюмы — гэта дакладныя рэканструцыі строяў з Чачэрскага, Рагачоўскага, Добрушскага, Кобрынскага, Жыткавіцкага, Маларыцкага, Любаньскага раёнаў, Неглюбкі, Давыд-Гарадка... Якое буянне фарбаў, формаў, вышываных узораў ды патаемных сімвалаў! Сапраўды, нацыянальныя строі — найкаштоўны скарб, што дастаўся нам ад продкаў. Мастацтвазнаўца Міхась Раманюк у прадмове да свайго альбома “Беларускія народныя строі” пісаў: “Лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне — найбольш важная этнічная прыкмета. Строй беларускіх сялян цалкам адпавядаў таму эстэтычнаму ідэалу прыгажосці, што выяўляўся ў мелодыі народнай песні, гуках народных інструментаў, пластыцы традыцыйнага танцу”.

Штогод на працягу ўсёй гісторыі “Скарбніцы”, а сёлета прадпрыемству 40 гадоў, яе навуковыя супрацоўнікі, мастакі, дызайнеры выпраўляюцца ў экспедыцыі. Па назбіраных “на месцах” матэрыялах і ствараюцца рэканструкцыі. Вядучы мастак прадпрыемства Алена Галіеўская расказала мне гісторыю вяртання жаночага мяшчанскага касцюма з Давыд-Гарадка: “Нагадаю, што строй — гэта ўвесь комплекс адзення: ад галаўнога ўбору і да абутку. Пад час экспедыцыі ў Давыд-Гарадок мы вывучалі касцюмы, якія шыюць мясцовыя жыхаркі па тых узорах, што засталіся ім ад бабуль. Канешне, яны вельмі падобныя на той строй, што атрымаўся ў нас”.

Спецыялісты з Мінска звяртаюць увагу на дробязі: вышыўку, якасць тканіны, спосаб завязвання наміткі (галаўнога ўбора). “Мясцовыя жыхары ўсяго гэтага ўжо не ведаюць. Аднак багата тэматычнай літаратуры ёсць, напрыклад, у Музеі этнаграфіі ды фальклору НАН Беларусі, — працягвае Алена Галіеўская. — Шмат матэрыялу прывезлі з мясцовага краязнаўчага музея: фотаздымкі, замералі там розныя дэталі... Валодалі мы таксама інфармацыяй па тэхналогіі стварэння касцюма. Я бачыла швы, ведала, як рабіць зборкі. Пры дапамозе навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марыі Віннікавай быў адноўлены галаўны ўбор, які больш анідзе ў краіне ўжо не існуе. Карысталася я і альбомам Міхася Раманюка “Беларускія народныя строі”, дзе ёсць фатаграфіі Давыд-Гарадоцкага строю. У кнізе Дзяніса Раманюка прадстаўлены строі ў малюнках. Таму і ў нашай рэканструкцыі добра вытрымана колеравая гама. Не ведаю, як так атрымоўваецца, але калі працуеш над касцюмам, то цалкам паглыбляешся ў яго, жывеш ім, дапрацоўваеш, прыдумваеш нешта… І трапляеш менавіта туды, куды трэба”.


Алена Галіеўская з мадэлямі ад розных этнасуполак

Азнаёміцца з калекцыяй рэканструяваных строяў, як, дарэчы, і з іншымі вырабамі — ручнікамі, паясамі, пакрываламі, сурвэткамі, абрусамі, сувенірамі з саломкі — можна ў музеі “Скарбніцы”. На прадпрыемтве бываюць і наведнікі з экскурсіямі, глядзяць, як сёння на сапраўдных кроснах-ткацкіх станках працуюць жанчыны па старадаўніх “бабуліных” тэхналогіях.

Нядаўна у Гандлёвым цэнтры “Сталіца” адкрылася фірмовая крама прадпрыемства. Выбраць і заказаць рэчы, можна й на сайце “Скарбніцы”. Як тое і робяць многія беларусы замежжа. Дарэчы, падпраграмай “Беларусы ў свеце” агульнай Дзяржпраграмы “Культура” на 2016-2020 гады прадугледжана дапамога супляменнікам у тым ліку і перадачай суполкам нацыянальных касцюмаў, сувеніраў. Нядаўна,скажам, ільняныя абрусы, сурвэткі, саламяныя вырабы былі перададзены асацыяцыі “Bellarus” у Італіі. Заказчыкам выступіў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Беларуская суполка прымала ў сябе артыстаў праекта “Беларусь шматнацыянальная” (“Песня да Неапаля давяла”, ГР, № 41, 3.11.2016).

Дарэчы, у творчай вандроўцы ў Італію паўдзельнічалі й супрацоўніцы “Скарбніцы”. Дэманстраваліся там і строі. Прычым мадэлямі выступілі артысткі праекта, дзяўчаты розных нацыянальнасцяў. “Дзяўчаты — малайчынкі! — адзначала Алена Галіеўская. — Яны ж не навічкі на сцэне, умеюць на ёй трымацца. Касцюмы выглядалі дастойна”. А раней рэканструяваныя беларускія строі пабачылі ў Аўстрыі, Славеніі, Польшчы.

Некаторыя з удзельнікаў праекта “Беларусь шматнацыянальная” прыйшлі павіншаваць сяброў са “Скарбніцы” з 40-годдзем прадпрыемства. На святочным канцэрце, што прайшоў пасля дэфіле, выступілі ансамбль польскай песні “Івянчанка”, ансамбль армянскага танца “Эрэбуні”, салістка танцавальнага ансамбля “Арыранг” Асацыяцыі беларускіх карэйцаў Надзея Пазняк, спявачка Анастасія Гайдук. Былі таксама сябры-партнёры сярод гасцей: з апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, аб’яднання “Белхудожпромыслы”, калегі з розных прадпрыемстваў народных рамёстваў.

Дырэктарка “Скарбніцы” Марыя Тарайковіч дзякавала ўсім за ўвагу, добрыя словы і падарункі. Казала: узрост прадпрыемства — зусім яшчэ малады, а спраў і задум у калектыву — незлічоная колькасць.

На сайце ж “Скарбніцы”, як дэвіз, вялікімі літарамі напісана: “Твая краіна скарбаў”. То хай гэтыя скарбы множацца і трапляюць у кожную хату, у кожную сям’ю — як сувеніры, абярэгі, як напаміны аб роднай зямлі, традыцыях, каштоўнасцях, на якія нельга забыцца.

Кацярына Мядзведская

Фота: Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 45 (3501), чацвер, 1 снежня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter