Стыль — тэхналогіі, вынік — эфектыўнасць

У 75-ы год існавання Міншчыне трэба вырашыць шэраг задач

У юбілейны, 75-ы год свайго існавання Міншчыне належыць вырашыць шэраг складаных задач

На чарговай прэс-канферэнцыі для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс БАТУРА расказаў пра найбольш актуальныя напрамкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці, якія сёння рэалізуюцца ў сталічнай вобласці, і пра асобныя перспектывы цэнтральнага рэгіёна.

Зараз актыўна абмяркоўваецца тэма беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, таму нядзіўна, што першае пытанне, якое задалі журналісты, датычылася будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Наколькі выніковай была нядаўняя паездка на Тыдзень міжнароднага абмену ў кітайскую правінцыю Гуандун, дзе Барыс Батура прэзентаваў гэты глабальны для вобласці і краіны ў цэлым праект, цікавіліся яны. У цэлым глава сталічнага рэгіёна лічыць вынікі візіту станоўчымі. На гэтым Тыдні прысутнічалі кіраўнікі 18 буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з розных краін свету, з якімі правінцыя мае дамовы аб супрацоўніцтве. Паводле слоў Барыса Батуры, дэлегацыі Мінскай вобласці на гэтым буйным форуме была нададзена асаблівая ўвага — асабістая сустрэча з губернатарам, прэзентацыя індустрыяльнага парка, падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве. Гуандун — буйная правінцыя з развітой вытворчасцю, у асноўным гэта электроніка і радыётэхніка. Да таго ж, там ёсць трывалы вопыт стварэння індустрыяльных паркаў, дзе працуюць высокадакладныя вытворчасці з розных краін свету. «Добра, што патэнцыял такога магутнага рэгіёна будзе прысутнічаць у беларуска-кітайскім супрацоўніцтве. Што датычыць уласна Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, то з цягам часу сюды «падцягнуцца» не толькі кітайскія вытворцы. Працаваць на прадпрыемствах будуць нашы людзі. Аднак гэта не выключае прысутнасці топ-менеджараў і інжынірынгавых кампаній з іншых краін. Мы і кітайскі бок зацікаўлены ў прыцягненні еўрапейскіх інвестараў у дзейнасць праекта», — сказаў кіраўнік сталічнай вобласці. Ён паведаміў, што ўсе арганізацыйныя захады адносна Кітайска-беларускага парка ўжо прыняты. Створана кіруючая кампанія, заснавальнікамі якой сталі Мінскі аблвыканкам — 30%, ААТ «Гарызонт» — 10%, кітайскі бок — 60%, сфарміравана адміністрацыя, гэтыя структуры пачалі сваю дзейнасць. «Мы сур’ёзна разгарнулі работу па праектаванні генплана, знешніх і ўнутраных інжынерных сетак. Плануем у маі—чэрвені выйсці на пляцоўку з першай вытворчасцю. У цэлым жа прадугледжана асваенне тэрыторыі парка на працягу 30 гадоў, за гэты час будзе прыцягнута ў краіну звыш пяці мільярдаў долараў інвестыцый. Першая чарга разлічана на дзесяцігадовы перыяд асваення івестыцый і прадугледжвае каля двух мільярдаў долараў», — адзначыў Барыс Батура.

Разам з тым ён назваў надыходзячы 2013 год прарыўным у цэлым у сацыяльна-эканамічным развіцці сталічнай вобласці. І інвестыцыйная палітыка іграе ў гэтым працэсе вызначальную ролю. «Калі за 11 месяцаў бягучага года ў эканоміку вобласці прыцягнута каля 23 трыльёнаў рублёў, у тым ліку замежных інвестыцый каля 80 мільёнаў долараў, то па выніках года гэты паказчык павінен быць каля 32 трыльёнаў і 180 мільёнаў адпаведна. Разрыў, канечне, сур’ёзны, але ёсць напрацоўкі, якія дазваляюць сцвярджаць, што намечанае мы выканаем», — запэўніў старшыня аблвыканкама. Надалей інвестыцыйная праграма прадугледжвае і стварэнне ў кожным раёне не менш як па 10 высокатэхналагічных прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў каля 50 чалавек і з аб’ёмам выручкі на аднаго работніка не менш як 60 тысяч долараў у год. Фінансавыя крыніцы самыя розныя: бюджэтныя, прыватныя інвестыцыі, айчынныя, замежныя на чыстай аснове ці з прыцягненнем крэдытных ліній. «Прыярытэт адзін — прадпрыемствы павінны выпускаць высакаякасную, канкурэнтаздольную прадукцыю, забяспечваць высокі ўзровень заработнай платы працуючым. Мы ў гэтым накірунку рухаемся ўсвядомлена, у раёнах распрацаваны планы. Відавочна, што без інвестыцый немагчыма атрымаць хуткі эканамічны рост», — падкрэсліў Барыс Батура.

На Міншчыне прасочваецца відавочная тэндэнцыя стварэння буйных кампаній. Менш чым год таму зарэгістраваны і холдынг «Мясамалпрам». Журналісты цікавіліся, што дае такое ўзбуйненне? Як адказаў кіраўнік сталічнай вобласці, для гэтага існуе некалькі падстаў. Па-першае, з’яўляецца магчымасць канцэнтрацыі фінансавых сродкаў, рацыянальнага іх размеркавання для правядзення сур’ёзнай мадэрнізацыі вытворчасці. Па-другое, буйной кампаніі прасцей канкурыраваць на рынку з вядучымі брэндамі. Зараз у сферы вытворчасці малочнай прадукцыі створаны два прадпрыемствы: ААТ «Слуцкі стандарт» (шляхам аб’яднання ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат», «Клецкая крыначка», Капыльскі масласырзавод і Любанскі сыраробчы завод) і ААТ «Здравушка-мілк» (на базе Барысаўскага малочнага камбіната і Бярэзінскага сыраробчага завода). Да канца года будзе створана ААТ «Мінская марка», куды ўвойдуць гармалзаводы № 1 і № 2 і Маладзечанскі малочны камбінат. Тое ж і ў мясной вытворчасці. Мінскі, Слуцкі і Барысаўскі мясакамбінаты пад эгідай аднаго холдынга будуць займацца вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі.

Тэндэнцыя па арганізацыі буйных кампаній, як падкрэсліў Барыс Батура, будзе працягвацца. Рэалізуецца задача па стварэнні ў кожным раёне базавай эталоннай гаспадаркі з вялікімі аб’ёмамі, завершаным цыклам вытворчасці, з высокай дададзенай вартасцю. У вобласці ёсць эталон, на які трэба арыентавацца, — гэта агракамбінат «Сноў». «На жаль, у нас, ды і, напэўна, у іншых абласцях, другой гаспадаркі з такой эфектыўнасцю работы пакуль не з’явілася. Хаця ёсць прыклады буйных гаспадарак, якія вырабляюць, перапрацоўваюць і прадаюць прадукцыю, займаюць сур’ёзнае месца ў эканоміцы сваіх раёнаў. Вядома, у гаспадарцы, якая мае тысячу гектараў раллі, немагчыма забяспечыць эфектыўную вытворчасць. Таму палітыка ўзбуйнення будзе працягвацца», — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама.

Цікавіла журналістаў і жыллёвае пытанне. Зараз Міншчына з’яўляецца лідарам па аб’ёмах будаўніцтва жылля. А што плануецца на наступны год? Адказваючы на гэта пытанне, Барыс Батура адзначыў, што перад вобласцю стаіць вельмі няпростая задача. «У наступным годзе неабходна ўвесці 1 млн. 400 тыс. кв. м жылля, з іх 500 тыс. кв. м будзе пабудавана з дзяржпадтрымкай, гэта значыць, з выкарыстаннем ільготных крэдытных рэсурсаў. Гэта самыя вялікія планы па будаўніцтве жылля сярод рэгіёнаў краіны», — сказаў Барыс Батура. Да таго ж запэўніў, што ў наступным годзе будуць вырашаны ўсе праблемы з будаўніцтвам інфраструктуры, якая нярэдка была адной з асноўных прычын затрымкі ўводу жылля ў эксплуатацыю. А таксама будуць вырашаны праблемы па будаўніцтве інжынерных сетак на ўчастках пад індывідуальнае жыллё, асабліва ў Мінскім раёне. Разам з тым ва ўсіх буйных гарадах вобласці ў 2013—2014 гадах будзе будавацца арэнднае жыллё. У Барысаве і Маладзечне гэты працэс ужо запушчаны.

Глабальныя работы вядуцца і ў цэнтры турызму і аздараўлення — Нарачанскім краі. Два гады вобласць працуе над рэалізацыяй адпаведнай дзяржаўнай праграмы. Як запэўніў Барыс Батура, выкананне мерапрыемстваў ідзе ў аб’ёмах, занатаваных у гэтым дакуменце. «У 2011 годзе мы патрацілі каля 140 млрд. рублёў на розных аб’ектах, сёлета будзе прыкладна столькі ж. Шмат чаго зроблена па Мядзелі і пасёлку Нарач. А таксама ўцэлым па раёне. Практычна выкананы ўсе мерапрыемствы па будаўніцтве сістэм водазабеспячэння і каналізацыі, уведзены два сучасныя аўтавакзалы, будуецца новая гасцініца ў Мядзелі, базы аграэкатурызму. Рэканструяваны або ў працэсе ўсе санаторыі, а іх на курорце 10», — паведаміў Барыс Батура. Паводле яго слоў шмат яшчэ трэба зрабіць у гандлі і па арганізацыі вольнага часу. Пераўтварэнні адбываюцца і ў сферы вытворчасці. Укладзены інвестыцыі ў вытворчасць па перапрацоўцы рыбы, рэканструяваны малочны завод. Вядзецца работа па ўкараненні праграмы вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў, у раёне ўжо ўведзены абмежаванні на прымяненне мінеральных удабрэнняў. Адпаведныя структуры працуюць над стварэннем нарматыўных актаў, што павінны рэгламентаваць вытворчасць і рэалізацыю гэтых прадуктаў, якія будуць запатрабаваны ў мясцовых здраўніцах, у раёне і за яго межамі.

2013 год юбілейны для Міншчыны, спаўняецца 75 год з дня яе ўтварэння. Таму натуральна, што ў кіраўніка спыталі, як будзе ладзіцца святкаванне з гэтай нагоды. «Я не прыхільнік гучных святкаванняў. Дату сустрэнем па-дзелавому. Тым не менш шэраг мерапрыемстваў запланаваны. Гэта і ўрачысты сход з запрашэннем шырокага кола гасцей, і круглыя сталы, сустрэчы і гэтак далей», — адзначыў Барыс Батура.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter