Что ели предки белорусов во время поста

Сціпла і смачна

Вялікі пост, які папярэднічае Вялікадню, лічыцца самым строгім у хрысціян. Асабліва гэта датычыцца праваслаўных веруючых. Царкоўны статут забараняе ўжываць мяса (у тым ліку птушынае), яйкі, малако, малочныя прадукты, а алей і рыбу дазваляе толькі ў асобныя дні. Сёння нямногія гатовы прытрымлівацца гэтых строгіх правіл. А вось нашы продкі ў большасці сваёй пост выконвалі. І, калі верыць энцыклапедыі беларускай кухні «Смачна есці», іх посны стол зусім не быў бедным і аднастайным.


У пост дазвалялася ўжываць гародніну, грыбы, арэхі, сухафрукты, бабовыя, зернавыя... І нашы продкі ўмудраліся гатаваць з гэтых простых прадуктаў неверагодныя стравы. У раздзеле «Посны стол» выдання «Смачна есці» змешчана каля 70 унікальных рэцэптаў — ад халодных закусак да вырабаў з цеста.

Папулярнай стравай, і не толькі ў пост, лічыліся лазанкі. Рэцэпт просты: цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскатвалі, рэзалі на квадраты ці трохвугольнікі, варылі ў падсоленай вадзе. Падавалі лазанкі з цыбуляй, грыбамі і г.д. Часам адвараныя квадраты ці трохвугольнікі смажылі да лёгкай скарынкі.


Ранняй вясной шмат страў гатавалі з першай зеляніны. Да прыкладу, суп з крапівы. Адварвалі парэзаныя бульбу, моркву, цыбулю разам з пшанічнай крупой, затым дадавалі маладыя лісты крапівы, давалі крыху настаяцца і ў канцы пасыпалі свежым кропам.

Папулярнымі былі кісялі, і не толькі салодкія. Так, складальнікі энцыклапедыі «Смачна есці» знаёмяць чытачоў з рэцэптам гарохавага кісялю. Каб прыгатаваць яго, трэба для пачатку размалоць дзве шклянкі сушанага гароху, заліць халоднай вадой (1,25 л) і дадаць дзве чайныя лыжкі солі. Затым варыць гарох не менш за 40 хвілін. Пасля выкласці гатовы кісель у глыбокую міску, астудзіць, нарэзаць лустачкамі і зверху ўпрыгожыць смажанымі грыбамі з цыбуляй.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter