Сцежкамі яе жыцця

Купала и Мядёлка: любимые или просто друзья - ответ на этот вопрос исследователи ищут и сегодня

Імя Паўліны Мядзёлкі не вывучаюць у школе. Але ніводны нарыс, ніводная кніга пра Янку Купалу, а цяпер яшчэ і кіно не абыходзяцца без узгадвання пра гэтую жанчыну. Адны асцярожна выказваюцца пра яе толькі як пра першую выканаўцу галоўнай ролі ў «Паўлінцы», другія — як пра каханую песняра. Хаця на самай справе Мядзёлка нават без удзелу ў яе жыцці Купалы вартая шмат добрых слоў. Але і белых плям у яе жыцці дастаткова…


Схіліць калена і галаву


Доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Рагойша толькі-толькі вярнуўся з Будслава, дзе адзначалася 125-годдзе Паўліны Вінцэнтаўны. Навуковец не ўпершыню трапіў на радзіму гэтай грамадскай і культурнай дзяячкі. Узгадвае, што быў там яшчэ ў далёкім 1966-м з вялікай пісьменніцкай дэлегацыяй. Тады, як толькі ўвайшлі ў хату прыхварэлай Мядзёлкі, Уладзімір Караткевіч адразу ўпаў на калені і пачаў цалаваць ёй рукі. Гэта было не толькі мужчынскім знакам увагі, але найперш знакам чалавечай павагі.

За што сам Караткевіч схіляў перад ёй галаву? Тут лепш адказаць словамі яшчэ аднаго славутага пісьменніка Змітрака Бядулі: «Слава табе, Паўліна, за тваё гераічнае змаганне за лепшы лёс нашага народа, якому ты аддала ўсе свае сілы і здольнасці». Падобныя лісты да Мядзёлкі пісалі Кузьма Чорны, Зоська Верас, Цішка Гартны, Рыгор Шырма і многія іншыя. Гэтая жанчына заўсёды знаходзілася ў палітычным і культурным асяроддзі, была шмат з кім знаёмая. Але першым, можна лічыць, яе заўважыў Купала.


Нягледзячы на тое, што Мядзёлка пражыла больш за восемдзесят гадоў, можна сказаць, дачакался нашага часу, у яе біяграфіі шмат белых плям. На сыходзе яна нават падрыхтавала мемуары, якія ўжо пасля яе смерці выйшлі пад назвай «Сцежкамі жыцця». Замест тоўстага талмуда з узгадваннем розных прозвішчаў і падзей выйшла невялічкая кніжачка: цэнзары, не шкадуючы, перакрэслівалі цэлыя главы. Шчасце, што захаваўся рукапіс. Дзякуючы архівазнаўцы Ганне Запартыка ён хутка ператворыцца ў сапраўдную кнігу, што называецца, без купюр. Там з’явіцца шмат прозвішчаў, якія ў той час былі пад забаронай: Язэп Лёсік, Вацлаў Ігнатоўскі, Алесь Гарун, браты Луцкевічы і шмат іншых. Гэта людзі, якія пакінулі значны след у лёсе Паўліны.

Першая ці другая?


Але нават і гэту кнігу нельга назваць сапраўдным жыццяпісам Мядзёлкі. Ёсць тэмы, якія яна замоўчвала. Сёння навукоўцы і літаратары спрачаюцца, як дзяўчынка са шматдзетнай будслаўскай сям’і, дзе бацька быў настройшчыкам арганаў і раяляў, а маці хатняй гаспадыняй, змагла паехаць вучыцца ў Рыгу, а потым і Вільню? Па адной з версій, гімназію таемна аплачвала дачка генерала, з якой яны разам вучыліся, але не сябравалі. Дарэчы, менавіта там пачаў праяўляцца ўпарты характар Паўліны. Вучылася яна на выдатна, але любіла выказваць сваё меркаванне, часта спрачалася з педагогамі і заўсёды падкрэслівала, што яна беларуска. Дакладна невядома, выпадкова ці спецыяльна, даведаўшыся пра такую дзяўчыну, Купала, які тады працаваў у «Нашай ніве», неяк завітаў да знаёмых, у якіх гасцявала Мядзёлка. Вось як пра гэта яна піша ў сваёй кнізе: «Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы». Справа была ў 1908-м. Наступная іх сустрэча адбылася недзе праз чатыры гады. У той час Паўліна вучылася ў Пецярбургу, актыўна ўдзельнічала ў жыцці сацыялістычных гурткоў.

Пятро Васючэнка, аўтар п’есы «Паэт і дзяўчына», упэўнены, што вобраз галоўнай гераіні «Паўлінкі» Купала спісаў з Мядзёлкі. Яна атрымалася такой жа няўрымслівай, гарэзлівай, у той жа час шляхетнай, як і тая будслаўская дзяўчына. Хутчэй за ўсё, Паўліна пагадзілася на гэтую ролю таму, што ўбачыла ў ёй сваё адлюстраванне. Адзін важны момант: ніякай спецыяльнай адукацыі ў Мядзёлкі не было, але сваю ролю яна выканала выдатна. Спектакль меў нечаканы поспех.

Тут яшчэ трэба заўважыць: сёння даследчыкі ўпэўнены, што Мядзёлка ўсё ж не была першай Паўлінкай. Да таго як спектакль паставілі ў пецярбургскай зале «Пальма», ён ужо ішоў у Вільні. Дарэчы, і наконт «Пальмы» таксама ёсць спрэчкі: афіша, якая сёння захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, сведчыць, што прэм’ера ў Пецярбургу адбылася ў зусім іншым памяшканні на Васільеўскім востраве.

Ён і яна


Але гэта ўжо малазначная інфармацыя ў параўнанні з тым, што адбылося падчас рэпетыцый паміж Мядзёлкай і Купалам. Сама актрыса расказвала, што паэт прапаноўваў ёй руку і сэрца. Добрым пацвярджэннем гэтаму можна лічыць і паэмы «Бандароўна» і «Яна і я». Некаторыя ж даследчыкі лічаць гэта перабольшаннем, але і не адмаўляюць, што паміж імі магла быць нейкая сімпатыя. Сам жа Купала на гэту тэму ніколі не выказваўся. Тым больш дастаткова хутка пасля тых падзей з’явіліся добра вядомыя нам са школы радкі «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілія», прысвечаныя ўжо Уладзіславе Станкевіч. Яна ж праз некаторы час і стала жонкай песняра.

Цікава, што пасля Мядзёлка і Купала неаднаразова сустракаліся па справах, той нават неяк дапамог ёй уладкавацца ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Паўліну да таго часу шмат пакідала па розных гарадах і краінах. Неаднойчы яна аказвалася за кратамі. Прычынай звычайна выступала яе апантанасць нацыянальнай ідэяй. У асноўным яна працавала настаўніцай, пісала вершы. У 1919-м Паўліна Мядзёлка стала інспектарам беларускiх школ, кіраўніком Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне, але хутка яе арыштавалі польскія ўлады за ўдзел у выданні газеты «Родны край». Прыкладна ў той жа час наша гераіня сустрэла мужчыну, з якім і злучыла свой лёс. Праўда, шчасце з Томашам Грыбам, заснавальнікам партыі эсэраў, было нядоўгім. Сёння прынята лічыць, што ён наклікаў бяду на сябе і жонку. Абое трапілі ў турму. А пасля раз’ехаліся па розных краінах. Скончылася каханне ці такім чынам яна вырашыла засцерагчы сябе — пра гэта Мядзёлка маўчала. Але факт застаецца фактам: гэта яе адзіны шлюб. Дзяцей у яе наогул не было.

Загадкавая апошняя сустрэча


Мядзёлка ўсю сябе прысвячала людзям і працы. Хтосьці найбольш яркім перыядам яе жыцця лічыць час, калі яна выкладала ў Дзвінскай (цяпер — Даўгаўпілс) беларускай гімназіі, дзе арганізавала драматычны і харавы гурткі, ставіла п’есы Купалы. Дарэчы, зайздроснікі данеслі, быццам бы Мядзёлка прымала ўдзел у злачыннай групоўцы. Доказаў не знайшлі, але з Латвіяй ёй прыйшлося развітацца. Тады ж Купала і дапамог уладкавацца ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Хтосьці ўсхваляе яе горацкі перыяд, калі выкладала ў сельскагаспадарчай акадэміі. Гэта досыць складаны час. У яе склаліся няпростыя адносіны з кіраўніцтвам навучальнай установы. І затрымалася Мядзёлка там толькі дзякуючы падтрымцы Максіма Гарэцкага. Яна і там арганізавала самадзейнасць. Летам 1930-га Паўліна Вінцэнтаўна захварэла і паехала на лячэнне ў Маскву, але раптам яе арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Хутка аказалася, што беспадстаўна. Але ўсё ж выслалі ў Казань. Пасля пачынаецца яе шматгадовы маскоўскі перыяд. Амаль пятнаццаць гадоў працавала настаўніцай у 27-й школе.


У Маскве пастаянна прымала ў сябе сяброў-беларусаў, сустрака-лася з рознымі культурнымі і грамадскімі дзеячамі. Там жа ў 1942-м яна ў апошні раз бачылася і з Купалам. Ёсць звесткі, што за некалькі гадзін да гібелі песняра яна наведвалася да яго ў гасцініцу. Цікава, што пасля смерці Купалы Мядзёлка разам з няшчаснай удавой Уладзіславай Станкевіч спрабавалі правесці сваё расследаванне. Але, як вядома, абставіны гібелі Купалы — гэта таямніца і сёння.

Што датычыць пазнейшага жыцця Паўліны Вінцэнтаўны, то пра яго якраз добра вядома. Пасля вайны выканаўца галоўнай ролі ў «Паўлінцы» пераехала да хворай маці ў Будслаў. Да 1958-га выкладала ў мясцовай школе. Але і на пенсіі ніколі не сядзела без справы. Арганізавала ў Будславе хор, ездзіла з ім па гарадах і вёсках. І нават не маючы спецыяльнай  музычнай адукацыі, хутка атрымала званне заслужанага дзеяча культуры. Тут няма нічога дзіўнага. Гэта ўзнагарода не толькі за  выкананне песень, гэта і як павага за ўклад у гісторыю нашай краіны.

Сёння будслаўскія суседзі і родныя Мядзёлкі ўзгадваюць яе як цікавую жанчыну не толькі знешне, але і ўнутрана. У памяці многіх Паўліна Вінцэнтаўна засталася прыгожай, інтэлігентнай дамай з цыгарэтай у руках.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...