Адзіны ў Беларусі музей з нячыстай сілай працуе ў Віцебскім раёне

Страшна цікава

Калядныя святы славяне лічылі “прывілеяванымі” днямі для ўсялякай нечысці. Маўляў, у гэты перыяд яна гуляе па свеце, і яе свавольствы далёка не такія бяскрыўдныя, як у персанажаў гогалеўскай “Дзіканькі”. У доўгія калядныя вечары і ночы нашы продкі былі напагатове. Але баль правіў не толькі страх трапіцца на кручок чарцям. Надыходзіла пара традыцыйнай каляднай варажбы, захапляльных містычных гісторый, ад якіх ажно дрыжыкі працінаюць. Хочаце, каб і ваша сэрца забілася часцей? Тады вам у вёску Заронава Віцебскага раёна. Менавіта тут, у падвале народнага гісторыка-краязнаўчага музея, прапісаліся навакольныя нячысцікі.


Музею “Гісторыя Заронаўскага краю” больш за тры дзесяцігоддзі. А ў 2014-м тут адкрылі ўнікальную міфалагічную залу, дзе жывуць беларускія нячысцікі ды іншыя незвычайныя істоты. Аналагаў у Беларусі няма. Нешта падобнае можна сустрэць хіба што ў расійскім Углічы — у музеі рускай міфалогіі. А калі ў Заронава пабывала дэлегацыя з краін Балтыі, сама сабой паўстала паралель з Музеем чарцей у Каўнасе. Літоўскі будынак у некалькі паверхаў вядомы тым, што яго “насяляюць” каля 3000 рагата-хвастатых з усяго свету. Пад Віцебскам колькасць міфічных экспанатаў больш сціплая. Зрэшты, цікаўнасць ў наведвальнікаў ад гэтага не змяншаецца.

Дырэктар музея Людміла Нікіціна запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў дзівосны свет міфалогіі:

— Наша зала складаецца з дзвюх частак. На ўваходзе ў падвал гасцей сустракаюць водныя і балотныя нячысцікі: аржавень, багнік, лазнік, русалкі, вечны халасцяк вадзянік... Ёсць і ціхоня, якога ніхто ніколі не бачыў, бо на балоце паводзіць сябе ціхенька — толькі бурбалкамі выдае сябе. А гэта наш цмок, які летам і восенню жыве ў заронаўскім возеры, а на зіму перасяляецца да нас. Чаму ён цмок? Таму што любіць цмокаць, значыць, цалавацца з дзеўкамі. (Смяецца.) Але лялі-валі з цмокам да дабра не давядуць.

Мясцовы аўтэнтычны фальклор далёкі ад хорару. Персанажы, хаця і здольныя паказаць зубкі, цалкам ціхмяныя. Акрамя таго, за імі ўважліва сочыць Гаспадар, які падтрымлівае парадак у гэтым “цёмным царстве”. У яго руках вялізная булава, якая — раз! — і можа пайсці ў ход.

Далей, за цяжкімі дзвярыма, наземныя і падземныя міфічныя насельнікі. Ідучы за Людмілай Канстанцінаўнай, я як журналіст, здавалася б, гатовая да ўсяго. Але... бадзёра падскокваю, пачуўшы з цемры эпічнае “бу”. Харызматычная 395-гадовая Ягодка (Аляксандра Гваздзёва) проста супер. Галоўная кіношная Баба Яга Савецкага Саюза Георгій Міляр цалкам ухваліў бы такую “калегу”. Даўно ўжыліся ў ролю і іншыя ўдзельнікі “Юных экскурсаводаў” — аб’яднання па інтарэсах, якім кіруе Людміла Нікіціна. Вучні Суйкаўскай школы Мікіта Шыбека і Ліза Семенчукова — сапраўдныя памочнікі Людмілы Канстанцінаўны: вядуць экскурсіі з агеньчыкам, усё ад зубоў адскоквае.

Як модна казаць, фішка міфалагічнай залы ў Заронава ў тым, што ўсе яе персанажы не з галавы. Іх стварылі, узяўшы за арыенцір кнігу Мікалая Нікіфароўскага “Нячысцікі...”. М.Я. Нікіфароўскі — ураджэнец тутэйшых мясцін, вядомы беларускі этнограф і фалькларыст, які жыў на мяжы XIX—XX стагоддзяў, цікавіўся гісторыяй суіснавання міфалагічных істот і людзей. Ён сцвярджаў, што ў паўночным беларускім краі “нячысцікаў” хапае. І нават стварыў для іх своеасаблівы пашпарт — звод простанародных паданняў пра нячыстую сілу. Менавіта на аснове яго даследаванняў з’явілася найцікавейшая экспазіцыя. Так што карані загадкавых падвальных персанажаў беларускія. Ягодка радасна знаёміць мяне з заронаўскай прыгажуняй, сваёй роднай сястрой Ягіней, якой усяго... 400 гадочкаў:

— Ох і любіць яна гасцей — маладзенькіх, смачненькіх... Зірніце, хто гэта ў яе на печы? Змей — вялікі, чорны, толькі вочкі блішчаць. Беларусы лічылі змея ўвасабленнем дамавіка. Калі ён на печы, то ў хаце лад.


Са сцяны на наведвальнікаў пазірае Зюзя — наш прататып Дзеда Мароза. Шэшкі (маленькія смешныя чарцяняты), Палявік, Падпечнік, Паветрык, ахі і охі... Якіх толькі міфалагічных істот тут няма! Не абыходзіцца без жукоў, павукоў ды змей. Зразумела, не натуральных, але ў момант глыбокага пагружэння ў казку пра гэта разважаць няма калі. Рэагуеш хутчэй, чым усведамляеш, запэўнівае Людміла Нікіціна:

— Пакладзеш маленькую змейку на плячо, і пачынаецца сапраўдны экстрым. Стрымаць эмоцыі няпроста.

Ягодка яшчэ можа пачаставаць гасцей смачным варывам з катла: чарвячкі, павучкі, курыныя лапкі і іншыя “далікатэсы”. Калі кулінарная бомба гатовая, мясцовая Бабка Ёжка бярэ лыжку і з задавальненнем дэгустуе — слабанервовым не глядзець. Твары сведкаў дзейства выцягваюцца, а вусны складваюцца ў літару “о”. І дарма. Самыя смелыя могуць пераканацца: усё не толькі ядомае, нават вельмі смачнае. У гаспадыні музея загадзя прызапашаны іншы кацялок замест бутафорскага. А там сапраўды апетытныя прысмакі.

Суразмоўнік успамінае, як стваралі міфалагічную залу:

— Ідэю ўдалося ўвасобіць дзякуючы фінансавай падтрымцы Віцебскага райвыканкама, творчай дапамозе настаўніцы Суйкаўскай школы Наталлі Шыкаровай і мясцовых школьнікаў. Наташа выдатная мастачка, якая на пэўны час, лічы, перасялілася ў падвал музея, каб удыхнуць у яго новае жыццё. Але падмурак для залы з нячысцікамі быў закладзены яшчэ раней. Калісьці я выкладала дзецям беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе. Тэма беларускай міфалогіі была адной з самых займальных. Хатняе заданне — прадставіць і сваімі рукамі вырабіць герояў нашага фальклору. Спробы дзетак потым дадавалі каларыт “Беларускай хатцы”.

Унікальны для Беларусі музей — зусім не заляцанні да нячыстай сілы. Перш за ўсё гэта папулярызацыя, падаграванне цікавасці да багатага беларускага фальклору. А ўсё незвычайнае цікава і дарослым, і дзецям, нават калі адкінуць убок веру ў звышнатуральнае і невытлумачальнае. На пытанне, ці ёсць жаданне пашырыць кампанію нячысцікаў, гасцінная Нікіціна адказвае станоўча. Так, чаму б не прапісаць у зале самую папулярную ў Беларусі міфічную істоту — ваўкалака?

У кожнай рэчы свая гісторыя

Музей у Заронава — гэта ўжо брэнд Віцебскага раёна. Дзецішча Людмілы Канстанцінаўны папулярна і ў будні, і ў святы. Напрыклад, нярэдка сюды прывозяць гасцей фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, якія не хаваюць захаплення ад беларускай “экзотыкі”. У некалькіх музейных залах больш за 20 тысяч экспанатаў, падораных ці сабраных падчас фальклорных экспедыцый. 

Тут прылады працы нашых продкаў, прадметы савецкага побыту, фотаапараты, рарытэтныя навагоднія цацкі, вышыванкі, гадзіннікі, самавары — як у Грэцыі, усё ёсць. Пра кожную рэч Людміла Канстанцінаўна і яе юныя экскурсаводы могуць распавесці цэлую гісторыю. Прыязджайце, не пашкадуеце!

Navumavahanna@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter