Стары новы Несцерка? Народны!

У Нацыянальным акадэмiчным тэатры iмя Якуба Коласа адноўлена любiмая вiцебскай публiкай камедыя “Несцерка”, з якой звязана значная частка гiсторыi калектыву. Такi падарунак да 80-годдзя тэатра, якое ён адзначае гэтымі днямі, зрабiлi коласаўцы гледачам i самiм сабе.

За адзiн вечар новай старой прэм’еры гледачы ўбачылi адразу трох акцёраў у ролi Несцеркi — народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii БССР Фёдара Шмакава, народнага артыста Беларусi Тадэвуша Кокштыса i харызматычнага коласаўца Пятра Ламана. Тры гадзiны, на працягу якiх iдзе камедыя, ляцяць як адно iмгненне. I ўдзячная вiцебская публiка, не хаваючы слёз радасцi, шквалам апладысментаў адзначае новы вiток у жыццi свайго старога знаёмага Несцеркi.
— Прэм’ера “Несцеркi” адбылася перад самай вайной, 18 мая 1941 года, — расказвае загадчыца лiтаратурнай часткi тэатра Святлана Дашкевiч. — Тэатр быў на гастролях у Петразаводску, i гледачам настолькi падабалася камедыя, што яны дапамаглi захаваць дэкарацыi i касцюмы, калi ўжо пачалася вайна. Чыгуначнiкi пераправiлi iх ва Уральск. Такiм чынам, жыццё спектакля захавалi самi гледачы. Гэта была легендарная пастаноўка Навума Лойтара. Доўгiя гады ролю Несцеркi выконваў народны артыст СССР Аляксандр Iльiнскi, потым яго замянiў Фёдар Шмакаў, якi заставаўся адзiным выканаўцам да 1982 года. Калi на гастролях у Сiмферопалi Шмакаў нечакана захварэў, яго падмянiў Яўген Шыпiла, ён i без рэпетыцый выдатна ведаў ролю i стаў трэцiм выканаўцам Несцеркi.
Менавiта спектаклем “Несцерка” коласаўцы заўсёды пачыналi тэатральны сезон. Але час наклаў свае адмецiны на пастаноўку, артысты “заiгралi” свае ролi, пачыналi многа iмправiзаваць, састарэлi дэкарацыi i касцюмы. Мастацкi кiраўнiк тэатра Вiталь Баркоўскi вырашыў аднавiць спектакль, наблiзiўшы яго менавiта да першапачатковай сцэнаграфii, выкарыстаўшы эскiзы мастака Лiпы Кроля. Аднаўлення чакалi доўгiх пяць гадоў. Падрыхтоўка iшла даволi скрупулёзная, што нi кажы, а “Несцерка” — вiзiтная картка тэатра.
— Мы змянiлi ўсiх выканаўцаў, застаўся толькi ў якасцi ганаровага Несцеркi народны артыст СССР Фёдар Шмакаў, — гаворыць Вiталь Баркоўскi. — Гэта немудрагелiстая адвечная гiсторыя пра каханне, справядлiвасць, багацце i беднасць.
Узгадваюць, што ў 60-я ў Вiцебску жыў гадзiннiкавы майстар, якi не прапусцiў нiводнага спектакля “Несцерка”. Цi ж не сведчыць гэты факт, што сапраўдны класiчны герой з’яўляецца па-сапраўднаму народным?
Прэм’ера адноўленага “Несцеркi” стала як бы парадоксам сённяшняга часу. Тэатр, якi заўсёды ўяўляў сабой пэўную загадку для сучаснiкаў, прадоўжыў свае традыцыi i пераадолеў сам сябе, каб пра яго зноў загаварылi як пра з’яву “чаканай нечаканасцi”, поўнай надзей i адкрыццяў.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter