Заботы и надежды председателя совета Белорусского общественного объединения фермеров Юрия Семенова

Старшыня савета Беларускага грамадскага аб'яднання фермераў Юрый Сямёнаў: «Важна ўсюды падтрымліваць жаданне быць гаспадаром»

Напэўна, нішто так не ўзвышае чалавека, не выклікае павагі да яго, як права называцца першапраходцам. Такім увайшоў у гісторыю развіцця фермерства на Віцебшчыне выпускнік аграфака расійскага Велікалуцкага сельгасінстытута Юрый СЯМЁНАЎ. У старэйшых класах атрымаў прафесію механізатара і пасля заканчэння сярэдняй школы год адпрацаваў у калгасе на трактары. Потым паступіў у сельгасінстытут, вывучыўся на вучонага агранома. Уладкаваўся ў шумілінскі калгас «Ленінскі заклік». Пасля службы ў арміі вярнуўся ў гаспадарку і пяць гадоў кіраваў агранамічнай службай. Вырошчваў хлеб і захапіўся навуковымі даследаваннямі — рыхтаваў матэрыял для кандыдацкай дысертацыі. 

У канцы мінулага стагоддзя кіраўніцтва былога СССР прыняло рашэнне выдзяляць жадаючым зямлю ў арэнду для заняцця сельскагаспадарчай дзейнасцю. Калгасны аграном рызыкнуў самарэалізавацца, даказаць, што і фермерства можа развівацца ўпоравень з грамадскім сектарам. Гаспадарчую дзейнасць пачынаў на паўсотні гектарах, атрыманых побач з Заходняй Дзвіной, і з гадамі сялянская гаспадарка «Родник» стала адной з буйнейшых на Віцебшчыне. Фермеру паступіла прапанова ўзяць на буксір суседні калгас, які патанаў у даўгах. Разумеючы складанасць сітуацыі і вялікую адказнасць, адважыўся на далучэнне сельгаспрадпрыемства. Цяжэй за ўсё было пераламаць псіхалогію калгаснікаў, пакуль кожны з іх не зразумеў: перш чым атрымаць грошы, трэба іх зарабіць. Шумілінскі гаспадар узначаліў Віцебскую абласную асацыяцыю фермераў. Зараз Юрый Сямёнаў кіруе саветам Беларускага грамадскага аб'яднання фермераў і з'яўляецца членам экспертнага савета Мінсельгасхарча.


Сустрэліся мы з героем нашай публікацыі на ХХХІІІ Міжнароднай спе­цыялізаванай выставе «Бел­агра-2023», што ладзілася на пачатку чэрвеня на тэрыторыі Кітайска-Беларускага індустрыяль­нага парка «Вялікі камень». Фермер з непадробленай цікавасцю аглядаў выставачныя экспазіцыі, знаёміўся з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства і жывёла­гадоўлі, сучаснымі тэхнало­гіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоў­вання прадукцыі. Уразілі яго аўта­матызаваныя сістэмы кіравання статкам, даільныя ўстаноўкі розных мадыфікацый, малакаахаладжальныя стацыянарныя і перасоўныя агрэгаты, а таксама распрацаваныя беларускімі вучонымі кармавыя дабаўкі, ветпрэпараты для жывёлы. Але здзівілі высокія цэны на прапанаваныя сродкі вытворчасці.

— Не адзін год вядзём дыскусію пра дыспарытэт цэн, а ўвесь цяжар затрат па-ранейшаму застаецца на вытворцах, — разважае Юрый Сямёнаў. — Без дзяржаўнай падтрымкі на плаву не ўстаяць. Занепакоены няспынным ростам цэн на сродкі вытворчасці для аграпрамысловага комплексу. Толькі за тры апошнія гады азотныя ўдабрэнні падаражэлі больш як у два разы. Асноўная складальная ў вытворчым працэсе пры вырабе іх — расійскі газ. Цана на яго не мяняецца, а вось кошт выпушчанага прадпрыемст­вамі прадукту павялічваецца. Чаму так атрымліваецца? Дыспарытэт цэн прыціскае нас. 

Выстава «Белагра» ўразіла сваім маштабам. Экспазіцыі сведчаць, як паспяхова развіваецца айчынны АПК. 

— Прадукцыя вашай фермерскай гаспадаркі прадстаўлена на выставе?

— Элітнае насенне шматгадовых траў, збожжавых і зернебабовых культур, вытворчасцю якога займаемся, узбагаціла стэнд дзяржаўнай установы «Віцебская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін». З кожнага гектара стабільна атрымліваем амаль па 18 цэнтнераў насення эліты і суперэліты шматгадовых траў. Ураджайнасць райграсу — 23 цэнтнеры насення на круг. Гэта самыя высокія паказчыкі сярод насенняводчых гаспадарак рэспублікі. Віцебшчына ў лідарах па аб'ёмах вытворчасці насення траў. Паспяхова прыжылася на нашых глеістых землях галега ўсходняя, перспектыўная кармавая культура. Пасевы яе пашырылі да 300 гектараў, за сезон атрымліваем два ўкосы зялёнай масы, што ў агульнай суме складае амаль па 700 цэнтнераў з гектара. У канцы вясны прыступілі да касьбы каштоўнай кармавой расліны. Не баіцца холаду і засухі, травастой густы, амаль у рост чалавека. Вырошчваем таксама насенне баркуну, канюшыны. Яны сілкуюцца азотам з паветра і абагачаюць мінералам глебу. У севазвароце 700 гектараў займаюць збожжавыя, на палову менш — свірэпіца азімая. Элітнае насенне траў, збожжавых і крыжакветных запатрабавана ў розных рэгіёнах Беларусі. Азімы рапс з-за неспрыяльных кліматычных умоў папрэў, і вясною давялося перасяваць амаль усе 150 гектараў. Сотню гектараў адвялі пад кукурузу на зялёны корм. 

— Юрый Віктаравіч, больш за тры дзесяцігоддзі таму вы адзін з першых не толькі на Віцебшчыне, але і ў рэспубліцы рызыкнулі стаць фермерам. Не шкадуеце, што абралі такі шлях?

— Наконт рызыкі скажу: чалавек пад'язджае да святлафора, і перад ім зялёны колер змяняецца жоўтым. Адзін ляціць далей, а другі рэзка спыняе аўто. 

— На якую педаль націснулі б?

— Калі адказ для аўтаінспекцыі — на тормаз, а ў жыцці цісну звычайна на газ. Падабаецца выказванне аднаго з членаў савета беларускіх фермераў: калі не ведаеш, як паступіць, не спыняйся і кроч уперад. Такі і мой дэвіз. 

Жыццё не кінастужка, назад яго не адматаеш. За мінулыя дзесяцігоддзі ўсяго было: і імгненні радасці, і горыч няўдач. Але прыемнага больш. На самым пачатку фермерства адчуў: аднаму складана працаваць. Аб'яднаўся з калгасным эканамістам Аляксандрам Буткевічам і электрыкам Анатолем Прыгуном. Агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіла паўтары сотні гектараў, дзяржава падтрымала нашы намаганні. Пад тры працэнты ўзялі ў банку льготную пазыку для набыцця збожжаўборачнага камбайна «Енісей-1200», некалькіх трактароў, аўтамабіляў і іншай сельгастэхнікі. У той час крэдыты выдаваліся значна прасцей, чым цяпер. Гарантам выступіў райвыканкам. Зараз мала хто згаджаецца на гэта. Банкі выдаюць грошы пад заклад маёмасці ў суадносінах адзін да паўтара. А што можа закласці пачынаючы гаспадарнік? Звычайна гэта выпускнік каледжа, ліцэя ці вышэйшай аграрнай навучальнай установы. Каб пачаць уласную справу, аднаго жадання мала — трэба мець крыніцу фінансавання.

— Дзеля таго каб мець гаранта для атрымання банкаўскай пазыкі, патрэбны бізнес-план. Вы яго самі распрацоўвалі?
— Кожную дэталь грунтоўна абдумваў у сваім бізнес-плане. Рабіў падлікі затрат і магчымага прыбытку. Раённае кіраўніцтва маю ідэю фермерства падтрымала. Дзейнасць пачаў з вырошчвання збожжавых і шматгадовых траў на паўсотні гектарах. Паступова севазварот папоўніўся пасевамі лёну-даўгунцу, плантацыямі бульбы. Потым заняліся вырошчваннем лекавых траў: рамонку аптэчнага, календулы, валяр'яну, сардэчніку, зверабою, чарады.
Першыя тлумачэнні па агратэхніцы іх вырошчвання і сушэння атрымлівалі ў спецыялістаў. Нас кансультаваў адзіны ў той час у рэспубліцы доктар медыцынскіх навук, які займаўся лекавымі травамі, загадчык кафедры фармакалогіі Віцебскага медінстытута Уладзімір Лук'янавіч Шалюта і дацэнт гэтай кафедры Уладзімір Ільіч Сянчыла. Шмат карыснага перанялі ў спецыялізаванай шчучынскай гаспадарцы «Вялікае Мажэйкава», дзе вырошчваліся лекавыя травы, паступова назапашвалі ўласны вопыт. На першым часе ўраджай убіралі ў асноўным уручную, сушылі і рэалізоўвалі сыравіну ў Віцебскае абласное аптэчнае ўпраўленне. Большасць спецыялізаванай тэхнікі выпускалася ў былой Югаславіі. Купіць яе там не мелі магчымасці, таму ўзяліся самі за распрацоўку агрэгатаў і розных прыстасаванняў. Паступова вытворчы працэс наладзіўся, сыравінай аптэчнага рамонку забяспечвалі патрэбы Віцебшчыны. Намерваліся пашыраць плошчы пад пасевы лекавых раслін, але ад нашай гаспадаркі, як і ад завода медпрэпаратаў, патрабавалася ліцэнзія і наяўнасць у штаце спецыяліста-фармаколага. Гэта прымусіла спыніць вытворчы працэс. Крыўдна, што напрацаваны вопыт застаўся незапатрабаваным, тым больш праз некалькі гадоў ліцэнзаванне адмянілі. Але час не чакае, складана пачынаць усё спачатку.

— На якую дзейнасць пераарыентаваліся?

— На вырошчванне традыцыйных сельгаскультур. За ўласныя сродкі абнавілі тэхніку, пабудавалі складскія памяшканні для захоўвання ўраджаю. Вытворчую базу размясцілі ў вёсцы Забор'е. У 2002 годзе раённае кіраўніцтва прапанавала прыняць суседні калгас «Ленінскі заклік», у якім даўгоў было больш, чым магчымасці атрымаць выручку за рэалізаваныя асноўныя сродкі. Як у народзе кажуць, сумленне прыдумалі злыя людзі, каб мучыць добрых. Яно падказвала падтрымаць калгаснікаў: па тры-чатыры месяцы тыя не атрымлівалі заробкаў, а сем'ям трэба было неяк выжываць. Прыняў гаспадарку. Машынна-трактарны двор калгаса больш нагадваў звалку металалому. Узяліся за навядзенне парадку. Фермер, у адрозненне ад калектыўных гаспадарак, разлічвае на ўласныя магчымасці і не абвесціць страйк. Фермер для дзяржавы — грунтоўны чалавек. 

— На чым зараз спецыялізуецца сялянская гаспадарка?

— Акрамя раслінаводства, займаемся і жывёлагадоўляй. З 700 галоў буйной рагатай жывёлы чацвёртая частка — дойны статак. Гадавы надой ад кожнай каровы чорна-пярэстай пароды перавышае 6 тысяч кілаграмаў, штодзённа рэалізуем на малочны завод 4 тоны прадукту. Галіна гэта прыбытковая, але ў нашых умовах развіваць яе стала праблемна: няма каму працаваць на ферме. Пра гэта дбалі і раней. Каб замацаваць людзей на вёсцы, узялі пазыку ў банку і для шматдзетных сем'яў пабудавалі 11 дамоў. Для іх у райцэнтры за дзяржаўны кошт узвялі сацыяльнае жыллё. Дамы нашы апусцелі, усе шматдзетныя перабраліся ў горад (дарэчы, многія з іх там незапатрабаваныя). Узнік дэфіцыт даярак, даглядчыкаў жывёлы, механізатараў, іншых спецыялістаў. У Мішковіцкай СШ рэзка скарацілася колькасць навучэнцаў, у школьным будынку цяпер толькі дзіцячы садзік. Вучняў і настаўнікаў аўтобусам возяць у вёску Кардон, а яшчэ нядаўна Мішковічы былі самыя багатыя на дзяцей у раёне. Праз аб'явы запрашаем людзей на працу ў нашу фермерскую гаспадарку. Нам тэлефануюць і адразу пытаюць, ці ёсць школа. Калі чуюць адмоўны адказ, спыняюць размову.

— Юрый Віктаравіч, а што вас трымае на зямлі?

— Мо гэта і надта гучна будзе сказана, але дзе яшчэ можа быць лепш, як не ў родным краі? У нашай рэспубліцы тройчы аб'яўлялі Год малой радзімы. Бацькаўшчына — гэта, як гаварыў народны артыст СССР Іосіф Кабзон, калі яго ўкраінскія ўлады не пускалі ў родную Макееўку, той куточак на зямлі, дзе пупавіна закапана. Для мяне такі край — азёрная Віцебшчына. Гэта дзедаў раўчук ад крынічкі, каб асушыць лапік зямлі для поля, яблыневы сад, што застаўся ў спадчыну ад продкаў. Высокая сасна на падворку, невялікі кедравы гаёк у роднай вёсцы Мішкевічы, пасаджаны дзядзькам. Гэта цвінтар, на якім кожнага, хто пакоіцца там, ведаў. Не там Айчына, дзе мне ўсе чужыя. 

У кнізе расійскага пісьменніка Уладзіміра Крайнева «Нашчадкі Перамогі» ёсць радкі пра нашу сям'ю. Ад маіх сваякоў ён пачуў пра перажытае ў вайну. Дзядуля Аляксандр Анапрыенка, кадравы афіцэр, родам з Курскай вобласці, бабуля Марыя Якаўлеўна з Віцебшчыны. Вайна застала іх у Данбасе. Дзед змагаўся з ворагам, бабуля праз акупіраваныя гітлераўцамі Украіну і Беларусь пешшу прыйшла з двума маленькімі сынамі і дачкой у родную вёску Новае Барсучына ў Шумілінскім раёне. Немаўля Фрыдрыха несла на руках. Аднавяскоўцы не пазналі яе: твар быў замшэлы. Далі прытулак бежанцам. Аднойчы акупанты ўбачылі пад вясковым парканам нямецкую прастрэленую салдацкую каску. Ускочылі ў хату і выгналі бабулю з дзецьмі для расстрэлу. У апошні момант яна кінулася з немаўлятам на руках да аднаго з палачоў. Як магла тлумачыла, што ў хлопчыка нямецкае імя Фрыдрых. Гэта і спрацавала: акупанты паразважалі і адпусцілі ўсіх. Драматычны эпізод пісьменнік дэталёва перадаў у літаратурным творы. 

Пасля вайны бабуля атрымала паведамленне, што муж прапаў без вестак. Праз гады дзецям удалося адшукаць інфармацыю пра бацьку. Дапамагло тое, што афіцэрам штомесячна налічвалася ваеннае жалаванне. З архіва ў Падольску прыйшло паведамленне, што старшы лейтэнант Аляксандр Анапрыенка змагаўся з ворагам на Малой Зямлі, непадалёку ад Наварасійска. Мае дзядзькі ездзілі туды, адшукалі аднапалчаніна-інваліда. Бязногі франтавік расказаў, што пасля таго бою з іх батальёна засталіся ў жывых ён і яшчэ два байцы. 

— Зараз Год міру і стварэння. Што для вас ён значыць?

— Мір патрэбны ўсім. Тэлефануе мне ўстрывожаная стрыечная сястра з украінскай Макееўкі і расказвае, што восьмы год спіць у ванным пакоі. Баіцца выбухаў. Шкло на вокнах у кватэры склеена скотчам. Гэта ж страшна. Другая сваячка з болем у сэрцы распавядала, як трапіла з малымі дзецьмі ў час эвакуацыі на вакзале ў Краматорску пад выбух снарада. Цудам засталіся ў жывых. Вакол ляжалі параненыя з адарванымі рукамі, нагамі. Брат пайшоў супраць брата, сын — супраць бацькі. Нам усім зараз выпаў складаны час. Свой воўчы твар паказалі скрытыя ворагі. Самаадданай працай павінны мацаваць краіну, трымаць на замку свае рубяжы.

— Якімі гаспадарчымі планамі-задумамі жывяце зараз?

— Самымі простымі: дбаю аб хлебе надзённым. Зямля вечная, на ёй заўжды будзе каму працаваць. У Амерыцы, дзе знаёміўся з арганізацыяй працы фермераў, пачуў, што фермер жыве небагата, а памірае мільянерам. Мы ўсе свае сродкі ўкладваем у зямлю. Канешне, не параўнаць умовы гаспадарання ў нашым паўночным рэгіёне рэспублікі з больш спрыяльнымі на поўдні. Зіма ў нас суровая і доўгая. Святар з суседняга мястэчка Обаль Уладзімір Кучынскі родам з Палесся. Калі стаялі з ім вясною ля храма (зямля яшчэ была пакрыта снегам), ён сказаў, што на яго радзіме ўжо бульбу пасадзілі. І раннюю прадукцыю ім больш выгадна рэалізоўваць. Я па натуры аптыміст, трымаюся законаў. Не магу зразумець: сельгаспрадпрыемствам дзяржава выдзяляе субсідыі на вырошчванне кукурузы, стратэгічнай кармавой культуры, а фермеры застаюцца па-за ўвагай. Усе ж разам працуем на забеспячэнне краіны прадуктамі харчавання. Больш чула трэба адносіцца да людзей, што звязалі лёс з працай на зямлі. Не магу змірыцца з тым, што фермеру Марусу з Глускага раёна мясцовыя ўлады не дазволілі працаваць на ўладкаваным надзеле ў 50 гектараў, дзе да апошніх дзён сваіх гаспадарыў яго бацька. Прапанавалі яму аддаленае за 30 кіламетраў поле. Гэта адштурхоўвае ад фермерства. Зямлю прадаць нельга, яна нам Богам дадзена. Можна прадаць гарантаванае права на ўладанне ёю. І чалавек тады можа там гаспадарыць.
Мяне хвалюе праблема кадраў. Падтрымліваю думку Прэзідэнта павялічыць колькасць бюджэтных месцаў у аграрных навучальных установах. Больш шансаў будзе ў выпускнікоў сельскіх школ вучыцца за сродкі дзяржавы. У гарадскіх хлопцаў і дзяўчат, безумоўна, узровень падрыхтоўкі лепшы, але яны кароў бачаць у мульціках пра Прастаквашына. У маёй сельскай школе толькі адзін год вучыла нас замежнай мове спецыяліст, а калі звольнілася, гэты прадмет выкладалі ўсе каму прыйдзецца. Падтрымліваю ідэю павелічэння тэрміну адпрацоўкі маладых спецыялістаў: мо гэта ў нейкай ступені затрымае іх.
Як прадстаўнік беларускага фермерства бываю ў нашых калег за мяжою. Прымаў удзел у з'ездзе фермераў Смаленскай вобласці Расіі. Выступаючы за трыбунай, убачыў у зале землякоў. Варта задумацца, чаму яны там апынуліся. Усё гэта важныя праблемы, і вырашаць іх неабходна на дзяржаўным узроўні. Немалаважную ролю адыгрывае і выхаванне чалавека: пачуццё патрыятызму закладваецца з малых гадоў. Свой лёс ні на які іншы не прамяняю.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter