Старшыня райвыканкама Алег МОРХАТ: «Дзякуй усiм землякам за надзейны плацдарм для заўтрашняга рыўка»

Глыбоцкаму раёну – 75! За гэты час многае давялося перажыць
Глыбоцкаму раёну – 75! За гэты час многае давялося перажыць: Вялікую Айчынную вайну, цяжкія гады ўзнаўлення. Знамянальным стала ўтварэнне ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя калгасаў і прысваенне цэлай плеядзе прадстаўнікоў вёскі звання Героя Сацыялістычнай Працы, будаўніцтва ў горадзе буйнейшага ў краіне малочна-кансервавага камбіната. Асабліва багатым на падзеі аказалася апошняе дзесяцігоддзе. У 2004 годзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запаліў у Глыбокім факел прыроднага газу. У 2012-м Глыбокае стала сталіцай Дня беларускага пісьменства, а летась горад адсвяткаваў шасцісотую гадавіну свайго заснавання.



Першую пяцігодку завяршыў на пасадзе старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Пры ім Глыбокае ператварылася ў самабытны горад, які быў прызнаны лепшым у краіне па добраўпарадкаванні, а многія вёскі раёна набылі новае аблічча. Старшыню раённай выканаўчай улады можна было ўбачыць у першых радах працуючых у час закладкі вішнёвага саду, будаўніцтва незапланаванага аграгарадка ў Верхнім...

— Напярэдадні юбілею раёна,— расказвае Алег Віктаравіч, — наведалі ветэранаў, якія амаль усё жыццё аддалі дзяржаве і вытворчасці. І мы, улада, павінны памятаць пра іх і дапамагаць ім.

Глыбоцкі раён уваходзіць у пяцёрку лепшых у краіне па вытворчасці прадукцыі. І нельга не заўважыць галоўнага: прадпрыемствы раёна — мяса- і малочна-кансервавы камбінаты, камбікормавы завод, — уклаўшы сотні мільярдаў рублёў у мадэрнізацыю вытворчасці, стварылі ўласныя зоны сыравіны. Іх сельгасфіліялы займаюць цяпер больш за дзве трэціх раёна, аснашчаны сучаснай тэхнікай, маюць новыя жывёлагадоўчыя комплексы, дзе кароў дояць нават робаты. 

Алег Морхат упэўнены, што гэта плацдарм, магутная база, якая дазволіць у недалёкім будучым рэзка нарасціць сельскагаспадарчую прадукцыю і выйсці на ўзровень лепшых раёнаў і рэспублікі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter