Старшыня Лельчыцкага райвыканкама Аляксандр КАПЫТКОЎ: «Вы закахаецеся ў наш дзівосны, самабытны край!»

– МАЛА дзе ў Беларусі знойдзецца столькі ўнікальнага ў прыродзе і людзях, як на Лельчыншчыне

Хаця, безумоўна, уся наша рэспубліка — гэта сапфір у каралях Еўропы.

Зазірнуўшы ў любую нашу вёску, вы сустрэнецеся з добразычлівымі, адкрытымі людзьмі. Яны ніколі не маняць, простыя і шчырыя з кожным. А яшчэ адна з прыкмет гэтага народа — яго музычнасць і пявучасць. Нават размаўляюць тут неяк па-асабліваму, мякка і напеўна, нібыта спяваюць. Унікальную асаблівасць сваіх землякоў прымеціў вядомы беларускі музыказнаўца, ураджэнец гэтых мясцін, народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Дарэчы, у раёне функцыянуе 60 устаноў культуры, кожная з якіх прама ці ўскосна звязана з сельскай глыбінкай, адкуль і зыходзіць гэта дзіўная песенна-творчая аўра.

Не проста жылося ў ранейшыя часы тутэйшым людзям. Ды і зараз яны змушаны прыстасоўвацца да экстрэмальных умоў: у раёне толькі 10 працэнтаў тэрыторый адносяцца  да сельскагаспадарчых  угоддзяў. Людзі здаўна адваёўвалі тут кавалачкі зямлі — адсюль і слова «паляшук», гэта значыць, поле шукаў. Але, нягледзячы на цяжкасці, мясцовы люд не губляў настрою.  Адсюль і яго музычнасць, і песеннасць. А яшчэ — пакланенне паганскім сімвалам. Напрыклад, і сёння ў вёсках у нас праводзіцца абрад прынясення дароў  «каменнай дзяўчынцы»  (каменнаму ідалу). Ці ўпрыгожвання Маі — заступніцы ўраджаю  ў дзень царкоўнага свята Тройцы. А звычай «жаніцьба коміна», што сімвалізуе сабой яднанне агню і працы, захаваўся тут яшчэ з дапятроўскай эпохі. Вось якія тут моцныя карані народнага фальклору і паданняў!

Гарадскі пасёлак Лельчыцы — чысты, утульны, патанае ў зеляніне дрэў. Тут некалькі кропак грамадскага харчавання, добраўпарадкаваная гасцініца, месцы адпачынку і захапленняў. Развіты прыдарожны сэрвіс.

Словам, прыязджайце, не пашкадуеце. Мы вам заўсёды рады!

В ТЕМУ

ЛЕЛЬЧЫЦКІ РАЁН знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Гомельскай вобласці. Займае 3,2 тысячы квадратных кіламетраў. Пражывае тут 26,4 тысячы чалавек, у тым ліку 10,8 тысячы гарадскога і 15,6 тысячы сельскага насельніцтва.

На тэрыторыі раёна 73 сельскія населеныя пункты, якія аб’яднаны ў 14 сельскіх саветаў. Гарадскі пасёлак Лельчыцы стаіць на рацэ Убарць, што з’яўляецца прытокам знакамітай Прыпяці, апетай яшчэ Якубам Коласам у аповесці «Дрыгва». Дарэчы, усяго па тэрыторыі раёна працякае 24 рэчкі агульнай працягласцю каля 500 кіламетраў.

Тры чвэрці плошчы раёна займаюць лясы, каля 20 працэнтаў — балоты. У гэтых угоддзях можна сустрэць рэдкія віды раслін і жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter