Старажытны малады Слуцк

Горад спраўляе 890-гадовы юбiлей Спрадвеку жыхары Мiншчыны, ды, напэўна, i ўсёй Беларусi, пачуўшы назву гэтага горада, жартуюць: “О, дык у Слуцку ж — усё па-людску!”. Ёсць у тых жартах пэўная доля iронii, але ўсё ж больш — добрай зайздрасцi, бо якi яшчэ беларускi горад можа пахвалiцца тым, што яго вось так хораша зарыфмавала-ўвекавечыла народная мудрасць.

I на тое былi ўсе падставы. За сваю 890-гадовую гiсторыю — а iменна такi важкi юбiлей адзначае горад у гэтыя выхадныя — Слуцк заўжды быў на слыху, прычым гаварылi аб iм i яго насельнiках як аб месцы прыгожым i багатым, як аб людзях мужных i сумленных. Нават слуцкiя жанчыны — для сярэднявечча вялiкая рэдкасць — пакiнулi свой след у гiсторыi. Святая княгiня Соф’я Слуцкая з роду Алелькавiчаў у свае дваццаць з невялiкiм стала сапраўднай цвярдыняй праваслаўя ў родным горадзе i ў час распаўсюджання унiяцтва дабiлася для сваiх падданых каралеўскай прывiлеi малiцца па звыкламу абраду. Настасся, княгiня Слуцкая, пасля смерцi мужа ўзначалiла абарону горада ад крымскiх татар, i выстаяла, i перамагла. Алена Глiнская, прадстаўнiца старажытнага слуцкага роду, нарадзiла ў суседняй краiне лютага бязлiтаснага манарха Iвана Жахлiвага, але ж менавiта пасля яе кiравання ў рускiх народных казках з’яўляецца новы персанаж — Алена Чароўная i Алена Прамудрая...
Гэта з вякоў мiнулых. Але i сёння случчане (цi, як яны самi сябе нярэдка клiчуць, слуцакi) працягваюць горда ўпiсваць сябе i свой горад у гiсторыю сучаснасцi. Слуцкi рэгiён — адзiн з самых развiтых у вобласцi. Паспяхова працуюць прамысловыя прадпрыемствы (аб асобных з iх — расказ у сённяшнiм нумары), сельская гаспадарка дынамiчна развiваецца (сёлетняя ўборачная кампанiя — таму сведчанне). Старажытны малады горад жыве з памяццю пра мiнулае i верай у будучыню. Самае што нi ёсць аптымальнае спалучэнне.
Слуцк у гэтыя выхадныя святкуе дзень нараджэння. Шмат будзе цiкавага i карыснага i для гараджан, i для гасцей: адно гульнявое прадстаўленне “Весялiся, народ!” чаго вартае. Зрэшты, чаму б не весялiцца, калi ў Слуцку — усё па-людску. Няхай яно так i давеку будзе.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter