Старадаўнія ўзоры ў сучасным інтэр’еры

Тымі днямі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна было нязвыкла шматлюдна. Госці з розных куткоў Беларусі, а таксама з Расіі прыехалі сюды, каб пазнаёміцца з прыгожымі вырабамі, якія былі прадстаўлены пад час конкурсу “Млечны шлях ад рук бабулі”. Лепшых за Валянціну Кіеню на конкурсе ткацтва рушнікоў па старадаўніх узорах не знайшлося. Унікальныя вырабы, слава пра якія выйшла далёка за межы краіны, яна робіць штодня. А сакрэт перамогі, па словах майстрыхі, у тым, што яна нарадзілася ў вёсцы і справа, якая многім сёння здаецца дзіўнай, для яе — знаёмая з маленства. “З дзяцінства глядзела, як маці тчэ за кроснамі цудоўныя ўзоры, — узгадвала пасля ўручэння прыза Валянціна Кіеня. — Як пасталела, села за станок сама: ткацтва стала асноўнай справай у жыцці”.
Семежаўская майстрыха Валянціна Кіеня
Тымі днямі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна было нязвыкла шматлюдна. Госці з розных куткоў Беларусі, а таксама з Расіі прыехалі сюды, каб пазнаёміцца з прыгожымі вырабамі, якія былі прадстаўлены пад час конкурсу “Млечны шлях ад рук бабулі”.
Лепшых за Валянціну Кіеню на конкурсе ткацтва рушнікоў па старадаўніх узорах не знайшлося. Унікальныя вырабы, слава пра якія выйшла далёка за межы краіны, яна робіць штодня. А сакрэт перамогі, па словах майстрыхі, у тым, што яна нарадзілася ў вёсцы і справа, якая многім сёння здаецца дзіўнай, для яе — знаёмая з маленства. “З дзяцінства глядзела, як маці тчэ за кроснамі цудоўныя ўзоры, — узгадвала пасля ўручэння прыза Валянціна Кіеня. — Як пасталела, села за станок сама: ткацтва стала асноўнай справай у жыцці”.
Вёска Семежава здаўна вядомая сваімі рушнікамі і паясамі. Некалі яна ўваходзіла ў склад Слуцкага павета. І, па словах дырэктара Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціны Шураковай, цяжка аспрэчыць той факт, што мясцовыя ткачы мелі дачыненне да знакамітых слуцкіх паясоў. Ткацкімі вырабамі ганарацца ў вёсцы і сёння. І сапраўды, тут што ні дом — то музей. Абрусы, дываны, покрывы і нават шторы — усё дагэтуль вырабляецца ўручную гаспадынямі. Так ужо заведзена ў гэтых мясцінах. Дарэчы, у сёлетнім конкурсе побач за кроснамі працавалі і маладыя ткачыхі.
Завіталі туды і майстры з іншых вёсак. Аляксандра Праташчык, напрыклад, прыехала са Старадарожскага раёна. Здзіўляла наведвальнікаў багатай калекцыяй сваіх рушнікоў. Творца прызнавалася, што яе вырабы з задавальненнем выкарыстоўваюць маладыя на вяселлі. А сям’я народных майстроў Дубягаў з вёскі Ізбіна Вілейскага раёна прывезла з сабой шмат паясоў. На конкурсе ўменне іх плесці дэманстравала моладзь.
Майстар з Любані Сяргей Выскварка Між тым, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Выскварка шмат расказваў пра ўнікальную самаробную канструкцыю з драўляных палак. Высветлілася, што гэта станок, з дапамогай якога ткуць паясы на сцяне. Такая незвычайная тэхніка ткацтва раней была вельмі распаўсюджана на Любаншчыне. Сёння ж, на жаль, забытая. Ля незвычайнага станка — цэлая экспазіцыя паясоў, вырабленых па гэтай методыцы. І ўзоры ўражваюць дакладнасцю і выверанасцю формаў. “Адзін такі пояс можна саткаць усяго за шэсць гадзін, — прызнаецца Сяргей Выскварка. — Але спачатку трэба добра папрыктыкавацца…”
Пераняць сакрэты ткацтва ў майстроў былі не супраць многія госці свята. З задавальненнем садзіліся за кросны, беражліва перабіралі рознакаляровыя ніткі. Расказвала пра любімае майстэрства і пераможца конкурсу Валянціна Кіеня. Сярод яе вучняў аказаўся і замежны госць, дырэктар Міжнароднай прафесійнай асацыяцыі гаспадароў аграсядзіб з ЗША Джэй Кэрэн. Адразу ў яго за кроснамі не вельмі атрымоўвалася, і майстрыха казала “Мацней! Мацней!” Нібы зразумеўшы беларускія словы, амерыканец пачаў ткаць хутчэй і, што зусім дзіўна, больш спрытна. А сатканы бела-чырвоны ўзор забраў з сабою, павёз дадому.
З падарункамі, між іншым, засталіся ўсе госці свята. Майстры без шкадавання дзяліліся з імі тканымі вырабамі. “Хай у гарадскіх кватэрах будзе вясковы напамін”, — з усмешкай казала пераможца конкурсу Валянціна Кіеня.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter