Спяваюць усе!

Сёння ў Мальмё раскрыецца галоўная інтрыга «Еўрабачання»

Увечары ў шведскім Мальмё раскрыецца галоўная інтрыга «Еўрабачання-2013»

Прыхільнікі «Еўрабачання» ў чаканні. Увечары ў шведскім Мальмё стане вядомы пераможца конкурсу, выканаўца кампазіцыі, якую прызнаюць на бягучы год лепшай папулярнай песняй Еўропы.

За гэты ганаровы тытул будуць спаборнічаць прэтэндэнты з 26 краін. У іх ліку два дзясяткі канкурсантаў, вызначаных у ходзе адбораў у двух паўфіналах, прадстаўнік Швецыі — пераможца леташняга «Еўрабачання», а таксама шчасліўчыкі з так званай вялікай пяцёркі краін-заснавальніц конкурсу, — Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Іспаніі, якім месцы ў фінале традыцыйна забяспечваюцца аўтаматычна.

У фінале афіцыйны прадстаўнік Беларусі Алёна Ланская выйдзе на сцэну Мальмё-арэны пад нумарам 8, і ў яе выкананні зноў прагучыць кампазіцыя «Solayoh» («Салеа»), з якой спявачка здолела прайсці праз сіта кваліфікацыйнага паўфінальнага раўнда і трапіла ў асноўны тур прэстыжнага шоу.

Нагадаем, конкурсная песня «Салеа» напісана еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінкам і Марцінам Кінгам. Салеа — гэта абстрактная планета шчасця, дзе няма шэрых будняў і ўсё прасякнута энергіяй любові і натхнення, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі, якія вераць у цуды. Гэтая тэма прасочваецца і ў конкурсным нумары Алёны. Дарэчы, абяцаных пасля паўфіналу магчымых перамен у ім не будзе. Карэціроўкі не вітаюцца арганізатарамі шоу, бо ўсё ў ім пралічваецца загадзя, апрача таго, як лічаць прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, нумар Алёны вельмі ўдалы, таму шукаць дабра ад дабра не варта. Так што ўбачым тое ж, што і ў паўфінале: выхад салісткі на сцэну з бліскучага велізарнага дыскабола — сімвала планеты Салеа, ззяючую кароценькую сукенку з праславутымі 70 тысячамі крысталаў Swarovski, запамінальны жэст «ча-ча», двух танцораў, трох бэк-вакалістаў, святлодыёдныя барабаны, успышкі агню, феерверк...

Акрамя шасці вышэзгаданых, сапернікамі Алёны ў фінале будуць выканаўцы з Расіі, Украіны, Даніі, Нідэрландаў, Малдовы, Літвы, Ірландыі, Эстоніі, Бельгіі, Венгрыі, Азербайджана, Грузіі, Румыніі, Нарвегіі, Ісландыі, Арменіі, Фінляндыі, Мальты і Грэцыі.

Ці ўдасца пераспяваць усіх Алёне Ланской? Пачуем сёння. Прамую трансляцыю шоу ў 22.00 пакажуць тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Сама спявачка рабіць прагнозы наконт сёлетняга месца Беларусі ў фінале не бярэцца і конкурс «Еўрабачанне» лічыць непрадказальным. Паводле яе слоў, яна прыкладзе максімум намаганняў, каб годна прадставіць нашу краіну ў конкурсе, верыць у свае сілы, у падтрымку каманды, прыхільнікаў і, канечне, спадзяецца на ўдачу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter