Гэты гарачы жнівень!.. Інакш і не скажаш, знаходзячыся пад уражаннем неймавернай спякоты. Месяц б’е рэкорды самых высокіх тэмператур

Спякота справе не замінае

Гэты гарачы жнівень!.. Інакш і не скажаш, знаходзячыся пад уражаннем неймавернай спякоты. Месяц б’е рэкорды самых высокіх тэмператур за час метэаназіранняў у краіне. І гэта пры тым, што жнівень, як прынята лічыць, вянчае лета. Усё, падавалася б, павінна ісці на спад, але дзе там. Так, пры спякоце нялёгка, аднак сухое ўстойлівае надвор’е — гэта шчасце для аграрыяў у тую пару, калі надышоў час уборкі ўраджаю. А цяпер менавіта гэты час. І інтарэсы справы вышэйшыя за ўсё. Так што як-небудзь пацерпім.



Нягледзячы на лета, і ў палітычным жыцці — высокі градус актыўнасці. У разгары выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта — пятая ў гісторыі суверэннай краіны. Сваё волевыяўленне беларусы змогуць выказаць 11 кастрычніка. Беларусь ніколі не абмяжоўвала колькасці міжнародных назіральнікаў на выбарах. Напрыклад, у 2010 годзе іх было акрэдытавана больш за тысячу. Не менш чакаецца і цяпер. 

Перадвыбарная тэматыка — на старонках часопіса.

Сталіца расійскага Башкартастана некалькі дзён у ліпені жыла вельмі бурным жыццём: там праходзілі саміты БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларусь, як вядома, не ў складзе ШАС і БРІКС, але практычна з усімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у іх, нас злучаюць вельмі цесныя партнёрскія адносіны. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ў плане членства ўяўляе з сябе ў некаторым родзе пашыраную версію Еўразійскага эканамічнага саюза. Пры стварэнні гэтага клуба акцэнт рабіўся на ўзаемадзеянне ў мэтах умацавання рэгіянальнай бяспекі. У далейшым бакі праявілі нямала іншых сфер супадзення інтарэсаў. Перш за ўсё нацэленых на садзейнічанне эканамічнаму развіццю дзяржаў. І паколькі ў гэтых працэсах Беларусь адыгрывае ўсё больш прыкметную і важную ролю, наш удзел у міждзяржаўным дыялогу бачыцца не толькі лагічным, але шмат у чым нават абавязковым. Чытайце публікацыю “Годнае месца ва ўплывовай кампаніі”.

Прагматычная і канструктыўная пазіцыя Беларусі на міжнароднай арэне атрымлівае ўсё большае прызнанне не толькі на Усходзе, але і на Захадзе. У Мінску пабываў дзеючы старшыня Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Івіца Дачыч. У самім факце візіту нічога дзіўнага няма. Наша краіна ўжо 23 гады з’яўляецца паўнацэннай дзяржавай — удзельніцай буйнейшай міжнароднай арганізацыі Еўропы, узаемадзейнічае з яе інстытутамі. Беларусь падтрымлівае замацаваную ў Хартыі еўрапейскай бяспекі прыярытэтную ролю АБСЕ ва ўрэгуляванні канфліктаў у рэгіёне яе адказнасці. Краіна паважае суверэнітэт і дзяржаўную цэласнасць дзяржаў — удзельніц арганізацыі. Як вынік — паслядоўная знешнепалітычная лінія афіцыйнага Мінска на развіццё дыялогу, а таксама ўзважаная пазіцыя краіны па ўкраінскім пытанні пазітыўна ўспрымаюцца і дзяржавамі-ўдзельніцамі, і дзеючым старшынёй АБСЕ. Зрэшты, у публікацыі “Перамены — з’ява прагрэсіўная” гаворка ідзе і пра важнасць рэформаў самой Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Чым больш сустракацца і актыўней весці дыялог, тым бліжэй можна пазнаць адзін аднаго і хутчэй дасягнуць узаемаразумення. Трое амерыканскіх кангрэсменаў упершыню наведвалі нашу краіну. І хоць яны прадстаўляюць розныя палітычныя партыі, у іх склалася адзінае меркаванне пра Беларусь. Яны нават крыху здзівіліся таму, што ўбачылі тут цывілізаваную еўрапейскую дзяржаву, куды больш прагрэсіўную, чым ім уяўлялася. І цяпер гатовыя дапамагчы ў аднаўленні пазітыўнага іміджу краіны ў сябе на радзіме. На думку амерыканскіх палітыкаў, пачатковым этапам гэтага шляху можа быць павышэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва і вяртанне пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі ў Вашынгтон. Амерыканскія кангрэсмены таксама адзначылі ўклад Беларусі ў мірнае вырашэнне канфлікту ва Украіне. Публікацыя “Дыялог наражае разуменне” заснавана на сустрэчы амерыканскіх палітыкаў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Займець інвестара — справа заўсёды выгадная і ўдзячная. Беларусь, асабліва ў апошні час, на самым высокім узроўні заяўляе пра інвестараў як пра жаданых у сябе гасцей. І ў канкрэтных выпадках ім робяцца вельмі прывабныя прапановы, у першую чаргу, па разнастайных ільготах. Усё гэта апраўдана: інвестара трэба зацікавіць, каб ён зрабіў выбар на тваю карысць. У размове за “круглым сталом”, які быў арганізаваны рэдакцыяй, яго ўдзельнікі змаглі абазначыць спрыяльныя ўмовы для работы інвестараў у краіне. 

А спякота, уласна кажучы, справе не замінае, калі яна вартая і прыносіць карысць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter