Беларускія абітурыенты здалі ЦТ па роднай мове

Спрытнасць i ўпартасць — лепшыя з якасцей

«Хопіць вучыць, закрывай кнігу і ідзём», — штурхае сяброўку Юлія Галабурда. Валерыя Налівайка, хвалюючыся, хавае ў сумку даведнік і крочыць услед за Юліяй. Прыблізна праз паўгадзіны дзяўчат чакае тэст па беларускай мове. Разам з імі рашаць заданні першага ў гэтым годзе выпрабавання ЦТ у БДУ прыйшло больш за 800 абітурыентаў. Адны з іх бестурботна прагульваюцца па ўнутраным дворыку ўніверсітэта, смяюцца, другія — не могуць адарвацца ад кніг. 



Валерыя спыняецца: «Стой, я яшчэ раз пра працяжнік паміж назоўнікамі паўтару». Сяброўка цярпліва чакае: «У канцы месяца заканчваем Мінскі каледж бізнесу і права і збіраемся паступаць далей. У нас гэта ўжо другі чэрвень, што пачынаецца з ЦТ». На гэты раз, кажуць, хвалююцца не так моцна. «Усё вывучылі, хіба што працяжнік падвядзе, — жартуе Валерыя, удакладняючы, што тры гады таму асабліва цяжкімі ёй здаліся заданні па пунктуацыі, і адразу ж пераводзіць тэму: — Галоўнае — выспаліся».

Увогуле, сонных тут не назіраю. Хоць у іншых пунктах тэсціравання, якіх у гэтым годзе ў краіне налічваецца 51, такія, напэўна, ёсць. «Мая дзяўчына Віялета казала, за ўсю ноч вачэй не заплюшчыла ні на хвіліну, — усміхаецца Максім Бялькевіч. — Мы і прыйшлі сюды аднымі з першых, было 8.55». Чакаючы сяброўку, ён, студэнт-трэцякурснік, гартае канспект па квантавай хіміі. «Нярвовая гэта справа — тэсты, — працягвае хлопец. — Даводзілася працаваць на ЦТ у якасці арганізатара, рознага наглядзеўся. Здаралася, хлопцы і дзяўчаты замест свайго пашпарта на эмоцыях бралі бацькоўскія. А гэта значыць, усё, праляцеў без бою». 

Абітурыенты тым часам ідуць у корпус. На ўваходзе ў іх правяраюць пашпарты і пропускі. Хаваць дакументы далёка не раяць: перад аўдыторыяй іх неабходна будзе паказаць яшчэ раз. Тут жа прый-дзецца пакінуць сумкі, тэлефоны, кнігі. Ваду, дарэчы, таксама несці з сабой не трэба. Яе выдаюць у аўдыторыі. 

Вікторыя Трусава на тэсты прыехала з сяброўкамі-аднакласніцамі. Куды будзе паступаць, не прызнаецца: «Не ведаю, спачатку здам, а там па балах пагля- джу, куды праходжу». Да ЦТ, гаворыць, рыхтавалася год, прычым без рэпетытара: хапіла і школьных факультатываў. Выбар на карысць беларускай мовы зрабіла таму, што, на думку суразмоўніцы, яна прасцейшая за рускую. 

Чым менш да 11.00 — пачатку тэсціравання, тым больш напружана ў скверыку. 

«Якія інтэрв`ю?! — налятае на мяне жанчына, калі спрабую нешта спытаць у яе сына. — Бачыце, дзіця маральна рыхтуецца».

Маральная падрыхтоўка дзіцятка, якое разы ў два вышэй за сваю маці, заключаецца ў смакаванні марожанага і перапісцы ў сацыяльных сетках.

Апрануты ён гэтак жа вольна — у шорты і сланцы. Дрэс-кода на ЦТ няма. 

А вось Алена Міхайлаўна, маці абітурыенткі Марыі, выглядае зусім спакойнай. «У нас тата за ўсіх перажывае, — усміхаецца яна. — Мы з ім прыехалі са Смалявічаў дачку падтрымаць. Муж так нервуецца, што не змог на месцы сядзець. Сказаў, пайду гуляць, а калі Маша выйдзе, набярыце».

На тое, каб зрабіць сорак тэставых заданняў, у будучых студэнтаў ёсць дзве гадзіны. Але некаторым хапіла і 60 мінут. Адным з першых аўдыторыю пакінуў Аляксей. У свае 22, прызнаецца, ён здае тэсты ўжо трэці год. Ад мэты стаць юрыстам хлопец адмаўляцца не збіраецца. Ён падкрэслівае: «Спрытнасць і ўпартасць — лепшыя з маіх якасцей, так што чакаю вынікаў».

Вынікі тэстаў па кожным прадмеце, удакладнілі ў РІКВ, будуць гатовыя праз 12 дзён. Гэта значыць, пра адзнакі па беларускай мове можна будзе даведацца 26 чэрвеня. А па рускай, якую ў панядзелак пісала прыблізна 54 тысячы чалавек, 27-га. 

У ТЭМУ

Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ, намеснік старшыні прыёмнай камісіі БДУ:

— На тэсты па беларускай мове ў нас запісалася 873 чалавекі, 42 не прыйшлі. Усе абітурыенты паводзілі сябе добра, таму дыскваліфікаваць нікога не прыйшлося. Тым не менш адзін хлопец работу не завяршыў. Яму стала дрэнна, і ён пакінуў аўдыторыю, але ад дапамогі медыкаў адмовіўся. 

Мікалай ФЯСЬКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў:

— З больш чым 24 тысяч абітурыентаў, якія па ўсёй краіне запісаліся на ЦТ па беларускай мове, не прыйшлі 837. Гэты прыблізна 3,5 працэнта, што, калі апірацца на шматгадовую практыку працы з тэстамі, ужо стала нормай. 

У нядзелю ў час тэсціравання былі дыскваліфікаваны два абітурыенты — спрабавалі скарыстацца мабільнымі тэлефонамі. Яшчэ два пакінулі аўдыторыю з-за праблем са здароўем. Яны, у адрозненне ад тых, хто парушыў правілы, змогуць пераздаць тэсціраванне ў рэзервовы дзень.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter