Справы жыццёвыя

Жыхары Міншчыны сталі меней звяртацца ў рэспубліканскія органы дзяржкіравання і СМI...

Жыхары Міншчыны сталі меней звяртацца ў рэспубліканскія органы дзяржкіравання і СМI

Вынікі работы, якая вядзецца ў сталічным рэгіёне па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату», дазваляюць канстатаваць, што звароты грамадзян пачалі больш грунтоўна разглядацца на месцах, хаця праблемных пытанняў яшчэ шмат.

За прайшоўшы перыяд года ў аблвыканкам паступіла 4 тыс. 423 звароты, што на 4 % менш, чым у адпаведным перыядзе мінулага. На 4,2 % скарацілася іх колькасць у райгарвыканкамы і на 16,5 % — у пасялковыя і сельскім выканкамы.У вобласці шмат робіцца для вырашэння жыццёва важных патрэб насельніцтва, гэта прыведзена ў сістэму.

— Як паказаў аналіз, больш зваротаў паступае адтуль, дзе насельніцтву не хапае інфармацыі. Таму на Міншчыне паўсюдна створаны і абнародаваны графікі бягучых і капітальных рамонтаў жылфонду, дарог, добраўпарадкавання тэрыторый. Людзі ведаюць, калі і што будзе рабіцца. Як вынік — ужо некалькі гадоў запар колькасць зваротаў грамадзян па рамонце жылых дамоў пастаянна зніжаецца. Тэндэнцыя працягваецца і зараз, а ў параўнанні, напрыклад, з 2010 годам іх стала менш у 2,5 раза, — каменціруе начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама Аксана Таранда.

Найбольш праблем, што хвалююць грамадзян, па-ранейшаму датычацца сфер дзейнасці ЖКГ і дарожнай гаспадаркі — іх 30 %. Актуальнымі застаюцца жыллёвае будаўніцтва і землекарыстанне, хоць і на гэтыя тэмы зваротаў становіцца менш. А вось найбольш востра зараз гучыць праблема прыватызацыі жылых памяшканняў, дзе перашкодай з’яўляецца адсутнасць тэхпашпартаў і іх рэгістрацыі на шэраг памяшканняў, што знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні ЖКГ, сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў.

Як сведчыць практыка, выніковай работа з грамадзянамі з’яўляецца там, дзе службовыя асобы ідуць у працоўныя калектывы, сустракаюцца з людзьмі па месцы іх жыхарства, адкрыта абмяркоўваюць вострыя пытанні і дапамагаюць іх вырашаць.

— Меркаванне людзей пра дзейнасць дзяржаўных органаў фарміруецца менавіта ў працэсе непасрэднага дыялогу з чыноўнікамі. У гэтым накірунку паказальным з’яўляецца прыклад старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры, які лічыць асабістыя сустрэчы з людзьмі неад’емнай часткай сваёй работы і патрабуе таго ж ад кіраўнікоў рэгіёнаў, ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый. За 9 месяцаў года ён правёў 4 прыёмы грамадзян у аблвыканкаме і 15 — у раёнах, прынята 305 чалавек, — падкрэслівае Аксана Таранда.

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб адзначае, што якасць работы са зваротамі грамадзян у раёнах заўважна павысілася і знаходзіцца пад пільным кантролем аблвыканкама. Аднак не абыходзіцца і без фактаў парушэнняў, за што службовыя асобы нясуць самы строгі адказ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter