Спрадвеку свае.

Беларус і паляк заўсёды адзін аднаго зразумеюць, упэўнены ў Навагрудку, горадзе, дзе спрадвеку мірна ўжываюцца культуры, мовы, рэлігіі.

Беларус і паляк заўсёды адзін аднаго зразумеюць, упэўнены ў Навагрудку, горадзе, дзе спрадвеку мірна ўжываюцца культуры, мовы, рэлігіі.

Ехала ў Навагрудак цёмным марозным ранкам. У аўтобусе разгаварылася з адной пасажыркай. Слова за слова, яна мне і кажа: “Вось пабачыце: у Навагрудку культурныя традыцыі за гісторыю так перапляліся!” І яна мела рацыю: першы ж чалавек, з якім я сустрэлася ў падарожжы па старажытным горадзе, пацвердзіў падабенства культуры і звычаяў народаў — тутэйшых насельнікаў. І была гэта старшыня галоўнага савета Саюза палякаў на Беларусі Ядвіга Лысая.

 Палякі ў Беларусі
Гісторыкі сцвярджаюць, што польская народнасць пачала складвацца ў перыяд фарміравання раннефеадальнай польскай дзяржавы ў ІХ—ХІ стагоддзях. Этнонім “палякі” з’явіўся ў ХІ стагоддзі. Пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі беларускія землі разам з іншымі землямі Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, польскі этнакультурны ўплыў у Беларусі ўзмацніўся. Менавіта ў гэты час прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў і шляхты пачалі прымаць каталіцкую веру або ўніяцтва, разам з пераменай веры мяняючы этнічнае самавызначэнне.
Паводле апошняга перапісу, у краіне жывуць 294 549 палякаў. Большасць з іх пражывае ў заходніх абласцях краіны.

“Заходзьце, калі ласка”, — павітала яна мяне ў Доме польскай культуры і  прапанавала з дарогі пакаштаваць славутую страву нацыянальнай польскай кухні — бігас. Гэта тушаная капуста з кавалачкамі смажанага сала, мяса, каўбасак і цыбуляй. “Больш смачна, калі настоіцца суткі, — гаворыць Ядвіга Станіславаўна. — Кажуць, што гэта жанчыны спецыяльна прыдумалі, каб не гатаваць штодзень. Аднак гэта толькі мужчынскія жарты”.
Увогуле ж польская і беларуская нацыянальныя кухні, як і культуры, шмат у чым падобныя, лічыць спадарыня Ядвіга. Як і беларуская, польская кухня ўвабрала ў сябе асаблівасці еўрапейскай кухні і набыла рысы кухні ўсходніх народаў. Напрыклад, тыя ж каўбасы, стравы са свініны, калдуны, галубцы можна сустрэць на стале ў кожнай беларускай хаце.
Свята ў Варшаве-Дубровіцы
Паляк заўсёды зразумее мову беларуса, упэўнена Ядвіга Станіславаўна. Пра гэта палякі Навагрудчыны імкнуцца расказаць кожнаму, хто завітвае на іх традыцыйныя раённыя святы з замежжа. А гэта і свята польскай паэзіі, якое ладзіцца штогод ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. Дарэчы, летась у ім перамаглі Аляксандр Сіневіч і Марк Лысы. Удзельнічаюць у ім не толькі дзеці, але і дарослыя. Напрыклад, Таццяна Супрановіч і Мечыслаў Пракарым.
“Наша задача — захоўваць традыцыі, якія засталіся нам у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў, — расказвае Ядвіга Лысая. — Больш за сотню чалавек збіраецца на нашы вячоркі. Песні спяваем на польскай і беларускай мовах. На Вялікдзень праводзім конкурс яек-пісанак. Асабліва нашым замежным сябрам падабаецца свята вёскі Дубровіца, дзе кампактна пражываюць палякі. Па гэтай прычыне гэту вёску мясцовыя жыхары між сабою некалі называлі Варшавай. Не застаюцца па-за святам і беларусы. З гэтым у нас паразуменне. У час каталіцкага свята ніводзін праваслаўны не будзе секчы дровы або гной з хлява вывозіць. І наадварот, калі беларусы святкуюць, мы таксама да іх далучаемся”.
Пакуль мая субяседніца вядзе няспешную размову, за сцяной ужо чуваць песні, з якімі мясцовыя калектывы “Свіцязянка”, “Навагрудскія крэсавянкі” паедуць на фестываль нацыянальных культур у Гродна: “Чэрвона каліна ягоды радзіла, / Малада дзевчына ўлана любіла,/ Улана любіла, улана кохала,/ Она до ўлана дробны ліст пісала”.
Дзе вучыўся
Адам Міцкевіч
Удосталь наслухаўшыся польскіх песень і аповедаў пра мясцовыя святы, спадарыня Ядвіга прапануе мне прайсціся да Фарнага касцёла. Вуліца 1 Мая скіроўвае ўбок, і вось мы стаім ля велічнага храма. Яго ў 1395 годзе заснаваў вялікі князь Вітаўт. Дакранаюся да белай каменнай сцяны, а перад вачамі — постаць сямідзесяцігадовага караля Польшчы Ягайлы. Вось да гатычнага храма пад’ехаў вясельны поезд. Першая карэта — сямідзесяцігадовага караля Польшчы Ягайлы, другая — шаснаццацігадовай княжны Соф’і Гальшанскай. Трэці шлюб Ягайлы даў яму трох сыноў і стаў пачаткам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якія правілі ў шэрагу краін амаль дзвесце гадоў. Магутныя сцены касцёла, здаецца, дыхаюць гісторыяй. У 1712 годзе храм быў адбудаваны нанова. У ім у 1779-м быў ахрышчаны беларуска-польскі паэт Адам Міцкевіч. Вучыцца будучы заснавальнік польскага рамантызму пайшоў у дамініканскую школу пры касцёле Святога Міхаіла. Пра гэта ў Навагрудку ведае кожны школьнік. У Фарным касцёле захоўваюцца мошчы адзінаццаці сясцёр-назарэтанак, якія ў час нацысцкага тэрору здзейснілі подзвіг — ахвяравалі сабой дзеля жыццяў жыхароў Навагрудка. Цяпер сёстры-мучаніцы прылічаны да ліку блажэнных, а для саміх навагрудчан з’яўляюцца ўзорам любві і справядлівасці ў барацьбе са злом.
“Звычайна гісторыю Навагрудка пачынаюць з часоў князя Міндоўга, — адзначае спецыяліст аддзела ідэалогіі Навагрудскага райвыканкама Іван Грынь. — Аднак даміндоўгаўскі перыяд не менш цікавы. Па звестках гісторыка і археолага Фрыды Гурэвіч, тут жылі знакамітыя майстры па апрацоўцы каляровых металаў. Існаваў цэлы квартал рамеснікаў. І тое, што ў іх дамах меліся зашклёныя вокны, гаворыць пра высокі ўзровень іх майстэрства. Тады, у ХІІ стагоддзі зашклёныя вокны былі толькі ў кіеўскіх храмах. Навагрудак, знаходзячыся на перасячэнні гандлёвых шляхоў, быў прывабным цэнтрам. Таму шмат цярпеў ад нападаў крыжакоў, якія хацелі захапіць квітнеючы горад. Навагрудак вядомы яшчэ і як важны духоўны цэнтр. У часы ВКЛ ён быў цэнтрам праваслаўнай Навагрудска-Літоўскай мітраполіі і прэтэндаваў на кананічную ўладу над усёй Кіеўскай мітраполіяй. Потым з’явіліся місіянеры каталіцкіх ордэнаў”.
Людзі розных нацыянальнасцей, што спрадвеку жылі на гэтых землях, і цяпер жывуць у міры і згодзе. Больш ніводзін рэгіён Беларусі не зможа пахваліцца такой колькасцю святых. У сонме святых — прападобны Елісей Лаўрышаўскі, заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра пачатку ХІІІ стагоддзя, што на Навагрудчыне; свяшчэннамучанік Кіпрыян Клімуц, прасвітар Ятранскі, які за веру прыняў пакутніцкую смерць у канцлагеры. Авеяна легендамі і постаць мусульманскага святога Контуся, які пры жыцці мог цудадзейным спосабам у адно імгненне перанесціся з вёскі Лоўчыцы, дзе і зараз стаіць мячэць, у Мекку. Адметнасць Навагрудка не толькі ва ўменні яднаць пад сваім крылом прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Праваслаўныя, каталіцкія святыні, якія захоўваюцца ў мясцовых храмах, — агульны гонар і здабытак для будучых пакаленняў.
Вярталася з Навагрудка, а ў вушах усё гучала польская народная песня пра чырвоную каліну: “Едзе улан, едзе, /конь пад ім харцуе,/ А яго дзевчына буцічэк шнуруе”. І адразу ўзнікла асацыяцыя з беларускай “У суботу Янка ехаў ля ракі”. Памятаеце, “пакажы, Алёна, хлопцу, земляку, /дзе тут пераехаць на кані раку”. І гэта не адзінае пацвярджэнне таго, як цесна пераплецены культуры беларускага і польскага народаў. У гэтым і ёсць сакрэт мірнага пражывання палякаў і беларусаў на працягу стагоддзяў на адной тэрыторыі.

 Смачна есці
Наліснікі
Разбіўшы ў каструлю 3 яйкі, уліць 3 сталовыя лыжкі малака, усыпаць 6 сталовых лыжак мукі, добра перамяшаць, затым пакласці 1 сталовую лыжку цукру, 2 чайныя лыжкі солі, 3 сталовыя лыжкі падагрэтага сметанковага масла, уліць яшчэ 2 шклянкі малака і перамяшаць. Выпякаць на добра разагрэтай патэльні, змазваючы шматком сала або топленым маслам. У гэтыя блінцы можна закруціць тварожную масу з ванілінам альбо любую іншую начынку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter