Спрадвеку свае

На Астравеччыне, калі загаворыш па-польску — і табе адкажуць на польскай мове. Скажаш слова па-літоўску — таксама прымуць як сваюАстравецкі раён, калі глядзець на карту Гродзеншчыны, знаходзіцца быццам на востраве. Але дастаткова там хоць аднойчы пабываць, і ўпэўнішся, што гэта зусім не адпавядае рэальнасці. Раённы цэнтр прыгажэе на вачах, растуць як грыбы пасля дажджу аграгарадкі. У згодзе працуюць тут людзі розных нацыянальнасцей. На памежжы, калі загаворыш па-польску — і табе адкажуць на польскай мове, скажаш слова па-літоўску — таксама прымуць як сваю. Астраўчане паважліва ставяцца да сваіх традыцый і не ўяўляюць жыцця без мілых іх сэрцу краявідаў.

Вадзіцель, што падвозіў мяне з поезда, так разважаў:
— Нават у час сваркі суседкі не папікаюць адна адну: ты, маўляў, полька, а я — украінка. Дарэчы, пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС да нас шмат украінцаў прыехала. А палякі, літоўцы побач з беларусамі і наогул тут спрадвеку жывуць...
“Поле бацькава, матчына мова І буслова над хатай жытло...”
Тэрэса Мароз, якая сёння ўзначальвае мясцовае аб’яднанне Саюза палякаў на Беларусі, нарадзілася на Смаргоншчыне ў этнічнай польскай сям’і. “Але дома мы заўсёды размаўлялі па-беларуску, — расказвае Тэрэса Мацвееўна. — Ды і на сямейных святах спявалі і польскія, і беларускія народныя песні. Паколькі ў той час польская нацыянальнасць у пашпарце не адзначалася, мне прыйшлося даказваць яе праз суд. Але, нягледзячы на адзнакі ў пашпарце, адчуваю вялікую повязь з зямлёю, дзе ўзрасла, дзе сустрэла сваё каханне, дзе нарадзіліся мае дзеці. Мой муж, дарэчы, беларус. І я таксама напалову адчуваю сябе беларускай”.
Дзве сферы, якія фарміруюць духоўны свет чалавека, вызначаюць яго памкненні, — гэта рэлігія і культура. На Астравеччыне мясцовыя ўлады робяць усё магчымае для таго, каб задаволіць патрэбы нацыянальных суполак у асобных памяшканнях, дзе можна было б размясціць бібліятэчку, рыхтавацца да культурных мерапрыемстваў. Магчыма, у хуткім часе для гарадскіх нацыянальных аб’яднанняў будзе адведзены стары будынак Дома культуры, які плануюць адрамантаваць.
“У раённым аб’яднанні Саюза палякаў на Беларусі, які існуе ў раёне больш як дзесяць гадоў, зарэгістравана 98 чалавек, — расказвае Тэрэса Мароз. — Насамрэч на Астравеччыне людзей, якія адносяць сябе да палякаў, значна больш. Але вызначэнне нацыянальных асаблівасцей для нас гэта, хутчэй, спосаб захаваць свае традыцыі, культуру. Запісваліся ў яго тыя, хто хацеў аб’яднацца, асабліва ў вёсках”. Усе нацыянальныя суполкі сябруюць паміж сабой і ладзяць абменныя міні-гастролі ў школах раёна, удзельнічаюць у традыцыйным фестывалі “Песні Памежжа”.
На Астравеччыне, пэўна, больш чым дзе сумежных шлюбаў. Гэта, бадай, адзін з першых фактараў у перапляценні розных культур. Полькі без шкадавання расстаюцца са сваімі дзявоцкімі прозвішчамі, выходзячы замуж за беларусаў. Бывае, што Тэрэсы (гэта, напэўна, самае распаўсюджанае жаночае імя ў астравецкіх палякаў) самі “перахрышчваюцца” ў тых жа Таццян.
Польская і беларуская культуры шмат у чым падобныя, лічыць Тэрэса Мацвееўна. Паляк заўсёды зразумее мову беларуса. Многія дзяржаўныя і культурныя дзеячы ў XVI—XIX стагоддзях былі палякі. Сярод іх найбольш вядомыя Кішкі, Патоцкія, Сапегі, Хадкевічы, Ваньковічы, Агінскія. Беларускімі палякамі былі Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры.
Сёння ў Астравецкім раёне дзейнічае 15 рэлігійных арганізацый трох канфесій. Самая вялікая з іх — рымска-каталіцкая царква, якая прадстаўлена трынаццацю рэлігійнымі суполкамі. Столькі ж на Астравеччыне і касцёлаў. Напэўна, самы ўражальны —- касцёл Святой Тройцы, што ў мястэчку Гервяты, дзе па ідэі ксяндза Леаніда Несцюка была пачата рэстаўрацыя храма, а вакол яго быў разбіты дэндрапарк са скульптурамі і рэдкімі раслінамі. Але я накіравался ў не менш цікавыя мясціны.
У госці да быстрыцкіх бабуль
Апошнія дні незвычайна цёплай зімы Быстрыца сустракае вялікімі лужынамі і дробнымі кроплямі дажджу. Гэта паселішча зараз мае статус вёскі, хоць раней значылася мястэчкам.
Касцёлу Узнясення Святога Крыжа, што ў Быстрыцы, ужо сёмае стагоддзе. І тут, як успамінаюць быстраўчанкі, салісткі мясцовага фальклорнага гурта Станіслава Віюк, Яніна Сымановіч і Марыя Макевіч, назначаліся першыя спатканні з каханымі. Бабулькам зараз ужо пад восемдзесят. Нямала гора прыйшлося спазнаць ім на сваім вяку, але яны не старэюць душою. Нават зараз, калі іх дзеці перабраліся ў горад, а мужы пайшлі з жыцця, не адчуваюць сябе адзінокімі — кіпіць культурнае жыццё на Астравеччыне, без быстрыцкіх спявачак складана ўявіць любое раённае свята.
Ля сонечна-жоўтых сцен касцёла мяне вітае ксёндз Уладзіслаў Гжэгорэк. Нарадзіўшыся ў польскім горадзе Лодзь, ён прыехаў сюды на службу па просьбе змяніць быстрыцкага ксяндза, пакуль той хварэў. Але той неўзабаве памёр, а Уладзіславу нічога не заставалася, як застацца ў вёсцы. “Мне падабаецца Беларусь, — прызнаецца ксёндз. —Тут людзі добрыя, цярплівыя, маляўнічая прырода, чыстае паветра”. Штогод ксёндз сваімі рукамі прыбірае тэрыторыю вакол касцёла. І зараз, нягледзячы на мокрую вясну, вакол храма бездакорная чысціня. Ксяндзу Уладзіславу ўжо 75 гадоў, але на ўзрост ён не звяртае ўвагі. Штодзень ходзіць пешшу ўздоўж ракі, любіць нешта смачнае і арыгінальнае прыгатаваць.
У польскай нацыянальнай кухні, дарэчы, прысутнічаюць элементы кулінарных традыцый народаў, якія не адно стагоддзе жылі побач з палякамі. На Астравеччыне асабліва любяць гатаваць стравы з грыбамі. Так, напрыклад, на калядную куццю ў кашу абавязкова дабаўляюць грыбы, расол квашанай капусты, смятану. Калі гатуюць клёцкі, кісялі, дык таксама абавязкова грыбныя.
Сэрцы, з’яднаныя лёсам
Сям’і Шырынскіх складана не зайздросціць. Спаткаць адзін аднаго ім наканавана было лёсам. Этнічны паляк Уладзімір Здзіслававіч нарадзіўся і вырас ў Астраўцы, а беларуска Таццяна Васільеўна прыехала з Магілёўскай вобласці ў гарадскі пасёлак па размеркаванні працаваць бібліятэкарам. Адразу зразумелі, што яны створаны адзін для аднаго. Цяпер, калі разам Шырынскія ўжо больш за трыццаць гадоў, аб першых пачуццях ім гаварыць складана. “Каханне за такі доўгі час перарастае ў нешта большае, — тлумачыць Уладзімір Здзіслававіч. — Людзі становяцца роднымі. Якая б другая з малым дзіцем паехала за мужам на Камандорскія астравы? А Таццяна ніколькі не сумнявалася. Там, за Камчаткай, мы пражылі пятнаццаць гадоў”.
Уладзімір у сваю чаргу прызнаецца, што паклікала яго туды жаданне спаўна спазнаць сваю прафесію. Як-ніяк ён — майстар рыбнага промыслу. Але доўга жыць далёка ад Беларусі было не змаглі, хацелася мець свой дом на Радзіме. “Я ж местачковы! — з гордасцю падкрэслівае гаспадар. — Мяне заўсёды ўражвала: маленькі такі Астравец, а ў ім — два касцёлы. Душа радуецца, калі бачыш, што сёння наш родны пасёлак набыў “другое дыханне”. Кіруюць раёнам прагрэсіўныя людзі, якія могуць арганізаваць справу і паказаць перспектыву. Дзякуючы ім Астравец набывае абноўлены выгляд. Адкрываюцца новыя магазіны, дыска-клуб нядаўна з’явіўся, кажуць, хутка наш стадыён будзе з крытымі трыбунамі, душавымі кабінкамі. А я ж — лёгкаатлет. Быў нават чэмпіёнам Гродзенскай вобласці па скачках з шастом. Таму для мяне гэта таксама немалаважна. Не баіцца сюды ехаць жыць і працаваць моладзь...”
Шырынскім удалося ажыццявіць сваю мару. Яны набылі надзел зямлі, дзе некалі размяшчаліся азёры, пра багацце якіх даўней ведалі нават у Вільні. Потым яны сталі балотамі, але Уладзімір іх аднавіў. Цяпер у іх свой бізнес — некалькі прадуктовых магазінаў у райцэнтры. “Галава ў нашай сям’і — мужчына, — гаворыць Таццяна. — Але я для яго хутчэй не “шыя”, не памочніца, а паплечнік. Прыйшлося дзеля сямейнага бізнесу перакваліфікавацца ў эканаміста. На мне ў магазінах — уся фінансавая частка работы”.
Уладзімір Здзіслававіч чалавек нераўнадушны да таго, што адбываецца побач. Дзякуючы і яго матэрыяльнай падтрымцы быў адрэстраўраваны Троіцкі касцёл у Гервятах. “Я люблю радзіму, людзей, што жывуць на гэтай зямлі”, — гаворыць мой субяседнік.
...Ад’язджала з Астраўца з часцінкай цеплыні, якую падаравалі мне мясцовыя людзі. Шкада, што разам з намі падчас творчай вандроўкі па раёне не было таго вадзіцеля, што падвозіў мяне з чыгуначнай станцыі. Я яму абавязкова расказала, што прыязджала ў Астравец недарэмна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter