Ураджэнка Полаччыны Анастасія Сазанкова, якая жыве ў Даўгаўпілсе, напісала паэму пра знакамітую зямлячку на беларускай мове

Спасціжэнне Рагнеды

Ураджэнка Полаччыны Анастасія Сазанкова, якая жыве ў Даўгаўпілсе, напісала паэму пра знакамітую зямлячку на беларускай мове

sazankova.pngСёлета паэма “Рагнеда” выйшла асобнай кніжкай. Ідэя ж напісаць твор пра дачку вялікага полацкага князя Рагвалода ў Анастасіі Сазанковай з’явілася ў 2002 годзе. Захацелася ўславіць зямлячку, бо і спадарыня Анастасія родам з Полаччыны, з вёскі Залессе: нарадзілася там 30 жніўня 1930 года. Дарэчы, пад тэкстам паэмы ў інтэрнэце ёсць дакладныя дата і месца яго напісання: “5. 08. 2002 г., г. Даўгаўпiлс”. Некалькі ўрыўкаў з паэмы друкаваліся ў рыжскай беларускай газеце “Прамень”, у зборніку паэзіі беларусаў Латвіі, што выйшаў у Рызе ў 2006-м пры падтрымцы Саюза беларусаў Латвіі.

Анастасія Сазанкова — ветэран беларускага руху ў Даўгаўпілсе, размяняла дзявяты дзясятак гадоў, аднак яе жыццёвую актыўнасць можна і маладым ставіць у прыклад. Піша карціны, вершы, выдае свае кнігі. Летась выйшаў зборнік яе вершаў “Бярозка на ветры”, сёлета — паэма, рыхтуецца кніга пра гаючыя травы. Пра ўдзел Анастасіі Аляксандраўны ў шэрагу гарадскіх мерапрыемстваў сведчаць шматлікія здымкі на старонках гарадскіх газет. Нядаўна ў будынку Даўгаўпілскай гарадской Думы святкавалі 10-годдзе Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі — былі там і карціны А. Сазанковой. Цяпер у Асацыяцыі амаль 20 мастакоў, сярод іх і наша зямлячка. Першая іх сумесная выстава была ў 2004 годзе, пазней выставы ладзіліся ў бібліятэках Даўгаўпілскага краю. Напрыклад, у Калкунах — гэта найбліжэйшы да горада мікрараён. І заўсёды там былі карціны Анастасіі Сазанковай.

ragneda.pngУ дар бібліятэкам пасля выстаў, сустрэч з мастакамі застаюцца кнігі. Кіраўнік Асацыяцыі Марыя Сафронава падарыла нам свае кнігі “Мудрасць стагоддзяў” і “Калі мы былі маладыя”, Анастасія Сазанкова — “Спявай са мной”, “Бярозка на ветры”, “Сведка”. М. Сафронава ўваходзіць у Асацыяцыю рускіх пісьменнікаў Латвіі, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Анастасія Аляксанд­раў­на па першай адукацыі ўрач-тэрапеўт, па другой — мастачка, яшчэ піша вершы і актыўна прапагандуе гаючыя травы, рыхтуе кнігу пра іх. Спявала ў гурце “Купалінка” беларускага таварыства “Уздым”, выступае ў самадзейным тэатры Асацыяцыі мастакоў.

Паэма “Рагнеда” — сведчанне таго, якое цікавае духоўнае жыццё ў яе стваральніцы. Да нас дайшло мала звестак, ды й тыя супярэчлівыя, пра жыццё князёўны-палачанкі, якая калісьці стала ахвярай жорсткай палітычнай барацьбы за ўладу. Паэтычнае асэнсаванне лёсу жанчыны, што перажыла страту блізкіх, змушана была стаць жонкаю князя-заваёўніка, само паглыбленне ў рэаліі таго часу — усё гэта заслугоўвае павагі.

Таццяна Бучэль, г Даўгаўпілс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter