
На вуліцах сёння ўсё больш дзяцей, якія нагадваюць калабкоў, у іх шмат праблем са здароўем. А тым часам усе тканкі і органы фарміруюцца ў канчатковым выглядзе з «будаўнічых матэрыялаў», якія трапляюць у арганізм з ежай.
Перакусіць паміж тэрміновымі справамі сёння распаўсюджаная з’ява. У меню — бутэрброды, піражкі, булачкі, сасіскі ў цесце, піца, хот-догі, гамбургеры, бульба фры, чыпсы і бульбяное пюрэ хуткага прыгатавання накшталт «Ролтана», а таксама сухія сняданкі, палачкі, фігурныя вырабы з кукурузы, зерневыя пліткі. Урачы і дыетолагі спрабуюць навучыць людзей розуму: лішак хуткіх вугляводаў перагружае падстраўнікавую залозу, што прыводзіць да значнага вагання ўзроўню цукру ў крыві. У выніку чалавек зведвае непрыемныя адчуванні, яму зноў хочацца есці, ён робіцца раздражнёным, у яго ўзнікае галаўны боль, а працаздольнасць падае. Акрамя таго, пастаянная перагрузка падстраўнікавай залозы можа прывесці да развіцця цукровага дыябету.
Не варта забываць, што такая ежа вельмі каларыйная. Яна ўтрымлівае шмат тлушчаў і мала вітамінаў і прыводзіць да хуткага набору масы цела. Але бацькі, замест таго каб хаця б абмежаваць гэткую ежу ў рацыёне дзяцей, наадварот, заахвочваюць іх за добрыя паводзіны ці вучобу паходам у той жа «Макдональдс». А ўранку замест таго каб прыгатаваць школьніку на сняданак кашу сыплюць яму ў талерку разрэкламаваныя хрусткі.
Сёння інфармацыі дастаткова, толькі чамусьці дарослыя не хочуць яе шукаць і ўспрымаць. Галоўны санітарны ўрач Беларусі нядаўна агучыў нечаканы факт: злоўжыванне прадуктамі, якія ўтрымліваюць шмат хуткіх вугляводаў, змяняе абменныя працэсы ў арганізме такім чынам, што на гэтым фоне больш хутка фарміруецца залежнасць ад алкаголю. А гэта значыць, што заахвочваючы дзіця піцамі і гамбургерамі неўзабаве можна сутыкнуцца з праблемай алкагольнай залежнасці, якая вельмі няпроста лечыцца. А гэта ўжо не жартачкі...
Вера ШАТАЛАВА, Мінск