Сольны нумар

На конкурсе танцораў «Еўрабачанне» беларуска выступіць пад № 2

Беларусь упершыню прымае ўдзел у конкурсе маладых танцораў «Еўрабачанне-2013».

На конкурсе маладых танцораў «Еўрабачанне-2013», які адбудзецца 14 чэрвеня ў польскім Гданьску, беларуская ўдзельніца Яна Штангей выступіць пад другім нумарам, паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. Жараб’ёўка прайшла 10 чэрвеня. На сцэне Дзяржаўнай Балтыйскай оперы сольны танец канкурсанты прадставяць у наступным парадку: Арменія, Беларусь, Нідэрланды, Швецыя, Украіна, Чэхія, Польшча, Нарвегія, Славенія, Германія.

Нагадаем, кожны ўдзельнік выканае самастойна абраны танец. 18-гадовая Яна Штангей, навучэнка 3-га курса Беларускага харэаграфічнага каледжа, выканае варыяцыю Эсмеральды з аднайменнага балета па матывах рамана Віктора Гюго «Сабор Парыжскай Божай Маці» на музыку Цэзара Пуні — Рыкарда Дрыга.

Далей у шоу будзе прадстаўлены аднолькавы групавы танец двух груп, пастаноўку якога ажыццяўляюць харэографы конкурсу. У адной групе з Янай — прадстаўнікі Нідэрландаў, Швецыі, Арменіі і Украіны. Па выніках сольных выступленняў і групавых танцаў прафесійнае журы выбірае з кожнай групы двух фіналістаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Яны выканаюць танец-«дуэль», і сярод іх будзе вызначаны пераможца конкурсу. Імправізаваны танец-«дуэль» Яна рэпеціруе з прадстаўніком Нідэрландаў.

Прамую трансляцыю 15-га конкурсу маладых танцораў «Еўрабачанне-2013» будзе весці тэлеканал «Беларусь 1».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter