“Соль таму ў вочы, хто дабра нам не хоча”

Соль — даволі незвычайны прадукт у жыцці чалавека. Соллю зямлі ў народзе звалі рамеснікаў, сапраўдных знаўцаў сваёй справы, людзей, якія здзейснілі подзвіг і г.д. Акрамя таго, што соль надае ежы пэўны смак, яна з’яўляецца абавязковым атрыбутам шматлікіх сямейна-родавых абрадаў і святаў. Паўсюдна лічыцца, што нячыстая сіла баіцца солі. У народнай культуры славян соль таксама выконвала ролю надзейнага абярэга.

Жанчыне, якая толькі нарадзіла дзіця, бабка-павітуха націрала соллю лоб, тым самым жадаючы зберагчы яе ад сурокаў. Перад парогам хаты бацькі сустракалі маладых хлебам-соллю. Паўсюдна такі пачастунак, як хлеб-соль, сімвалізаваў сяброўскія адносіны паміж людзьмі.
Рытуальна прыгатаваная соль захоўвала хату ад бед і няшчасцяў. З солі “рабілі” абярэгі для людзей і жывёлы. Напрыклад, для дзіцяці шылі невялікі мяшэчак з чырвонай тканіны і засыпалі ў яго некалькі драбінак чацвярговай (асвечанай на Чысты чацвер) солі. Насіць такі абярэг неабходна было на грудзях.  
Адным са сродкаў лячэння хатняй жывёлы лічылі невялікія жытнёвыя “калабкі”, у якія абавязкова замешвалі чацвярговую соль.
На працягу шматлікіх стагоддзяў соль была вельмі каштоўным мінералам, таму да яе ставіліся ашчадна і паважліва. Рассыпаць соль — значыць нанесці сям’і пэўную страту, якая не можа не прывесці да сваркі. Акрамя таго, лічылі, што гэта пануе нячыстая сіла і жадае знішчыць надзейны абярэг хаты. Каб адвесці бяду, трэба было некалькі драбінак солі пакласці сабе на галаву, кінуць іх праз левае плячо.
На працягу года было некалькі дзён, калі можна і неабходна было прыгатаваць рытуальную соль. Адным з такіх дзён быў Чысты чацвер, а таксама дзень ушанавання святой Агаты, калі ў цэрквах хлеб асвячалі разам з соллю, якія потым захоўвалі ў хаце як надзейны сродак ад пажару.
У той жа час у пэўных сітуацыях неабходна было гатаваць ежу без ужывання солі. Не салілі хлеб, які гатавалі на жалобны стол ці ў дні ўшанавання продкаў на Дзяды. З надзеяй на дапамогу продкаў пяклі праснакі для хатняй жывёлы. На Раство разам з блінамі таксама пяклі праснакі і захоўвалі іх да Вадохрышча. Пасля таго, як несалёныя праснакі асвячалі вадой, іх давалі з’есці хатняй жывёле. Усе гэтыя дзеянні былі накіраваны на тое, каб яна (жывёла) была здаровая і пладавітая. У тыя дні, калі “задобрывалі” дамавіка, яму рыхтавалі кашу без солі.
У адносінах да солі існаваў шэраг забаронаў і правілаў:
* нельга браць соль з сальніцы пальцамі.
*  нельга тыцкаць лусту хлеба ў сальніцу;
* нельга кідаць соль у вогнішча — да сваркі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter